рака на ЗУсх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл.бас. 454 тыс.км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асетр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш.Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ.ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.Г.Кнорын, А.Р.Чарвякоў і І.Т.Смілга [ад КП(б)Літбел], А.М.Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.М.Ігнатоўскі (Бел.камуніст.арг-цыя), А.І.Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.
(«Книга Посольская Метрики Великого Княжества Литовского...»),
выданне кніг-копій Метрыкі Вялікага княства Літоўскага дыпламатычнага зместу. Выдадзена ў 1843 у Маскве ў 2 т. Паводле даручэння Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх падрыхтавана М.А.Абаленскім, І.М.Даніловічам (т. 1), М.П.Пагодзіным, Дз.М.Дубенскім (т. 2). У т. 1 апублікавана кніга Метрыкі, якая змяшчае дыпламат. перапіску вял. князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста з Крымскім ханствам, Турцыяй, Расіяй, Прусіяй і інш. за 1545—72. У прадмове да тома выкладзена гісторыя Метрыкі ВКЛ і Кароннай Метрыкі, у дадатках змешчаны вопіс кніг Метрык, некаторых актаў Метрык, мірны дагавор Альгерда і Казіміра III 1366, факсіміле старонкі апублікаванай пасольскай кнігі, табліца філіграней. У т. 2 — дакументы дыпламат. характару вял. князя ВКЛ і караля польскага Стафана Баторыя за 1576—83. У асноўным дакументы датычаць адносін Рэчы Паспалітай з Расіяй. Змешчаны таксама некат. больш раннія акты, факсіміле старонкі пасольскай кнігі, табліца філіграней і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. mobilisation ад лац. mobilis рухомы),
комплекс мерапрыемстваў па пераводу на ваен. становішча ўзбр. сіл, эканомікі і дзярж. ін-таў краіны (агульная М.) або якой-н. іх часткі (частковая М.). Можа праводзіцца адкрытым або скрытым спосабам. Абвяшчэнне М. — кампетэнцыя вышэйшых органаў дзярж. улады; у Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. М. стала практыкавацца са стварэннем масавых армій, якія камплектуюцца на аснове ўсеаг. воінскай павіннасці (канец 18—19 ст.). У Расіі тэрмін «М.» стаў афіцыйна ўжывацца з 1870. М. ўзбр. сіл заключаецца ў іх пераводзе (разгортванні) на арганізацыю і састаў ваен. часу. Фактарамі паспяховага правядзення М. ўзбр. сіл з’яўляюцца: наяўнасць і падрыхтаванасць людскіх рэсурсаў для камплектавання разгортваемых вайск. фарміраванняў; назапашванне ў мірны час неабходных запасаў узбраення, ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў; добра пастаўлены ўлік, апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных. М. эканомікі ўключае разгортванне ваен. вытв-сці, перабудову нар. гаспадаркі і навукі на патрэбы ваен. часу і забеспячэнне жывучасці і ўстойлівасці гасп. механізму краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,
наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Сандэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл.Портсмуцкі мірны дагавор 1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЙМЕГЕН (Nijmegen),
горад у цэнтр.ч. Нідэрландаў. Каля 150 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ваал. Прам-сць: эл.-тэхн., суднабуд., гарбарна-абутковая, папяровая, хім., фарфора-фаянсавая. Каталіцкі ун-т. Музей старажытнасцей. Арх. помнікі 11—17 ст.: капэла палаца Валкхоф, царква Сінт-Стэвенскерк (Гротэ керк), рэнесансавая ратуша.
Напачатку вядомы як паселішча племя батаваў. У час рым. заваявання (1 ст. да н.э.) Noviomagus Batavorum. З пач. 9 ст. рэзідэнцыя Карла Вялікага і яго нашчадкаў (Каралінгаў). З 1230 вольны каралеўскі горад, член Ганзы. У 1248 далучаны да графства Гелдэрн. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі заняты ў 1585 ісп. войскамі, у 1591 адваяваны галандцамі. У 1678—79 у Н. падпісаны мірны дагавор паміж франц. і антыфранц. кааліцыямі. У 1794 зноў заняты франц. войскамі. З 1795 у складзе Батаўскай рэспублікі, з 1810 — Францыі. У 1815 вернуты Галандыі. У 1923 у Н. засн. каталіцкі ун-т. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення наступальнай аперацыі англа-амер. войск.
польскае ўзбр.нац.-вызв. паўстанне на зах.ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.
Літ.:
Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,
1) войскі, якія ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе і прызначаны для хуткага мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл у час вайны (частковага разгортвання пры выкананні баявых і інш. задач у лакальных войнах).
Ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. у склад Р.в. уваходзяць: нац. гвардыя, рэзервы відаў узбр. сіл. войскі берагавой і пагран. аховы, а ў шэрагу армій — і сілы бяспекі, жандармерыя і некат. паўваен. фарміраванні. Камплектуюцца з асабовага складу, які прайшоў тэрміновую ваен. службу або атрымаў адпаведнае ваен. навучанне.
2) Катэгорыя вайск. фарміраванняў у Расіі, Аўстра-Венгрыі (ландвер і гонвед), Францыі і інш. у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (былі ў колькасна меншым складзе ў параўнанні з т.зв. палявымі войскамі). Прызначаліся для папаўнення дзеючай арміі, аховы камунікацый, нясення гарнізоннай службы ў крэпасцях. Шэраг палкоў і батальёнаў Р.в. рас. арміі мелі (да 1917) бел. найменні, напр., Мінскі, Брэсцкі, Віцебскі пях. рэзервовыя палкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКА-ЧАРНАГО́РСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1876—78,
вызваленчыя войны Сербіі і Чарнагорыі супраць Асманскай імперыі. Праходзілі ва ўмовах нарастання нац.-вызв. руху на Балканах (гл.Красавіцкае паўстанне 1876 у Балгарыі). 18.6.1876 Чарнагорыя і Сербія (патрабавала ад Асманскай імперыі перадачы Босніі і Герцагавіны пад сваё кіраванне) абвясцілі вайну Турцыі. У ходзе ваен. дзеянняў тур. войскі занялі шэраг населеных пунктаў Сербіі. Дзякуючы ультыматуму Расіі (прад’явіла тур. ўраду 31.10.1876) было заключана перамір’е. У лют. 1877 Сербія падпісала мір з Турцыяй на ўмовах даваен. становішча (Чарнагорыя мірны дагавор не падпісала). З пачаткам рус.-тур. вайны 1877—78 Чарнагорыя ў крас. 1877 аднавіла ваен. дзеянні. У снеж. 1877 Сербія зноў уступіла ў вайну, якая была фактычна часткай рус.-тур. вайны 1877—78. Сербскія і чарнагорскія войскі сумесна з рас. атрадам ген. І.У.Гуркі дасягнулі значных поспехаў на паўд. і ўсх. напрамках. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 Сербія і Чарнагорыя атрымалі незалежнасць і значна пашырылі свае тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 16—19 ст. войны паміж Расіяй і Швецыяй за Прыбалтыку, Фінляндыю і панаванне на Балтыйскім м.Узбр. сутычкі паміж гэтымі краінамі вядомы з 13 ст., але маштабныя ваен. дзеянні разгарнуліся з 16 ст.Вайна 1554—57 выклікана нежаданнем шведскага караля Густава I весці знешнія зносіны з Расіяй праз Ноўгарад. Баявыя дзеянні прычынілі абодвум бакам урон у гандлі, і Густаў прапанаваў мір; гэта адпавядала інтарэсам Івана IV (ён рыхтаваўся да вайны з Лівонскім ордэнам). Наўгародскі мір 1557 захаваў даваен. сістэму ўзаемаадносін і размежавання зямель. Вайна 1558—83, гл.Лівонская вайна 1558—83. Паводле Плюскага перамір’я 1583 шведы завалодалі паўн.ч. Эстоніі. Нявырашанасць пытання аб межах выклікала вайну 1590—93. Аблога рас. войскамі крэпасці Нарва зацягнулася. Толькі нечаканы рэйд. рас. атрадаў да Гельсінгфорса і Аба прымусіў шведаў заключыць Цяўзінскі дагавор 1595. Швецыя захавала Нарву, Рэвель, Везенберг і інш.эст. гарады, але вяртала Расіі Кексгольм (Карэлу), Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург (Арэшак), Ладагу. За ваен. дапамогу ў гады «Смуты» Васіль Іванавіч Шуйскі перадаў Швецыі паводле Выбаргскага дагавора 1609 Карэльскі павет. Скарыстаўшы слабасць Расіі, шведы ў 1610—11 занялі ўсю Наўгародскую зямлю. Паводле Сталбоўскага міру 1617 Расіі вернуты Ноўгарад, Кексгольм, Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург. Вайна 1656—58 выклікана імкненнем Расіі вярнуць і інш. страчаныя землі. Выкарыстаўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67), Расія заключыла з ёю Віленскае перамір’е 1656. Рус. войскі разгарнулі наступленне на швед. землі і дайшлі да Рыгі. Але контрнаступленне шведаў і аднаўленне вайны з Рэччу Паспалітай прывялі да заключэння са Швецыяй напачатку Валіесарскага дагавора 1658 аб перамір’і на 3 гады, а потым — Кардыскага мірнага дагавора 1661, які фактычна замацаваў даваен. размежаванне зямель. Вайна 1700—21, гл.Паўночная вайна 1700—21. Вайна 1741—43 была спробай Швецыі вярнуць тэр., страчаныя пасля Паўн. вайны (гл.Ніштацкі мірны дагавор 1721). Рас. войскі атрымалі шэраг перамог і вясной 1743 падышлі да тэр. Швецыі, узнікла пагроза высадкі рас. дэсантаў. У гэтых умовах швед. ўрад падпісаў Абаскі мірны трактат 1743, які ўмацаваў становішча Расіі на Балт.м. і ў Прыбалтыцы; да Расіі далучана ч. Фінляндыі да р. Кюмене. Вайна 1788—90 пачата Швецыяй, калі асн. сілы Расіі вялі вайну з Турцыяй (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Швецыя запатрабавала вярнуць тэр., што перайшла да Расіі паводле мірных дагавораў 1721 і 1743. Шведскі флот падыходзіў да Пецярбурга. Аднак Рас. флот перамог у Гагландскай (1788) і Выбаргскай (1790) бітвах; не мела поспеху і швед. наступленне ў Фінляндыі. Вярэльскі мірны дагавор 1790 заключаны ва ўмовах захавання ранейшых граніц (гл. таксама Аньяльскі саюз). Вайна 1808—09 вялася Расіяй у саюзе з Даніяй супраць Швецыі і Вялікабрытаніі (гл.Руска-англійская вайна на моры 1807—12) за ўстанаўленне поўнага кантролю над Батнічным і Фінскім залівамі з мэтай умацавання бяспекі Пецярбурга. Рас. войскі захапілі ўсю Фінляндыю, Аландскія а-вы і высадзілі дэсант на ўзбярэжжы Швецыі. Скончылася Фрыдрыхсгамскім мірным дагаворам 1809 (да Расіі адышлі Фінляндыя і Аландскія астравы).
Літ.:
История внешней политики России, конец XV—XVII вв. М., 1999;
История внешней политики России XVIII в. М., 1998;
Коваленко Г.М. Кандидат на престол: Из истории полит. и культурных связей России и Швеции XI—XX вв. СПб., 1999;
Похлебкин В.В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справ. Вып. 2. Войны и мирные договоры. М., 1998.
С.Л.Лугаўцова.
Да арт.Руска-шведскія войны 16—19 ст. Пераход расійскіх войск цераз Батнічны заліў у сакавіку 1809. Гравюра пач. 19 ст.