ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).

Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л. найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.

Літ.:

Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ. М., 1974;

Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;

Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯ ў Вялікую Айчынную вайну,

збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс. Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦК КП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл. Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п. гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс. партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,

перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр. драм. і оперных спектакляў.

Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц. т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял. Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогі Чырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.

У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадач Бел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш. Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

У.​І.​Ядранцаў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),

спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл. Генетычны код).

Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл. Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл. Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл. Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл. Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл. Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.

А.​Г.​Купцова.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.

ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш. касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.

Літ.:

Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;

Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.

А.​А.​Кураеў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,

у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл. Татэмізм). Найб. стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.

Літ.:

Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.

Да арт. Звярыны стыль. Арліны грыфон раздзірае казла. Аплікацыя.
Да арт. Звярыны стыль. Залатая бляха — грыф з казлом у кіпцюрах.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕР (лац. color),

1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.

К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр. нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.

2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл. Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.

Я.​Г.​Міляшкевіч, Т.​В.​Пешына.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ ТЭЛЕБА́ЧАННЯ Пачала рэгулярнае вяшчанне з 1.1.1956 у Мінску. Напачатку Мінскі тэлецэнтр меў часовую студыю, разлічаную на аднапраграмнае вяшчанне з сярэднясутачным аб’ёмам 6 гадз, радыус дзеяння каля 60 км. У ліп. 1957 арганізавана перадача з дапамогай перасоўнай тэлевізійнай станцыі. У 1958—69 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Гомелі, Віцебску, Брэсце, Гродне. З 1962 пачалося вяшчанне па 2, з 1972 — па 3 праграмах. У 1962 адбыўся выхад бел. тэлебачання на Інтэрбачанне. У 1965 на Мінскім тэлецэнтры пачаў працаваць відэамагн. запіс. З вер. 1974 Р.с.т. стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытв-сці, з 1981 пачала працаваць на самаст. канале, адбыўся поўны пераход рэсп. вяшчання на каляровы стандарт. У склад Р.с.т. ўваходзяць інфарм. агенцтва і 6 дырэкцый: вяшчання 1-га нац. канала; маст.; спарт.; грамадска-паліт.; перспектыўнага вяшчання; спец. праектаў. Як сродак электроннай масавай інфармацыі, прапаганды і камунікацыі, асветы, выхавання, арганізацыі вольнага часу насельніцтва функцыянуе ў адпаведнасці з прынцыпамі праграмнага планавання, дакументальна зафіксаванымі ў т.зв. сетцы эфірнага вяшчання. Яна прадугледжвае перыядычнасць выхаду цыклавых праграм, збалансаванасць відаў вяшчання (інфарм., сац., пазнавальнага, спарт., маст., забаўляльнага), размеркаванне перадач на працягу дня ў адпаведнасці з узростам, сац. і прафес. катэгорыямі гледачоў, а таксама рэйтынгам тэлепрадукцыі. Паводле структуры тэлевізійнае вяшчанне падзяляецца на ўласнае (падрыхтаванае супрацоўнікамі бел. тэлебачання) і мясц. (агульны аб’ём прадукцыі, што выходзіць на экран; уласнае вяшчанне, заказное, дэманстрацыя тыражаваных кінафільмаў, паўторы перадач, спектакляў, канцэртаў і інш.). У канцы 1997 распрацавана і прынята канцэпцыя пад дэвізам «Зямля пад белымі крыламі», у якой вызначаны асн. кірункі палітыкі вяшчання нац. канала. Р.с.т. прымае ўдзел у ажыццяўленні праектаў — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тэлефестываль бел. песні «На скрыжаваннях Еўропы», рэсп. фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа», Маладзечанскі фестываль песні і паэзіі, фестываль-кірмаш «Дажынкі», міжнар. фестывалі «Славянскі базар», «Залаты шлягер» і спец. акцый, прысвечаных юбілейным датам і інш. Перадачы бел. тэлебачання поўнасцю ахопліваюць тэр. Беларусі. На 2001 адзіная праграмная сетка мае 6 тэлецэнтраў і 23 рэтранслятары. Р.с.т. ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

Л.​А.​Барадз ша.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)