старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ СА ЗНА́КАМІ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997), на ўсх. ускраіне в. Літоўка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту дробназярністага з крышталямі біятыту і ксеналітаў цёмна-шэрага гнейсу. Захавалася 1/3 валуна (даўж. 2,7 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,6 м, у абводзе 7,2 м, аб’ём 5,5 м³, маса каля 14,6 т). Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паверхні каменя ёсць паглыбленне (даўж. 29 см, шыр. 14 см, глыб. да 2 см), якое лічылі следам казачнай «істоты». Амаль на вяршыні знаходзіцца паўсферычная выемка (у папярочніку 4 см, глыб. 1,5 см) з прышліфаванымі сценкамі, якая высечана чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. Валун меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́Й (Іван Юр’евіч) (1882, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.7.1955),
бел.нар. казачнік. Парабкаваў, працаваў у Беластоку на тэкстыльных ф-ках, у пякарні. З 1904 жыў у в. Алексічы каля Зэльвы. Там у 1946 удзельнікі фальклорнай экспедыцыі БДУ пад кіраўніцтвам Л.Р.Барага запісалі ад яго каля 30 казак. М. «разыгрываў» казку ў асобах, па-майстэрску перадаваў інтанацыі, міміку, рухі і паходку персанажаў, надаваў казкам асаблівую сюжэтную напружанасць, арыгінальна спалучаў камічныя і драм. сюжэты. Адна з лепшых чарадзейных казак рэпертуару М. «Кіёчак» апубл. ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (10-е выд., Берлін, 1980).
Літ.:
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 242—243.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКЕ (Marche),
адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнУ Апенінскага п-ва. Уключае правінцыі Анкона, Пезара і Урбіна, Аскалі-Пічэна, Мачэрата. Пл. 9,7 тыс.км². Нас.каля 1,5 млн.чал. (1997). Гал. горад і порт — Анкона. Рэльеф пераважна горны і ўзгорысты (Умбра-Маркскія Апеніны з найвыш. пунктам г. Веторэ, 2478 м). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы і ў далінах рэк Тронта, Метаўра, Патэнца. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Вырошчваюць пераважна пшаніцу і цукр. буракі. Вінаградарства. Мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі). Шаўкаводства. Рыбалоўства. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр., суднабуд., хім., папяровая, цэм., шаўковая, тытунёвая, керамічная, дрэваапр., харчовая. ГЭС. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Турызм, на ўзбярэжжы — курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.
Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЫЙ (Гай) (Gaius Marius; каля 157, Цэрэатэ, каляг. Арпіна, Італія — 13.1.86 да н.э.),
палкаводзец і паліт. дзеяч Стараж. Рыма. Займаў найвыш.дзярж. пасады: нар. трыбун (119 да н.э.), прэтар (115 да н.э.), 7 разоў выбраны консулам — 107, 104—101, 86 да н.э. Перамог нумібійцаў у Югурцінскай вайне (111—105 да н.э.). Ліквідаваў пагрозу нашэсця варварскіх плямён: у 102 да н.э. разбіў тэўтонцаў, у 101 да н.э. — кімвраў. Рэарганізаваў рым. армію (павялічыў набор за кошт добраахвотнікаў, якія не мелі маёмаснага цэнзу); рым. войска пачало рэфармавацца ў прафес. наёмную армію. Адзін з кіраўнікоў рым. арміі ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. супраць італійскіх плямён, якія патрабавалі правоў рым. грамадзянства. Удзельнічаў у грамадз. войнах у Рыме, у т. л. супраць Сулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНКАНІЯ́ЛЬНЫЯ (Melanconiales),
парадак недасканалых грыбоў. 1 сям. — меланконіевыя. Каля 120 родаў і 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 150 відаў з родаў глеяспорый, калетатрыхум, кабатыела, карынеў, марсаніна, меланконій, паліспора, песталоцыя, цыліндраспорый, энтамаспорый. Сапратрофы і паразіты, узбуджальнікі небяспечных хвароб с.-г. раслін (выклікаюць плямістасці і язвы, або антракнозы).
Міцэлій грыбоў добра развіты, септаваны, галінасты, гаплоідны, складаецца са шмат’ядравых клетак. Канідыяносцы кароткія, адна-і шматклетачныя, бясколерныя або афарбаваныя, сабраныя разам на ложы (асн. прыкмета парадку). Ложа мае выгляд падушачкі або дыска, з асновай са шчыльнага спляцення гіфаў міцэлію і зверху прыкрыта кутыкулай, эпідэрмісам або перыдэрмай. Канідыі аднаклетачныя, размешчаныя на канідыяносцах адзіночна ці ланцужкамі. У цыкле развіцця некат. відаў назіраюцца сумчатыя стадыі (у асн.пірэнаміцэты і дыскаміцэты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЗБОР СІГНА́ЛАЎ,
зборнік сігналаў для сувязі паміж марскімі суднамі, а таксама паміж суднамі і берагавымі сігнальнымі станцыямі розных краін. Сігналы выкарыстоўваюцца ў выпадках, звязаных з бяспекай плавання, выратаваннем і аховай жыцця чалавека на моры пры наяўнасці цяжкасцей моўных зносін. М.з.с. універсальны і дазваляе весці перагаворы з дапамогай сцяжкоў, семафора, пражэктара, тэлегр. і тэлеф. радыёсувязі і інш.
Першы М.з.с., складзены ў 1885 у Вялікабрытаніі, меў каля 70 тыс. сігналаў (выкарыстоўвалася 18 сцяжкоў). У далейшым неаднаразова пераглядаўся, удакладняўся і ўхваляўся на спец.міжнар. канферэнцыях (1889, 1927, 1932, 1942, 1959, 1961). М.з.с., прыняты ў 1965, набыў сілу ў 1969, уключае каля 2 тыс. сігналаў, кожны з якіх мае пэўнае сэнсавае значэнне, што дазволіла значна спрасціць і скараціць аб’ём збору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл.арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).