БАРЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,
размеркаванне ціску паветра ў атмасферы Зямлі. Характарызуецца ізабарнымі паверхнямі (умоўныя паверхні з аднолькавым ціскам). Складаецца з барычных сістэм — рухомых абласцей паніжанага і павышанага ціску з замкнёнымі (цыклон, антыцыклон) і незамкнёнымі (лагчына, грэбень, седлавіна) ізабарамі. Неаднароднасць ціску ў барычным полі абумоўлівае сістэму паветр. плыняў, размеркаванне т-ры, воблачнасці, ападкаў і інш. метэарал. Элементаў.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА БУ́РЫ, вока тайфуну,
вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАМАРФІ́ЗМ (ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),
асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙТО́НА-БІЧ (Daytona Beach),
прыморскі кліматычны курорт у ЗША. На ПдУ ад г. Джэксанвіл, на беразе Атлантычнага ак. Вельмі цёплы субтрапічны клімат з гарачым летам, сусветна вядомы пляж (37 км) са шчыльнага белага пяску, багатая расліннасць, іанізаванае паветра ствараюць умовы для адпачынку (асабліва зімовага) і лячэння многіх хвароб. Цэнтр паруснага спорту і турызму.
т. 6, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́ЙСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (21.3.1825, г. Котка, Фінляндыя — 1.4.1890),
расійскі вынаходнік у галіне лятальных апаратаў, цяжэйшых за паветра. Контр-адмірал (1886). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1841). У 1881 атрымаў прывілей на вынайдзены ім «паветралятальны снарад» (самалёт манаплан). У 1882 пабудаваны лятальны апарат з 2 паравымі машынамі, аднак самастойны палёт на ім зрабіць не ўдалося.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ КЛІ́МАТ,
тып умерана цёплага субтрапічнага клімату з гарачым летам і халаднаватай дажджлівай зімою. Уласцівасці яго абумоўлены перавагай летніх субтрапічных антыцыклонаў і інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю ў халоднае паўгоддзе. Т-ра паветра летам 20—25 °C, зімою 5—10 °C, ападкаў 400—600 мм за год, асобныя раёны паўзасушлівыя. М.к. тыповы для ўзбярэжжа Міжземнага мора.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],
бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ АХАЛО́ДЖВАННЕ,
паніжэнне т-ры зямной паверхні ў выніку прамянёвага цеплаабмену пры адмоўным радыяцыйным балансе. Назіраецца звычайна ў малавоблачныя ночы, калі выпрамяненне Зямлі значна большае за атмасфернае выпрамяненне на зямную паверхню. Р.а. спрыяе нізкая вільготнасць паветра, адсутнасць або невял. скорасць ветру, малая цеплаправоднасць глебы. З’яўляецца асн. прычынай утварэння замаразкаў і радыяцыйных туманаў.
т. 13, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЕНЕРА́ТАР у цеплатэхніцы,
разнавіднасць цеплаабменніка, дзе перадача цеплаты ажыццяўляецца шляхам пачарговага кантакту цепланосьбітаў з аднымі і тымі ж паверхнямі апарата. Найб. пашыраны Р. уяўляе сабой камеру, запоўненую спец. цаглянай насадкай. У час кантакту з гарачым цепланосьбітам насадка награваецца, з халодным — ахалоджваецца і награвае яго. Р. з перыядычным пераключэннем цепланосьбітаў забяспечвае падагрэў паветра да 1200 °C.
т. 13, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВО́Е ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
1) тое, што святло.
2) Адзін з паражальных фактараў ядзернай зброі — магутны паток светлавой энергіі.
Крыніца С.в. — святлівая вобласць, якая складаецца з нагрэтых да высокай т-ры прадуктаў ядз. рэакцыі, паветра, пары глебы і вады. Выклікае апёкі скуры, пашкоджванне вачэй, узгаранне, асмальванне і аплаўленне розных матэрыялаў. Гл. таксама Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў.
т. 14, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)