МАГНІ́ТНЫ МО́МАНТ,

фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці часцінак рэчыва і макраскапічных цел. М.м. плоскага замкнутага контуру з эл. токам — вектар pm = ISn , дзе Iсіла току; S — плошча, абмежаваная контурам; n — адзінкавы вектар нармалі, накіраваны перпендыкулярна да плоскасці контуру ў адпаведнасці з правілам правага вінта. Адзінка М.м. ў СІампер-квадратны метр (А∙м²).

М.м. атамаў і малекул абумоўлены прасторавым рухам электронаў (арбітальны М.м.), спінавымі М.м. электронаў (гл. Спін), вярчальным рухам малекул (вярчальны М.м.), а таксама М.м. атамных ядраў (гл. Магнетон). М.м. макраскапічнага цела роўны вектарнай суме М.м. мікрачасціц, з якіх гэтае цела складаецца, і вызначае яго намагнічанасць.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЁЛ (Equus asinus),

млекакормячае роду коней атр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх. Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).

Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс. г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.

Асёл нубійскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНІ́ЧНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

крыніца электрычнага току, у якой хім. энергія пераўтвараецца ў электрычную. Складаецца з 2 электродаў: катод (мае акісляльнік) і анод (аднаўляльнік), якія кантактуюць з іонаправодным рэчывам (электралітам). Паміж электродамі ўсталёўваецца рознасць патэнцыялаў (электрарухальная сіла), якая вызначаецца свабоднай энергіяй акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі. Бываюць аднаразовага выкарыстання (першасныя гальванічныя элементы), шматразовага дзеяння (другасныя, або абарачальныя, гальванічныя элементы; гл. Электрычны акумулятар) і гальванічныя элементы, якія могуць бесперапынна працаваць за кошт пастаяннага падводу да электродаў рэагентаў і адводу прадуктаў рэакцыі (паліўныя элементы).

Гальванічныя элементы: а — «сухі» (1 — вугальны стрыжань з кантактавым каўпачком, 2 — пастападобны электраліт, 3 — актываваны вугаль, 4 — цынкавы корпус у кардоннай упакоўцы); б — паліўны вадародна-кіслародны (1 — кісларод, 2 — электраліт, 3 — вадарод).

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.

Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл. Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).

Літ.:

Дубнов Л.В., Бахаревич Н.С., Романов А.И. Промышленные взрывчатые вещества. 3 изд. М., 1988.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),

1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.​Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.​Калеоні, Ф.​Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.

2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРУ́ТКІН (Віталій Аляксандравіч) (27.3.1908, г. Феадосія, Украіна — 9.10.1984),

рускі пісьменнік. Скончыў Благавешчанскі пед. ін-т (1932). Друкаваўся з 1926. Першая аповесць «Акадэмік Плюшчоў» (1940). Творы ваен. часу ў кнігах «Карычневая чума» (1941), «Сіла» (1942), «Каўказскія запіскі» (1947). Працоўныя будні рыбакоў у рамане «Плывучая станіца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар рамана-эпапеі «Стварэнне свету» (кн. 1—3, 1955—78, Дзярж. прэмія СССР 1982), рамана «Ля мора Азоўскага» (1946), аповесці «Маці Чалавечая» (1969; на бел. мову ўрывак пераклаў У.​Шахавец) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1977—80;

Бел. пер. — у кн.: Квітней, Радзіма, красуй, жыццё. Мн., 1978.

Літ.:

Петелин В.В. Виталий Закруткин М., 1969.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНЦЯ́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 15.8.1943, с. Крыва, Малдова),

малдаўскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Малдовы (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Кішынёўскі ін-т мастацтваў (1971). З 1971 саліст Малд. т-ра оперы і балета. З 1983 выкладае ў Кішынёўскай акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дасканалай вак. тэхнікай. Сярод партый: Герман, Ленскі, Княжыч, Вадэмон («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Чарадзейка», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Рычард, Дон Карлас, Радамес, Манрыка, Дон Альвара («Травіята», «Баль-маскарад», «Дон Карлас», «Аіда». «Трубадур», «Сіла лёсу» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каварадосі, Калаф («Тоска», «Турандот» Дж.​Пучыні), Паліён («Норма» В.​Беліні). Дзярж. прэмія Малдовы 1988.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НА (санскр. дыханне),

у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял. Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1984—85.

Літ.:

Коваленко Р.М. Анатолий Ананьев. М., 1985.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),

старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)