РАМАКРЫ́ШНА (сапр. Чатэрджы Гададхар ; 18.2.1836, Камарпукур, Індыя — 16.8.1886), індыйскі мысліцель, рэліг. прапаведнік і грамадскі дзеяч. У юнацтве быў індуісцкім жрацом. Імкнуўся аб’яднаць адвайта-веданту Шанкары з вучэннем Рамануджы. Лічыў, што для адраджэння Індыі і ўсяго чалавецтва неабходна адзіная рэлігія; прапаведаваў духоўную роднасць усіх рэлігій. Асабістая яго рэліг. практыка была звязана з пакланеннем жаночаму боскаму пачатку, цэнтр. персанажу індуісцкага пантэона багіні Калі (Вял. Маці). Паводле Р., гал. патрабаванне рэліг. этыкі — не адмаўленне ад свету, а выкананне сваіх абавязкаў. Значна паўплываў на ідэалогію інд. нац. руху. У сучаснай Індыі Р. прыраўноўваюць да святых — да тых, хто пры жыцці дасягнуў духоўнага вызвалення, набыў пазаасобаснае быццё.
т. 13, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)