ЗО́МБАРТ ((Sombart) Вернер) (19.1.1863, г. Эрмслебен, Германія — 18.5.1941),
нямецкі эканаміст, сацыёлаг і гісторык, філосаф культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі «арганізаванага капіталізму». У 1890 праф. у Вроцлаве, з 1906 — у Берліне. Працы З. прысвечаны даследаванню эканам. гісторыі Зах. Еўропы, у прыватнасці, узнікненню капіталізму, праблемам сац. стратыфікацыі і сац. мабільнасці. З. распрацаваў катэгорыю «эканамічнай сістэмы» ў сэнсе акрэсленай цэласнасці, якая ўключае спецыфічныя эканам. ін-ты, што ў сваю чаргу з’яўляюцца ўвасабленнем «духу грамадства». Вядучая ідэя яго творчасці — ідэя аб паступовай мірнай эвалюцыі капіталізму ў грамадства «сацыяльнага плюралізму», дзе доўгі час побач суіснуюць элементы капіталізму і сацыялізму. Асн. працы З.: «Сацыялізм і сацыяльны рух у 19 ст.» (1896), «Будучыня капіталізму» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯВА́НЫЯ О́РГАНЫ,
выдзеленыя з арганізма жывёл і чалавека (донара ці трупа) часткі цела, змешчаныя ў штучнае пажыўнае асяроддзе, дзе часова захоўваюць асн. функцыянальныя ўласцівасці. Нарыхтоўку І.о. робяць у спецыялізаваных мед. установах; створаны банкі І.о., тыпіраваныя па імуналагічнай сумяшчальнасці. Існуюць розныя метады кансервавання І.о.: замяшчальны (прапусканне крыві ці спец. раствору праз орган — апаратная перфузія); прыгнечання абмену рэчываў (ахаладжэнне да 0 °C у вадкім і цвёрдым асяроддзі, замарожванне); камбінаваны (штучная дастаўка ці зніжэнне патрэбнасці органа ў кіслародзе і пажыўных рэчывах). Ізалююць цэлыя органы (ныркі, печань, сэрца, канечнасць) і іх часткі (перыкард, клапаны сэрца, крывяносныя сасуды, нервы, кроў). Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах у фізіялогіі, біяхіміі, паталогіі, для перасадкі органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫГА́ТАР (ад лац. instigo узбуджаю, прымушаю),
пасада (урад) у ВКЛ і Польшчы. 1) Выконваў функцыі гал. пракурора дзяржавы. У Польшчы ўведзены ў 1557. У ВКЛ упершыню згадваецца ў 1565, з 17 ст. меў намеснікам віцэ-інстыгатара. З 18 ст. дыгнітарская (прыдворная) пасада. Выступаў па ўсіх справах, неакрэсленых у праве. Засядаў у судах асэсарскім (з правам дарадчага голасу) і рэферэндарскім, падпарадкоўваўся канцлеру.
2) Трыбунальскія І. — судовыя ўраднікі ў Трыбунале каронным (з 1578) і Трыбунале Вялікага княства Літоўскага (з 1581). Прызначаліся маршалкам Трыбунала. Падзяляліся на скрынкавых І., якія падтрымлівалі абвінавачванне і бралі плату ад бакоў, і І. бяспекі, якія падтрымлівалі парадак у будынку Трыбунала і ў горадзе, дзе праходзіла яго сесія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН ЮВЭ́Й (19.3.1858, пав. Наньхай, прав. Гуандун, Кітай — 31.3.1927),
кітайскі паліт. дзеяч і сац. філосаф. Апіраўся на ідэі канфуцыянства, але імкнуўся да мадэрнізацыі краіны і ўвядзення канстытуцыйнай манархіі. У 1898 заснаваў партыю рэформ Баахагой (Саюз абароны дзяржавы). Падтрыманы маладой кіт. інтэлігенцыяй і імператарам Гуансюем, у час «ста дзён рэформ» 1898 адм. шляхам праз выданне ўказаў ад імя імператара зрабіў спробу рэалізаваць праграму рэформ (удасканаленне дзярж. апарата, сістэмы асветы, рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы і інш.). Пасля задушэння рэфарматарскага руху імператрыцай Цысі эмігрыраваў. Як прыхільнік манархіі выступаў супраць рэвалюцыі 1911—13. Аўтар трактата «Кніга аб Вялікім Яднанні» (1887), у якім даў утапічную канцэпцыю будучага свету, дзе, на яго думку, не будзе месца прыватнай уласнасці і сац. няроўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЗЮ́К (Віктар Іванавіч) (н. 4.4.1945, в. Петрашунцы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1994), праф. (1995). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1966), дзе і працуе з 1967, з∙1996 прарэктар. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях з частковымі вытворнымі. Распрацаваў метад энергетычных няроўнасцей і аператараў асярэднення пераменнага кроку, на пад ставе чаго даследаваў на вырашальнасць шэраг гранічных задач матэм. фізікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Метод энергетических неравенств и операторов осреднения // Вестн. БГУ. Сер. 1. Физика. Математика. Информатика. 1996. №: Граничная задача для уравнения Манжерона третьего порядка // Дифференциальные уравнения. 1997. Т. 33, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЛІ,
гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст.Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТУ́Ш (франц. cartouche ад італьян. cartoccio літар. скрутак, мяшочак),
скульптурнае ці графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс. Адзін з найб. пашыраных дэкар. матываў у еўрап. мастацтве 15—19 ст. На Беларусі вядомы з 16 ст. У ліку першых К. гравюры з відамі Гродна Г.Адэльгаўзера, Нясвіжа і Клецка — Т.Макоўскага і інш.
Найчасцей выкарыстоўвалі ў арх. дэкоры (змяшчалі над параднымі ўваходамі ў палацы, дзе часта падтрымліваліся або фланкіраваліся скульпт. выявамі пуцці, анёлаў, звяроў, птушак, над уязнымі брамамі і інш.), надмагіллях, мэблі, ювелірных вырабах, дакументах, геагр. картах і інш. Выраблялі з розных матэрыялаў (камень, дрэва, метал, стук) і ў розных тэхніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛА (саманазва — кар’яла),
племя, нашчадкамі якога з’яўляюцца сучасныя карэлы, што жывуць у Карэліі, Цвярской, Наўгародскай, Ленінградскай, Яраслаўскай і інш. абласцях Расіі. К. як асобны прыбалтыйска-фінскі этнас сфарміраваўся на аснове мясц. неаліт. плямён. У складванні стараж. К. прынялі ўдзел 2 этнічныя кампаненты: ям і волхаўская чудзь. У 9 ст. К. засялілі Карэльскі перашыек, потым Паанежжа і тэр. на Пн ад яго. З пачаткам распаўсюджвання тут хрысціянства К. рассяліліся ў цэнтр. Фінляндыі і ва ўсх. вобласці Хяме да берага Батнічнага заліва. Першае ўпамінанне К. ў рус: летапісах адносіцца да 1143. У 13 ст. К. насялялі правінцыю Фінмара і дасягнулі берагоў Паўн. Ледавітага акіяна, асвойвалі ўзбярэжжа Паўн. Дзвіны, дзе склалі частку насельніцтва вобл. Біярмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРАТУ́РНАЯ ФО́РМУЛА,
формула набліжанага вылічэння вызначанага інтэграла. Падынтэгральная функцыя замяняецца адпаведным інтэрпаляцыйным паліномам (гл.Інтэрпаляцыйная формула) і тым самым вылічэнне інтэграла зводзіцца да вылічэння т. зв. квадратурнай сумы (гл.Набліжанае інтэграванне).
Найб. пашыраная К.ф. віду
, у левай частцы якой інтэграл, што падлягае вылічэнню. Падынтэгральная функцыя запісана як здабытак дзвюх функцый. Функцыя p(x) лічыцца фіксаванай для дадзенай К.ф. і наз. вагавой функцыяй. Сума ў правай частцы наз. квадратурнай сумай, дзеxi — вузлы, Ci — каэфіцыенты К.ф. (значэнні вузлоў і каэфіцыентаў бяруцца з табліц). На Беларусі даследаванні па тэорыі К.ф. распачаты ў 1956 у Ін-це матэматыкі Нац.АН.