ХА́ФЕЛЬ (Havel),

рака ў Германіі, правы прыток р. Эльба. Даўж. 341 км, пл. бас. 24,4 тыс. км². Пачынаецца на Мекленбургскім паазер’і, цячэ па Паўн.-Германскай нізіне цераз шэраг рэк і вадасховішчаў. Асн. прыток — р. Шпрэе (злева). Сярэдні расход вады каля 80 м³/с. Злучана каналамі з рэкамі Одэр і Эльба. Суднаходная пры дапамозе каналаў і шлюзаў. На Х. — гарады Берлін, Патсдам, Брандэнбург.

т. 16, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТ-ЭЛЬ-АРА́Б,

рака ў Іраку і Іране. Даўж. 195 км, пл. бас. больш за 1 млн. км². Утвараецца зліццём рэк Тыгр і Еўфрат, цячэ па Месапатамскай нізіне, упадае ў Персідскі заліў, утварае дэльту. Асн. прыток — р. Карун (злева). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Суднаходная, да г. Басра падымаюцца марскія судны. Асн. парты Басра (Ірак), Харэмшэхр, Абадан (Іран).

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСЕКІ́БА (Essequibo),

рака ў Гаяне. Даўж. 970 км, пл. бас. каля 155 тыс. км². Вытокі ў гарах Гвіянскага пласкагор’я, упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый шыр. да 25 км. Мнагаводная, сярэдні расход вады каля 3 тыс. м³/с. Шматлікія парогі, на левым прытоку Патара — вадаспады Каетур (выш. 225 м), Рарайма (выш. 457 м) і інш. Суднаходная ў эстуарыі ад г. Бартыка.

т. 18, кн. 1, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЫДЖЭ (Adige),

рака на Пн Італіі. Даўж. 410 км, пл. бас. 14,7 тыс. км², большая ч. — у Альпах. Пачынаецца на З Эцтальскіх Альпаў, да г. Верона цячэ ў трогавай даліне, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Упадае ў Адрыятычнае м., утвараючы агульную дэльту з р. По. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні расход вады 266 м³/сек. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На рацэ г. Верона.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАДАЛКВІВІ́Р (Guadalquivir),

рака на Пд Іспаніі. Даўж. 560 км, пл. бас. 57 тыс. км². Пачынаецца ў Андалускіх гарах, цячэ па Андалускай нізіне, дзе разбіваецца на рукавы, упадае ў Кадыскі зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Асн. прытокі: Малая Гвадыяна, Хеніль (левыя), Гуадалімар, Уэльва (правыя). Паўнаводная ў лют.—сакавіку. Сярэдні расход вады 164 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Гвадалквівіры — гарады Кордава, Севілья.

т. 5, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),

храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАЎЯ́РЭ (Guaviare),

рака на У Калумбіі, левы прыток р. Арынока; у верхнім цячэнні Гуаябера. Даўж. 1300 км, пл. бас. 140 тыс. км². Пачынаецца на Усх. Кардыльеры, цячэ па пласкагор’і Пардаас, дзе ўтварае парогі і вадаспады; ніжняе цячэнне Гуаўярэ — на нізіне Арынока. Сярэдні расход вады 5200 м³/с. Характэрны дажджавыя паводкі. Суднаходная для невял. суднаў да ўпадзення левага прытока р. Ар’яры (з перарывамі каля парогаў).

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГХА́ГХРА,

рака ў Індыі, Непале і Кітаі, левы прыток Ганга. Даўж. 950 км, пл. бас. 127,7 тыс. км². Пачынаецца на Пд Тыбецкага нагор’я, перасякае Гімалаі (пад назвай Карналі), ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне. Жыўленне змешанае, снегава-ледавіковае і дажджавое. Сярэдні расход каля 1800 м³/с. Разводдзе вясенне-летняе; здараюцца катастрафічныя паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Гхагхры — г. Файзабад (Індыя).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМО́ДАР,

рака ў Індыі, у штатах Біхар і Зах. Бенгалія. Даўж. 580 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца на плато Чхота-Нагпур, сярэдняе і ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне, упадае ў рукаў дэльты р. Ганг—Хуглі. Гал. прыток — р. Баракар (левы). Сярэдні расход вады 330 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У бас. Д. — ГЭС, вадасховішча, арашальныя каналы.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)