ДОС ПА́САС ((Dos Passos) Джон Радэрыга) (14.1.1896, г. Чыкага, ЗША — 28.9.1970),
амерыканскі пісьменнік. З партуг. эмігрантаў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1916), з 1917 добраахвотнікам удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. Адным з першых пачаў пісаць у рэчышчы л-ры «страчанага пакалення» (раманы «Пасвячэнне аднаго маладога чалавека — 1917», 1920; «Тры салдаты», 1921). Наватарства Д.П. ў найб. ступені праявілася ў рамане «Манхэтэн» (1925), трылогіях «ЗША» («42-я паралель», 1930; «1919», 1932; «Вялікія грошы», 1936) і «Акруга Калумбія» (1939—48), рамане «У сярэдзіне стагоддзя» (1961). Апублікаваў маст. аўтабіяграфію «Лепшыя часы» (1966). Пісьменнік асэнсоўваў праблемы чалавека ў індустр. грамадстве ЗША, з яго «амерыканскай марай» пачатку стагоддзя і вял. дэпрэсіяй 1930-х г., з крахам ілюзій і стратай ідэалаў. Яго творам уласцівы маштабнасць абагульненняў, імпрэсіяністычнасць, асацыятыўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ЦЫЯ,
праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1945.
Апублікавана ад імя кіраўнікоў урадаў ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая 26 ліп. ў час працы Патсдамскай канферэнцыі 1945; патрабавала ва ультыматыўнай форме безагаворачную капітуляцыю Японіі ў 2-й сусв. вайне. Прадугледжвала ліквідацыю ў Японіі ўлады і ўплыву мілітарыстаў, часовую акупацыю яп. тэрыторыі, пакаранне яп.ваенных злачынцаў, абмежаванне суверэнітэту краіны а-вамі Хонсю, Хакайда, Кюсю, Сікоку і інш. меншымі, дэмілітарызацыю яп. эканомікі, аднаўленне і ўмацаванне ў Японіі дэмакр. традыцый, выкананне дэкларацыі Каірскай канферэнцыі 1943 і інш. 28.7.1945 яп. ўрад адхіліў П.д., але пасля далучэння да яе СССР (8 жн.) і пачаткусавецка-японскай вайны 1945 прыняў палажэнні дэкларацыі (14 жн.; загад яп.узбр. сілам аб спыненні супраціўлення аддадзены пазней). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога яп. ўрад і яго пераемнікі абавязаліся «сумленна выконваць умовы Патсдамскай дэкларацыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНЯК ((Poźniak) Тэлесфар) (н. 28.11.1932, в. Трапалава Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
польскі літаратуразнавец, крытык. Д-рфілал.н. (1969). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1983 яго праф., заг. аддзела рус. і інш.слав. л-р Ін-та слав. філалогіі. Даследуе ўсх.-слав. л-ры. Аўтар манаграфій «Дастаеўскі ў коле рускіх сімвалістаў» (1969), «Дастаеўскі і Усход» (1992), артыкулаў пра М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Шолахава, Л.Лявонава і інш. Вывучае творчасць К.Чорнага, бел.сав. паэзію ваен. часу, польск. матывы ў творчасці Я.Купалы, польска-бел. літ. сувязі, рэцэнзуе працы бел.літ.-знаўцаў. Аўтар «Анталогіі беларускай літаратуры XIX — пачатку XX ст.» (1993), «Анталогіі беларускай паэзіі XX ст.» (1997), гіст. нарыса «Беларуская літаратура» ў кн. «Гісторыя еўрапейскіх літаратур» (т. 3, ч. 1, 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н ((Proudhon) П’ер Жазеф) (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),
французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,
рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачаткун.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст.наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачаткуліт. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску да 1772. Асн. 3-павярховы будынак пастаўлены на высокім беразе Зах. Дзвіны памешчыкамі Кудзіновічамі, у 1806 выкуплены для перабудовы пад палац ген.-губернатара. У 1811 да асн. корпуса прыбудаваны 2-павярховы П-падобны ў плане службовы корпус (арх. Ф.Санкоўскі) з параднай залай і царквой на 2-м паверсе. Гал. фасад вылучаны рызалітам, завершаным атыкам, і ўпрыгожаны порцікам з 4 паўкалонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць балкон. Такі ж порцік аздабляе бакавы фасад і замыкае фасад 2-павярховага корпуса. Фасады апрацаваны рустам, завершаны карнізам і атыкамі. Быў рэзідэнцыяй ген.-губернатараў і губернатараў, штаб-кватэры Напалеона. У Вял.Айч. вайну спалены. Адноўлены пасля вайны. Першапач. планіроўка зменена.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДО́ГРАФ (ад грэч. hodos шлях, рух, кірунак + ...граф),
1) у механіцы — крывая лінія, утвораная канцом вектар-функцыі, значэнні якой пры розных значэннях аргумента адкладзены ад агульнага пачатку (пункт 0). Калі, напр., становішча рухомага пункта M вызначаецца радыус-вектарам , то гадограф вектара — траекторыя руху гэтага пункта. Гадограф дае геам. ўяўленне пра змяненне ў часе некат. вектар-функцыі і пра скорасць гэтага змянення, якая накіравана па датычнай да гадографа, напр., скорасць пункта M накіравана па датычнай да гадографа вектара , паскарэнне — па датычнай да гадографа вектара скорасці .
2) У сейсмалогіі — графік залежнасці паміж адлегласцю і часам, на працягу якога сейсмічныя ваганні распаўсюджваюцца ад цэнтра землетрасення або выбуху да пункта назірання. Аналіз формы гадографа выкарыстоўваецца пры даследаваннях будовы Зямлі, для разведкі карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап.ч.СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.І.Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.