ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),
парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз.памер , радзей 3/8, 6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.Ланер, І.Штраус-бацька, І.Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар.танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, В.Залатароў, І.Лучанок, С.Картэс, Р.Пукст, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,
водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж.сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРБ у чалавека, вынік паталаг. змены крывізны пазваночніка, выкліканай разбурэннем цел пазванкоў туберкулёзным працэсам, іх спаданнем, парушэннем суадносін паміж пазванкамі, зрушэннем назад асцістых адросткаў і дужак разбураных цел. Перыяд ад занесенай у пазванкі інфекцыі да з’яўлення гарба ў хворых, якія не лечацца, залежыць ад узросту (ва ўзросце 3 гадоў горб з’яўляецца праз 3—6 месяцаў, пасля 5 гадоў — праз 8—12 месяцаў), стану здароўя, месца лакалізацыі пашкоджання (у шыйным і паяснічным аддзелах горб выяўляецца пазней і пры значных разбурэннях, у грудным — раней і хутка павялічваецца). У дарослых пераважна краявое пашкоджанне цел пазванкоў і горб не ўтвараецца нават пры пашкоджанні значнай іх колькасці. У дзяцей пры туберкулёзным пандыліце частка пазванкоў, што знаходзяцца вышэй над разбуранымі, нахіляецца ўперад, заднія часткі разбураных цел выгінаюцца назад і ўтвараюць горб. Яго форма і памер залежаць ад ступені пашкоджання пазваночніка (пры частковым разбурэнні цел пазванкоў горб мае дугападобную форму), лакалізацыі пашкоджання (верхнегрудны аддзел — месца самых вял. дэфармацый, у сярэднегрудным аддзеле форма гарба найчасцей востравугольная, у паяснічным не бывае вял. гарба). Лячэнне туберкулёзнага спандыліту антыбактэрыяльнае і артапедычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,
парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл.Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелерыдаўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.
Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНАГРАВЮ́РА, лінарыт,
пукатая гравюра на лінолеуме або падобных да яго палімерна-пластычных матэрыялах; адна з тэхнік эстампа. Паводле тэхнікі і маст. сродкаў блізкая да тарцовага дрэварыту. Узнікла ў пач. 20 ст. Спецыфічныя якасці Л. (лаканізм маст. мовы, рэзкія кантрасты чорнага і белага, сакавіты і маляўнічы штрых, які атрымліваецца дзякуючы мяккасці матэрыялу, магчымасць выкарыстоўваць вял.памер аркуша і каляровы друк, высокая тыражнасць) і параўнаўчая прастата выканання абумовілі яе вял. пашырэнне. У тэхніцы Л. працавалі А.Матыс, П.Пікасо (Францыя), Ф.Мазерэль (Бельгія), П.Нільсен (Данія), Э.Пакард, Б.Рэндал (ЗША), Л.Мендэс (Мексіка), Дз.Мітрохін, У.Фаворскі (Расія) і інш. У бел. мастацтве развіваецца з 1920-х г. (А.Астаповіч, І.Гембіцкі, Г.Змудзінскі, М.Тарасікаў, А.Тычына, С.Юдовін, мастакі Зах. Беларусі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук). Сярод бел. майстроў 1950—90-х г. Л.Асецкі, М.Басалыга, Я.Бусел, П.Герасімовіч, С.Герус, М.Гуціеў, А.Ільіноў, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, Ю.Кухараў, Г.Лойка, А.Лось, М.Макаранка, Р.Маліноўскі, В.Мікіта, А.Паслядовіч, С.Раманаў, У.Садзін, В.Ткачук, Ю.Тышкевіч, У.Хмызнякоў, В.Шаранговіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУЛЬ (ад лац. modulus мера) у архітэктуры, умоўная адзінка, што ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, збудавання або комплексу. Адзін з асн. сродкаў арх. кампазіцыі, які выкарыстоўваецца для прывядзення ў гарманічнае адзінства памераў цэлага і яго частак (напр., залатое сячэнне).
Вядомы са старажытнасці. У залежнасці ад асаблівасцей буд. тэхнікі і кампазіцыі будынкаў за М. прымаліся розныя велічыні: у стоечна-бэлечных канструкцыях (гл.Ордэр) — радыус або дыяметр калоны, шырыня трыгліфа ці памербуд. вырабу (цэглы, бервяна), у сценавых канструкцыях — таўшчыня сцяны, у крыжова-купальных збудаваннях — дыяметр купала ці стараны падкупальнага памяшкання. Для вызначэння абсалютнай велічыні будынка ў якасці М. выкарыстоўвалі меры даўжыні (фут, сажань, метр і інш.), якія ўтварылі т. зв. лінейны М. У 2-й пал. 20 ст. з прагрэсам буд. тэхнікі, тыпізацыі буд-ва і індустрыялізацыі масавага домабудавання лінейны М. набыў вял.тэхн. значэнне як сродак узгаднення планіровачных і канстр. элементаў будынкаў, іх уніфікацыі і стандартызацыі. Айчыннымі, замежнымі і міжнар. нормамі і стандартамі ўстаноўлены асн. М. памерам у 100 мм. Для вызначэння аб’ёмна-планіровачных памераў будынкаў выкарыстоўваюць узбуйненыя М. (ЗМ., 6М., 12М., 15М., 30М., 60М.), для вызначэння сячэння дробных дэталяў, зазораў паміж імі — дробныя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ХАД СЯЛЯ́НСКІ,
права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв.пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛ вядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр. рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл.Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАШТОЎНЫЯ ПАПЕ́РЫ,
дзяржаўныя абавязацельствы, якія афармляюцца ў выглядзе пазыковых каштоўных папер. Выпускаюцца цэнтр. і дзярж. ўстановамі і мясц. органамі ўлады з мэтай мабілізацыі грашовых сродкаў для фінансавання дзярж. доўгу. бюджэтнага дэфіцыту, мэтавых агульнанац. і рэгіянальных праграм, забеспячэння камерц. банкаў ліквіднымі актывамі, падтрымкі ўстаноў і арг-цый сац. накіраванасці, рэгулявання грашовай масы ў абарачэнні. Першаснае размяшчэнне Дз.к.п. ажыццяўляецца Нац. (Цэнтр.) банкам праз сетку дылераў (камерцыйныя банкі, фін. кампаніі і г.д.) шляхам правядзення аўкцыёнаў, адкрытага продажу або на падставе індывід. перагавораў. Існуюць рыначныя і нярыначныя Дз.к.п. Рыначныя — казначэйскія вэксалі, ноты, аблігацыі, якія свабодна прадаюцца і купляюцца на другасным рынку кашт. папер, значная частка іх абароту прыпадае на пазабіржавы рынак; асн. трымальнікі — крэдытна-фін. ўстановы, інстытуцыянальныя інвестары (пенсіённыя, страхавыя. інвестыцыйныя фонды і г.д.), прыватныя асобы. Нярыначныя — ашчадныя аблігацыі і сертыфікаты, некаторыя віды пенсіённых аблігацый, якія размяшчаюцца мясц. органамі ўлады або рэалізуюцца за мяжой; прызначаюцца гал. чынам для размяшчэння сярод насельніцтва і не могуць свабодна пераходзіць ад аднаго трымальніка да другога. Парадак і памер выплат даходаў па Дз.к.п. вызначаюцца працэнтнымі стаўкамі, дысконтам, правядзеннем выйгрышных пазык. На Беларусі ў абароце знаходзяцца дзярж. кароткатэрміновыя аблігацыі, казначэйскія вэксалі, кароткатэрміновыя абавязацельствы Нац. банка, трымальнікамі якіх з’яўляюцца выключна юрыд. асобы; імянныя прыватызацыйныя чэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.