КАЗАЧЭ́НКА (Мікалай Міхайлавіч) (1.1.1916, в. Бярозаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1977),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК К.П(б)Б (1949). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.Зах., Паўн.-Каўказскім, Сцяпным, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля Ніжнедняпроўска (Украіна); у ноч на 3.10.1943 байцы аддзялення на чале са ст. сяржантам К. пад агнём праціўніка збудавалі прыстань на правым беразе ракі і пераправілі на пароме 1700 воінаў, 60 павозак з боепрыпасамі, 120 коней.

М.М.Казачэнка.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛЯ́НКА, Перагонка,

рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 352 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Малая Зімніца Слаўгарадскага р-на. Цячэ па паўд.-зах. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 900 м — 1,5 км. Пойма ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, шыр. 200—900 м. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 18 км ад вытоку, далей слаба меандруе, шыр. ракі ў межань у сярэднім цячэнні 8—10 м, у ніжнім 3—5 м.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЭЙ, Мары (Murray),

самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс. км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛКА,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км². Выцякае з воз. Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км²).

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЧА́Й,

невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.

т. 13, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-САЛА́ДА (Río Salado),

рака ў Аргенціне, правы прыток р. Парана. У верхнім цячэнні наз. спачатку Гуачыпас, потым Хурамента, або Рыо-дэ-Пасахе. Даўж. каля 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У час засухі (май—вер.) на асобных участках перасыхае і ператвараецца ў сістэму салёных азёр і балот. Сярэдні расход вады ў верхнім цячэнні каля 40 м³/с, у ніжнім — каля 15 м³/с (вынік страты на інфільтрацыю і выпарэнне). Суднаходная ў перыяд дажджоў. У вусці ракі — г. Санта-Фе.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРДЛО́ВА (Роза Міронаўна) (н. 25.10.1908, г. Віцебск),

бел. і расійская кінаактрыса. Засл. арт. Беларусі (1935). Скончыла кінааддзяленне Ленінградскага тэатр. тэхнікума (1930, майстэрня Я.​Чарвякова). З 1927 здымалася ў кіно. Выканаўца лірыка-драм. роляў. Створаным вобразам уласціва спалучэнне жыццёвай верагоднасці з героіка-рамант. афарбоўкай характару гераінь. Знялася ў бел. фільмах: «Да заўтра» (1929), «Баям насустрач» (1932), «Залатыя агні» (1934), «Новая радзіма», «Шлях карабля» (абодва 1935), «Дачка Радзімы» (1937). Найб. значныя ролі ў маст. стужках на «Ленфільме»: «Дзяўчына з далёкай ракі» (1928), «Цана чалавека» (1929), «Каўказскі палоннік» (1930), «Кроў зямлі» (1931), «Адчайны батальён» (1933), «Нявеста» (1957).

В.​А.​Мядзведзева.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,

рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НА,

пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Ў,

горад у Рас. Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Порт на р. Дон, за 7 км ад упадзення ракі ў Таганрогскі заліў Азоўскага мора. Чыг. станцыя. 81 тыс. ж. (1992). Машынабудаўнічая (кавальска-прэсавае, гандл. абсталяванне, рыбалавецкія судны), лёгкая, харч. прамысловасць. Гіст.-краязнаўчы музей.

У 10—11 ст. Азоў у складзе Тмутараканскага княства. Каля 1067 захоплены полаўцамі (назвалі яго Азак). З 13 ст. горад у Залатой Ардзе, з 1471 тур. ваен. крэпасць. У 1637—42 Азовам валодалі данскія казакі. У 1696 узяты войскамі Пятра I, у 1711 вернуты Турцыі. З 1739 у Расіі. У 1775—82 цэнтр Азоўскай губ., пазней ваен. крэпасць. З 1810 пасад Растоўскага пав. Екацярынаслаўскай губ.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)