ВАГА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ, вібрацыйныя спектры,

спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага ваганнямі іх атамаў; спектры атамаў, іонаў і іх груп у крышталях і вадкасцях. Складаюцца з асобных спектральных палос. Адрозніваюць вагальныя спектры паглынання (гл. Інфрачырвоная спектраскапія) і камбінацыйнага рассейвання святла ў блізкай і сярэдняй інфрачырвоных абласцях спектра. Гл. таксама Спектры крышталёў, Малекулярныя спектры.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́НАВЫ ЧО́РНЫ,

азінавы фарбавальнік. Утвараецца ў выніку акіслення аніліну ў кіслым асяроддзі звычайна непасрэдна на валокнах бавоўны, шоўку, футра. Устойлівы да кіслотаў, атм. уздзеянняў, святла. Акісленнем аніліну атрымліваюць таксама чорны пігмент, які выкарыстоўваецца для афарбоўкі пластмасаў, у вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, фарбы для капіравальнай паперы, стужак друкавальных машынак і інш.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГАВА́Я ЛЯ́МПА,

газаразрадная крыніца святла, якое ўзнікае пры гарэнні электрычнай дугі паміж вугальнымі электродамі. Найб. пашыраны Д.л. высокай інтэнсіўнасці, дадатны электрод якіх мае кнот (пераважна з солей рэдказямельных элементаў). Яркасць лямпы да 2000 Мкд/м². Выкарыстоўваецца ў пражэктарах, кінапраекцыйных апаратах і інш. Вынайдзена П.​М.​Яблачкавым у 1876 («свечка Яблачкава»).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

каэфіцыент прапарцыянальнасці, што ўваходзіць у некаторыя формулы і ўраўненні электрамагнетызму пры запісе іх у рацыяналізаванай форме (у адзінках СІ). Абазначаецца μ0, μ0 = 4π∙10​−7 Гн/м. Звязана з электрычнай пастаяннай ε0 формулай: μ0 = 1/ε0c2, дзе c = 3∙10​8 м/с — скорасць святла ў вакууме.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ ХВАЛЬ,

пераўтварэнне энергіі хвалі ў інш. віды энергіі ў выніку ўзаемадзеяння з інш. хвалямі і асяроддзем, дзе распаўсюджваецца хваля. Вядзе да аслаблення энергіі хвалі паводле экспаненцыяльнага закону (аслабленне хваль выклікаецца і інш. з’явамі, напр., рассеяннем хваль). Механізм П.х. залежыць ад прыроды хвалі і ўласцівасцей асяроддзя (гл. Паглынанне гуку, Паглынанне святла).

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВІЧ (Валянцін Антонавіч) (н. 2.1.1947, в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Распрацаваў новыя метады кагерэнтнай спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння святла, даследаваў уплыў квантавых шумаў на нелінейна-аптычныя працэсы, стварыў высокаэфектыўныя цвердацельныя і газавыя лазеры.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСО́РБЦЫЯ,

1) паглынанне рэчыва з газавай сумесі вадкасцю. Адбываецца ва ўсім аб’ёме паглынальніка, праводзіцца ў абсорберах. Выкарыстоўваецца ў хім. вытв-сці (напр., пры атрыманні азотнай, салянай, сернай кіслот, соды), а таксама пры ачыстцы газаў, у аўтаномных сістэмах жыццезабеспячэння.

2) Паглынанне эл.-магн. выпрамянення або гуку пры праходжанні праз рэчыва (гл. Паглынанне святла, Паглынанне гуку).

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЕ́КТАР (ад дыс... + лац. seco рассякаю),

адзін з відаў перадавальных тэлевізійных трубак без назапашвання эл. зараду. Мае лінейную залежнасць паміж уваходным (аптычным) і выхадным (эл.) сігналамі, малую інерцыйнасць. Пад уздзеяннем святла фотакатод выпрамяняе паток электронаў, частка якога накіроўваецца ў другаснаэлектронны памнажальнік, узмацняецца і пераўтвараецца на выхадзе Д. ў відэасігнал. Выкарыстоўваецца ў прыкладных тэлевізійных сістэмах.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДЗІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

раствор ёдзістага вадароду ў вадзе, моцная к-та, НІ. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, у паветры пад уздзеяннем святла жаўцее (акісляецца з вылучэннем ёду). Найб. выкарыстоўваецца к-та, якая мае каля 47% (па масе) ёдзістага вадароду (шчыльн. 1500 кг/м³). Утварае солі — ёдыды. Пры пападанні на скуру выклікае сверб і запаленне.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)