вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.—ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.
Тв.:
Бел.пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТА́НЫ,
насычаныя ацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы C5H12. Існуюць 3 ізамеры: П. нармальнай будовы, ці нармальны пентан CH3(CH2)3CH3, ізапентан (CH3)2CHCH2CH3 (2-метылбутан), неапентан (CH3)4C (2,2-дыметылпрапан).
Нармальны і ізапентан бясколерныя лёгкакіпячыя вадкасці (tкіп 36,07 °C і 27,85 °C адпаведна), неапентан — газ (tкіп 9,5 °C). Раствараюцца ў арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе. П. ёсць у газавым кандэнсаце, нафце, прадуктах перапрацоўкі сланцавай смалы, з якіх іх вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць нармальны П. у арган. сінтэзе (напр., для атрымання ізапентану, амілавых спіртоў і іх эфіраў), як растваральнік; ізапентан як кампанент высокаактанавых бензінаў (тэхн.мае актанавы лік 90), сыравіну для атрымання ізапрэну. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТРЫ, Пітры Фліндэрс (Petrie Flinders) Уільям Мэцью (3.6.1853, г.
Чарлтан, Вялікабрытанія — 28.7.1942), англійскі археолаг, егіптолаг, заснавальнік навук. метаду археал. раскопак у Егіпце. У 1892—1933 праф. Лонданскага ун-та. У 1885—86 адкрыў і даследаваў Наўкратыс і Дафну; у 1888—90 выявіў шмат помнікаў у Фаюмскім аазісе. У 1891—92 вёў раскопкі ў Тэль-эль-Амарне. У 1899—1901 даследаваў грабніцы стараж. фараонаў у Абідасе, у 1904—05 — энеалітычныя комплексы ў Негадзе. Вёў раскопкі ў раёне г. Мемфіс, каля Гераклеопаля, на Пд Палесціны. Выпрацаваў сістэму адноснага датавання дадынастычнай керамікі Стараж. Егіпта. Сярод яго прац асаблівае значэнне мае атлас стараж. прылад працы ўсіх часоў і народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн ў 1993 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. на базе політэхн. ін-та (з 1974). У 2000/01 навуч.г. 6,5 тыс. студэнтаў; ф-ты: геадэзічны, інж.-буд., машынабуд., радыётэхн., тэхнал., гісторыка-філал., фін.-эканам., юрыд.; 3 ф-ты павышэння кваліфікацыі работнікаў прам-сці ў галіне эканомікі, нафтагазавай прам-сці, інфарм. тэхналогій. Аспірантура з 1989. Магістратура з 1997. Пры ун-це працуе ліцэй. Мае вылічальны цэнтр, б-ку. З’яўляецца галаўной н.-д. арг-цыяй Віцебскага рэгіёна ў галіне хім. тэхналогіі, машынабудавання, буд-ва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі; вядзе даследаванні ў галіне эканомікі, экалогіі, педагогікі, права. З 1995 выдае «Весці ПДУ».
Заняткі ў хімічнай лабараторыі Полацкага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕЛ,
незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАКО́Л (ад грэч. prōtokollon першы аркуш),
1) дакумент, складзены паводле пэўнай формы, які змяшчае запіс выступленняў удзельнікаў сходу, нарады, пасяджэння і прынятыя імі рашэнні.
2) Працэсуальны дакумент, у якім у пісьмовай форме фіксуюцца ход і вынікі працэсуальных дзеянняў, што ажыццяўляюцца следчым, асобай, якая вядзе дазнанне пры расследаванні крымін. спраў, і судом пры разборы крымін. і цывільных спраў, а таксама арбітражным або гасп. судом пры разборы спраў, аднесеных да іх кампетэнцыі.
3) Акт, складзены службовай асобай, які ўтрымлівае апісанне выкананых ёю дзеянняў і ўстаноўленых фактаў.
4) Рашэнне міжнар. канферэнцыі, якое мае сілу міжнар. дагавора.
5) Дыпламат. П. — сукупнасць правілаў, якія рэгулююць парадак выканання розных дыпламат. актаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖКАў металаапрацоўцы,
1) шматлязовы металарэзны інструмент, якім на працяжных станках апрацоўваюць унутраныя і вонкавыя паверхні загатовак. Уяўляе сабой стрыжань з зубамі, памеры якіх паслядоўна павялічваюцца, а форма зменьваецца ад зыходнай (напр., круглай) да зададзенай (напр., квадратнай).
2) Кавальская аперацыя, што выкарыстоўваецца пры апрацоўцы металу ціскам з мэтай памяншэння таўшчыні сценкі і павелічэння даўжыні загатоўкі, якая мае форму стакана, звычайна атрыманай ў выніку нескразной прашыўкі. Робяць на працяжных гідраўлічных прэсах.
3) Тое, што выцяжка.
В.І.Шагун.
Працяжкі: а — для ўнутранага працягвання; б — для вонкавага працягвання; 1 — хваставік; 2 і 5 — пярэдняя і задняя накіравальныя часткі; 3 — рэжучая частка; 4 — калібравальныя зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАМЕЛА́Н [ад грэч. psilos гладкі, голы + melas (melanos) чорны],
раманешыт, мінерал, складаны гідраксід марганцу, BaMn2+ + Mn44O10∙2H2O. Састаў зменлівы. Мае ў сабе 4—17,5% аксіду барыю BaO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае масіўныя дробнакрышт. і нацечныя агрэгаты, сталактыты, ааліты, зямлістыя масы, плёначныя дэндрыты. Колер шаравата-чорны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³.
Крохкі. Найб. агульнае паняцце П. — сумесі аксідаў і гідраксідаў марганцу ў выглядзе нацечных («чорная шкляная галава»), масіўных і зямлістых агрэгатаў. У іх склад уваходзяць уласна П., крыптамелан, галандыт, коранадыт, піралюзіт і інш. У прыродзе сумесі больш пашыраны, чым уласна П. Адзін з гал. кампанентаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,
сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.