ДЭГА́ ((Degas) Ілер Жэрмэн Эдгар) (19.7.1834, Парыж — 27.9.1917),

французскі мастак. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1855—56). У Італіі вывучаў мастацтва ранняга Адраджэння (1854—59). Зазнаў уплыў Ж.А.Д.Энгра. Пачаў са строгіх па кампазіцыі гіст. карцін і партрэтаў («Сям’я Белелі», каля 1858—60). У 1870-я г. наблізіўся да імпрэсіянізму. Захоплены шматвобразнасцю і рухомасцю гар. жыцця, маляваў сучасны яму Парыж (вуліцы, тэатр, кавярні, скачкі) у непарыўна-зменлівых аспектах («Плошча Згоды», каля 1875, «Абсент», 1876, і інш.); адлюстроўваў бытавыя сцэны («Жанчыны на тэрасе кавярні», 1877, «Жанчына расчэсвае валасы», каля 1883, «Прасавальшчыцы», каля 1884, і інш.), у іх выяўляў пластычную прыгажосць чалавека. Маляўнічасцю вылучаюцца пастэльныя творы са сцэнамі балета («Танцоўшчыца ў фатографа», каля 1877—78, «Зорка», 1878, «Экзамен танца», 1880, і інш.). Напружаны характар набываюць творы Д. 1880—90-х г. (выкананы гал. чынам пастэллю), больш інтэнсіўныя і багатыя па колеры з павялічанымі і амаль плоскаснымі формамі, цеснай прасторай («Блакітныя танцоўшчыцы», каля 1879, і інш.). З канца 1880-х г. шмат займаўся скульптурай. У фігурках балерын, купальшчыц, коней (часта эцюдных па лепцы) дамагаўся пластычна-выразнай перадачы імгненнага руху, вастрыні і нечаканасці позы, захоўваючы цэласнасць і канструктыўнасць фігуры.

Літ.:

Русакова Р. Дега. М., 1968.

Э.Дэга. Танцоўшчыца ў фатографа. Каля 1877—78.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАШТОЎНЫЯ ПАПЕ́РЫ,

дзяржаўныя абавязацельствы, якія афармляюцца ў выглядзе пазыковых каштоўных папер. Выпускаюцца цэнтр. і дзярж. ўстановамі і мясц. органамі ўлады з мэтай мабілізацыі грашовых сродкаў для фінансавання дзярж. доўгу. бюджэтнага дэфіцыту, мэтавых агульнанац. і рэгіянальных праграм, забеспячэння камерц. банкаў ліквіднымі актывамі, падтрымкі ўстаноў і арг-цый сац. накіраванасці, рэгулявання грашовай масы ў абарачэнні. Першаснае размяшчэнне Дз.к.п. ажыццяўляецца Нац. (Цэнтр.) банкам праз сетку дылераў (камерцыйныя банкі, фін. кампаніі і г.д.) шляхам правядзення аўкцыёнаў, адкрытага продажу або на падставе індывід. перагавораў. Існуюць рыначныя і нярыначныя Дз.к.п. Рыначныя — казначэйскія вэксалі, ноты, аблігацыі, якія свабодна прадаюцца і купляюцца на другасным рынку кашт. папер, значная частка іх абароту прыпадае на пазабіржавы рынак; асн. трымальнікі — крэдытна-фін. ўстановы, інстытуцыянальныя інвестары (пенсіённыя, страхавыя. інвестыцыйныя фонды і г.д.), прыватныя асобы. Нярыначныя — ашчадныя аблігацыі і сертыфікаты, некаторыя віды пенсіённых аблігацый, якія размяшчаюцца мясц. органамі ўлады або рэалізуюцца за мяжой; прызначаюцца гал. чынам для размяшчэння сярод насельніцтва і не могуць свабодна пераходзіць ад аднаго трымальніка да другога. Парадак і памер выплат даходаў па Дз.к.п. вызначаюцца працэнтнымі стаўкамі, дысконтам, правядзеннем выйгрышных пазык. На Беларусі ў абароце знаходзяцца дзярж. кароткатэрміновыя аблігацыі, казначэйскія вэксалі, кароткатэрміновыя абавязацельствы Нац. банка, трымальнікамі якіх з’яўляюцца выключна юрыд. асобы; імянныя прыватызацыйныя чэкі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБО́ЎНІКІ,

зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.​Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭ́РН (англ. concern),

форма аб’яднання юрыдычна незалежных прадпрыемстваў, якія вядуць сумесную інвестыцыйную, знешнеэканам. і фін. дзейнасць на аснове добраахвотнай цэнтралізацыі вытв., гасп., кіраўнічых функцый. К. — гэта не просты саюз, заснаваны на дагаворы, а форма рэальнай інтэграцыі. К. могуць быць галіновыя і шматгаліновыя.

Першыя К. ўзніклі ў Германіі і набылі пашырэнне ў пач. 1920-х г. Спачатку яны аб’ядноўвалі прадпрыемствы з аднолькавым вытв. працэсам, пазней — прадпрыемствы рознага профілю, звязаныя паміж сабой нефармальнымі сувязямі, заснаваны гал. чынам на фін. кантролі.

У Беларусі К. лічацца аб’яднанні прадпрыемстваў, якія здзяйсняюць асобныя вытв. і інш. гасп. функцыі, а таксама асобныя функцыі кіравання. Пры ўваходжанні ў К. дзярж. прадпрыемствы страчваюць сваю ведамасную прыналежнасць. Яны могуць уваходзіць толькі ў адзін К. і ў сваёй фірменнай назве абавязаны пазначаць прыналежнасць да яго. К. можа ствараць гасп. разліковыя арг-цыі па аказанні камерцыйных, праектна-канструктарскіх, буд., тэхнал., юрыд. і інш. паслуг. У наш час у Беларусі адбываецца рэарганізацыя асобных галіновых міністэрстваў у дзярж. К., падпарадкаваныя непасрэдна Ураду Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемствы і арг-цыі, якія ўваходзяць у К., захоўваюць самастойнасць і правы юрыд. асобы. Сваю дзейнасць яны ажыццяўляюць у адпаведнасці з законам «Аб прадпрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і інш. заканад. актамі. На 1.1.1998 у Беларусі існуе 15 дзярж. К.

А.​Б.​Дорына.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г. ням. культуролаг Л.​Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.​Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.​Шпенглера — развітыя культуры, А.​Тойнбі — цывілізацыі, П.​Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.

В.​Л.​Салееў.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ЎРЫ,

буйныя ваенныя вучэнні; вышэйшая форма аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі войск. У шэрагу краін М. праводзіліся з 17 ст., асабліва шырока з канца 19 — пач. 20 ст. На тэр. Беларусі ў 1929 упершыню праводзіліся ўсеармейскія і ў 1930 акруговыя М. Найб. буйныя М. Беларускай ваеннай акругі адбыліся ў 1936, а ў пасляваенны час — М. (вучэнні) «Дзвіна» (1970), «Бярэзіна» (1976), «Захад-81», «Восень-88» і інш. У сучасных умовах М. надае вял. значэнне ваен. камандаванне многіх краін свету. М. войск блока НАТО праводзяцца гал. чынам у Еўропе і на Атлантыцы. У ходзе іх асаблівая ўвага аддаецца перакідванню стратэг. рэзерваў ЗША на еўрап. кантынент, баявому выкарыстанню мабільных сіл НАТО і інш. У апошні час замест М. усё часцей праводзяцца камп’ютэрныя камандна-штабныя вучэнні, у т. л. шматнац. узбр. сіл. Напр., тэмай вучэнняў «Шчыт-98», у якіх удзельнічалі ваеннаслужачыя 15 краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь, было правядзенне аперацый у зонах этнічных канфліктаў, садзейнічанне міратворчым сілам ААН і г.д. Гл. таксама Вучэнні.

Літ.:

Гареев М.А. Тактические учения и маневры: (Ист. очерк). М., 1977;

«Двина»: Войсковые маневры, проведенные на территории Белоруссии в марте 1970 г. М., 1970;

Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;

Солонец Г. «Щит мира-98» // Армия. 1998. № 5.

І.​Р.​Дзенісенка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).

П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.

На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.

І.​І.​Леановіч.

Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),

атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн. г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.

Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. М., 1973;

Курсков А.Н. Рукокрылые Белоруссии. Мн., 1981.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),

1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.

2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).

3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.​Жакобам і Ж.​Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

Да арт. Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)