ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл. Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Літ.:
Дубнов Л.В., Бахаревич Н.С., Романов А.И. Промышленные взрывчатые вещества. 3 изд. М., 1988.
т. 6, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)