ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТА́ЛЕР,

буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),

тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.​Л.​Шлёцэрам і І.​Г.​Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл. Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.​Усходу ў стараж. час. Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач. 1-га тыс. н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял. тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЗЭ́Р,

старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЛА́НТ (Ailanthus),

род лістападных дрэў сям. сімарубавых. 12—15 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Азіі, на У Аўстраліі. На Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у Закаўказзі, Малдавіі, Паўд.-Зах. Украіне і С. Азіі інтрадукаваны 3 віды. Найб. вядомы айлант найвышэйшы, або кітайскі ясень (ailanthus altissima).

Выш. 20—30 м. Лісце чаргаванае, складанае. Кветкі дробныя, у мяцёлчатых суквеццях, зеленавата-жоўтыя, з непрыемным пахам. Плод — сухая прадаўгаватая крылатка з адзіным зернем у сярэдзіне. Малапатрабавальныя да глебавых умоў, святлолюбівыя. Лек. расліны. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб паперы. Лісцем айкумены ў Кітаі кормяць вусеняў айлантавага шаўкапрада.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЦІЧЫ,

усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст. тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.

Упрыгажэнні вяцічаў 11—13 ст. з раскопак курганоў.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКБО́КСІНГ, еўра-амерыканскае каратэ,

сінтэз класічнага англ. бокса і каратэ (бокс з ударамі нагамі). Узнік у сярэдзіне 1970-х г. у ЗША і Зах. Еўропе. Заснавальнікі — Д.​Валера, Б.​Лі, Ч.​Норыс, Б.​Уолес і інш. Тэрмін «К.» з’явіўся ў 1974.

Складаецца з 5 дысцыплін: абмежаваны, лёгкі і поўны кантакты, свабодны стыль і сольныя кампазіцыі, якія складаюцца з 3 відаў: «жорсткі» стыль, «мяккі» і з прадметамі (меч, нож, нунчакі, палка і інш.). Сусв. арг-цыя каратэ ўсіх стыляў, у т. л. К. (ВАКО), заснавана ў 1977. Першы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1977, свету — у 1978.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПЧАКІ́, кыпчакі, куманы,

сярэдневяковая народнасць цюркскай групы, усх. адгалінаванне полаўцаў. У 10 ст. займалі тэр. Паўн.-Зах. Казахстана, межавалі на У з кімакамі, на Пд з агузамі, на З з хазарамі. Распадаліся на шэраг плямён, вялі качавы лад жыцця. У сярэдзіне 10 ст. рушылі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Мелі цесныя сувязі з Сярэдняй Азіяй, асабліва з Харэзмам. У 1-й пал. 13 ст. разбіты манголамі, увайшлі ў склад мангольскага войска, складалі асн. частку насельніцтва Залатой Арды. Пазней увайшлі ў склад народнасцей татар, казахаў, башкір, карачаеўцаў, кумыкаў і інш., якія гавораць на мове кіпчакскай групы.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКАДРО́Н (франц. escadron),

1) асноўнае тактычнае падраздзяленне ў рэгулярнай кавалерыі шэрагу дзяржаў да сярэдзіны 20 ст. Складаўся з 2—4 кав. узводаў. У сярэдзіне 16 ст. Э. наз. квадратная калона конніцы з 15—20 шарэнгаў (да 400 вершнікаў), пастроеная для бою. У войску ВКЛ Э. адпавядала кав. падраздзяленне швадрон, якое складалася з двух харугваў. У арміі Рас. імперыі Э. з’явіліся ў пач. 18 ст.; у СССР існавалі з 1918 да 1950-х г. 2) Танк. і развед. падраздзяленне ў арміях некат. краін (Вялікабрытанія, Францыя).

3) Падраздзяленні жандармерыі ў шэрагу дзяржаў (Францыя, Марока, Камерун і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЭ́ЧЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Кампазіцыя будынка складаецца з асн. квадратнага ў плане аб’ёму, прамавугольнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінца.

Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам з купалам на драўляным светлавым 8-гранным барабане ў цэнтры і 4 галоўкамі па вуглах. У інтэр’еры 4 слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купала на ветразях. Хоры над уваходам адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

А.​Ю.​Пятросава.

Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)