зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для дадатковай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам фільтрацыі праз глебавыя гарызонты і адначасова для арашэння с.-г. раслін. Ствараюць у комплексе з ачышчальнымі збудаваннямі пераважна на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах і грунтах. На П.а. размяшчаюць звычайна кармавыя культуры: шматгадовыя травы, караняплоды і інш. Арашэнне праводзіцца камунальнымі, вытв. (ад прамысл. і с.-г. прадпрыемстваў), мяшанымі сцёкавымі водамі, якія адпавядаюць аграмеліярац. і сан. патрабаванням і прайшлі папярэднюю мех., хім. ці біял. ачыстку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),
катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТЫ́Т ЭПІДЭМІ́ЧНЫ,
хвароба чалавека, пры якой пашкоджваюцца калявушныя (радзей падсківічныя і пад’язычныя) слінныя, палавыя і падстраўнікавая залозы, нерв. сістэма і інш. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус. Хварэюць пераважна дзеці і падлеткі. Крыніца інфекцыі — хворы на П.э. Заражэнне звычайна паветрана-кропельным шляхам. П.э. пакідае стойкі імунітэт. Прыкметы: павышаная т-ра цела, боль у вобласці ніжняй сківіцы пры адкрыванні рота і жаванні, напухаюць і баляць пашкоджаныя залозы. Ускладненні: бясплоднасць, глухата, цукр. дыябет і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІФЕРА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + fero нясу),
павелічэнне колькасці клетак (або геномаў пры поліплаідыі) шляхам непрамога дзялення, мітозу. Вядзе да росту тканкі, у адрозненне ад інш. спосабу павелічэння яе масы (напр., з прычыны ацёку). Інтэнсіўнасць П. рэгулюецца стымулятарамі і інгібітарамі, якія выпрацоўваюцца ўнутры рэагуючых клетак і воддаль ад іх (напр., гармоны). У раннім эмбрыягенезе П. адбываецца бесперапынна. Па меры дыферэнцыроўкі перыяды паміж дзяленнямі павялічваюцца. Некат. дыферэнцыраваныя клеткі, напр., нервовыя, не здольныя да П. У раслін П. наз.праліфікацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДБЕ́РТУС-Я́ГЕЦАЎ ((RodbertusJagetzow) Карл Іаган) (12.8.1805, г. Грайфсвальд, Германія — 6.12.1875),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з заснавальнікаў тэорыі «дзярж. сацыялізму». Атрымаў юрыд. адукацыю ў Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах. Лічыў, што рухальнай сілай сацыялізму павінна стаць дзяржава; адмаўляючы класавую барацьбу, сцвярджаў, што перабудова грамадства павінна ажыццяўляцца пры дапамозе дзярж.сац.-эканам. рэформ. Распрацоўваў праблему вартасці тавару. Лічыў, што ў якасці меры вартасці павінна выступаць праца, і прапаноўваў вартасць тавару вызначаць непасрэдна ў рабочых гадзінах шляхам выпуску «рабочых грошай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),
бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел.навук.т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).
Літ.:
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕХІРУРГІ́Я (ад радые... + хірургія),
метад лячэння злаякасных пухлін чалавека, заснаваны на выкарыстанні прамянёвай тэрапіі ў час аперацыі з выкарыстаннем дыстанцыйнага або ўнутрытканкавага апрамянення пухліны (ці яе ложа). Узнікла ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання дыстанцыйнага апрамянення глыбока размешчаных пухлін. У аперабельных выпадках пухліна выдаляецца, пасля чаго ў тканкі, якія складаюць ложа пухліны, а таксама па шляхах лімфаадтоку ўводзяць кобальт (60Co), каліфорній (252Cf, ірыдый (192Ir), ёд (125I) і інш. Пры немагчымасці правядзення аперацыі забяспечваецца доступ да пухліны (хірург.шляхам), увядзенне ў яе гэтых прэпаратаў; праз некалькі дзён прэпараты дастаюць. Пры Р. ў час аперацыі таксама ўводзяць радыеактыўныя прэпараты з дапамогай мікраселектрона. Выкарыстоўваецца аднаразовае дыстанцыйнае апрамяненне (з дапамогай апаратаў блізкафокуснай рэнтгенатэрапіі). Прапанавана выкарыстанне высокаэнергет. электронаў, якія генерыруюцца лінейнымі або цыклічнымі паскаральнікамі. Метады Р. маюць рэальную магчымасць мінім. апрамянення нармальных тканак і макс. апрамянення пухлін і зон рэгіянарных метастазаў шляхам рэгулявання энергіі электроннага пучка і выкарыстання тубусаў або спец. фарміруючых блокаў, што зніжае частату мясц. рэцыдываў і пасляаперацыйных ускладненняў у анкалагічных хворых.
Літ.:
Козлова А.В. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М. 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́СА (Somoza),
сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г.Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац.ўсх.ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.С.Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.М.Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧА-ТЭХНІ́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
сістэма планамернай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, навучання сумяшчальным і новым прафесіям, павышэння кваліфікацыі рабочых і служачых на прадпрыемствах. Уключае таксама вытв. практыку навучэнцаў тэхнікумаў, прафес.-тэхн. вучылішчаў, студэнтаў ВНУ. Ажыццяўляецца шляхам курсавога і індывід. навучання. На 1996 у Беларусі дзейнічала каля 200 галіновых вучэбна-курсавых камбінатаў, у якіх ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў больш чым па 400 прафесіях. За год яны рыхтавалі каля 150 тыс. рабочых, з іх каля 20 тыс. набывалі новыя прафесіі. Прадпрыемствы таксама ажыццяўляюць перакваліфікацыю незанятага насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГЕЛЬ (Іван Міхайлавіч) (19.3.1830, маёнтак Залессе, Віцебская вобл. — 29.8.1916),
расійскі фармаколаг. Ганаровы чл.Ваен.-мед. акадэміі, Казанскага і Тартускага ун-таў, замежных акадэмій і таварыстваў. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1854). З 1869 праф. Казанскага ун-та. Навук. працы па праблемах уздзеяння лек. сродкаў на сардэчна-сасудзістую і нерв. сістэмы. Упершыню вызначыў магчымасць рэфлекторнага спынення дзейнасці сэрца шляхам раздражнення слізістай абалонкі носа парай хлараформу.
Тв.:
Сравнительная анатомия, физиология и фармакология сердца. Казань, 1895;