МАРЦЫНЮ́К (Аляксандр Іванавіч) (н. 7.2.1945, Гродна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1969), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1969 працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, з 1976 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Вызначаецца адметным увасабленнем камед. вострахарактарных роляў, дакладна распрацоўвае іх маст. форму і вобразны змест: Куторга («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Адольф Быкоўскі («Паўлінка» Я.​Купалы), Шкаляр Самахвальскі («Несцерка» В.​Вольскага), Крызальд («Школа жонак» Мальера), Бергамэн («Рамантыкі» Э.​Растана), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні), Міколка («Бабскі бунт» паводле М.​Шолахава). З інш. роляў: Феронда («Дэкамерон» паводле Дж.​Бакачыо), Ксанф («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Клэр Куілці («Лаліта» Э.​Олбі паводле У.​Набокава), Чэда («Пані міністэрша» Б.​Нушыча), Шыронкін («Мандат» М.​Эрдмана), Патапаў, Хамутоў («Правінцыяльныя анекдоты» А.​Вампілава).

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРУ́ТА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 6.10.1924, Тбілісі),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла студыю пры т-ры «Чырвоны факел» (г. Новасібірск, 1974). Працавала ў т-рах Новасібірска, Якуцка, Златауста. У 1956—81 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў травесці, характарных. Акцёрскай манеры ўласціва выразнасць знешняга малюнка і дынаміка ў раскрыцці ўнутранай сутнасці персанажа, удалае выкарыстанне сцэнічнай дэталі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Рыгорка («У бітве вялікай» А.​Маўзона), Ермаліцкая («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Зося («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Дунька («Любоў Яравая» К.​Транёва), Клюка («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Марыя Іпалітаўна, Тузікава («Мана для вузкага кола», «Барабаншчыца» А.​Салынскага), Ефрасіння Патапаўна («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Цвятаева («Мяшчане» М.​Горкага), Дорка («Зімовая казка» У.​Шэкспіра), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Канчэта («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э.​Дэ Філіпа).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАСЛО́ЎСКІ (Мікіта Уладзіміравіч) (н. 22.5.1913, С.-Пецярбург),

рускі кампазітар. Нар. арт. СССР (1983). Багаслоўскі — майстар песеннага жанру (больш за 300 песень), найб. папулярныя «Спяць курганы», «Цёмная ноч», «Любімы горад» і інш. Сярод інш. твораў: опера «Соль» паводле І.​Бабеля (1981); муз.-лірычныя драмы «Балаганчык» і «Незнаёмка» паводле А.​Блока (1982); муз. Камедыі; 8 сімфоній; сімф. аповесць «Васіль Цёркін» (1950); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў (каля 120). Аўтар кн. «Тысяча дробязяў» (1973), «Відавочнае, але верагоднае» (1981) і інш.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (14.4.1883, С.-Пецярбург — 30.9.1961),

рускі рэжысёр, дзеяч т-ра для дзяцей. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1908). Заснавальнік і кіраўнік Ленінградскага тэатра юных гледачоў (з 1921). Здзейсніў 48 пастановак, у т. л. «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Выкрадальнік агню» П.​Горлава, «Беднасць не загана» А.​Астроўскага, «Цімошкаў руднік» Л.​Макар’ева, «Сын палка» паводле В.​Катаева. Аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі тэатра для дзяцей. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕ́Ж,

у крымінальным праве адкрытае выкраданне маёмасці, учыненае без насілля або з насіллем, няшкодным для жыцця і здароўя. Належыць да групы злачынстваў супраць уласнасці. Акалічнасцямі, якія абцяжарваюць грабеж, з’яўляюцца насілле над пацярпелым, выкраданне паводле папярэдняй змовы групай асоб, пранікненне ў жыллё, памяшканне або інш. сховішча, буйныя памеры выкрадзенага або ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь караецца пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін (максімальная мера пакарання — 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.​Б.​Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЛЕР (Аляксей Якаўлевіч) (11.10.1904, Кіеў — 11.9.1979),

расійскі кінадраматург. Засл. дз. маст. РСФСР (1969). Адзін з заснавальнікаў т-ра «Арлекін» у Кіеве (1919). З 1939 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Ленін у Кастрычніку» (1937), «За вітрынай універмага» (1956), «Паласаты рэйс» (1961, у сааўт.), «Чалавек-амфібія» (1962, паводле рамана А.​Бяляева), «Прымаю бой» (1966), «Сіняя птушка» (паводле М.​Метэрлінка, 1976, у сааўт.), тэлефільма «Вера, Надзея, Любоў» (1972) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1981.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КІ (ням. Lack),

растворы плёнкаўтваральных рэчываў у арган. растваральніках. Тонкія слаі Л., нанесеныя на паверхню, высыхаюць з утварэннем цвёрдых, бліскучых, празрыстых пакрыццяў (гл. Лакафарбавыя пакрыцці). У састаў Л. звычайна ўваходзяць пластыфікатары, сікатывы, ацвярджальнікі і інш. спец. дабаўкі. Класіфіцыруюць Л. паводле хім. прыроды плёнкаўтваральніка, напр., алкідныя лакі (гл. Алкідныя смолы), поліэфірныя лакі, эфірацэлюлозныя лакі, а таксама паводле галін выкарыстання (напр., мэблевыя, кансервавыя, электраізаляцыйныя). Выкарыстоўваюць як аснову пры атрыманні эмаляў, грунтовак, шпаклёвак, для апрацоўкі драўніны, металу, пластмасы, паперы, тканін.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)