ПІРЭТРО́ІДЫ,

група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́АС ((Boas) Франц) (9.7.1858, г. Міндэн, Германія — 21.12.1942),

амерыканскі этнограф, антраполаг, лінгвіст. Праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку (1899—1937). Удзельнічаў у экспедыцыях у Арктыку (1883—84). Большая ч. этнагр. прац прысвечана культуры і мовам індзейцаў паўн.-зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі і эскімосаў. Распрацаваў методыку фармальнага апісання індзейскіх моў. У шэрагу прац разглядаюцца агульныя пытанні этнаграфіі, антрапалогіі і археалогіі Амерыкі. Заклікаў да стацыянарнага палявога даследавання канкрэтных культур. Праціўнік расісцкіх тэорый, антыфашыст, чл. многіх арг-цый ліберальнай інтэлігенцыі ЗША, прыхільнік дэмакр. рэформаў.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТСАН, Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАВА́НЫ ГРУНТ,

зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Іван Фёдаравіч) (24.3.1909, в. Забалацце Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.12.1992),

бел. вучоны ў галіне таваразнаўства. Д-р тэхн. н., праф. (1971). Скончыў Бел. таваразнаўчы ін-т (1932). У 1944—67 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (з 1962 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні таваразнаўчых, біяхім. і тэхнал. уласцівасцей збожжа і прадуктаў іх перапрацоўкі.

Тв.:

Товароведение пищевых продуктов. Мн., 1939;

Биохимия и товароведение семян зернобобовых культур и продуктов их переработки. Мн., 1961;

Горох и его использование. Мн., 1962.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКО́ЛЬ (Agrostemma),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек расліны.

Куколь звычайны.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КІ ((Leakey) Луіс Сеймур Базет) (7.8.1908, Кебетэ, каля г. Найробі, Кенія — 1.10.1972),

англійскі археолаг і антраполаг. Працаваў дырэктарам Ін-та антрапалогіі, гісторыі і стараж. культуры ў Найробі (Кенія). У 1927—29 вёў раскопкі ў шматслойнай пячоры Гэмбл-2 і вызначыў адносную храналогію шэрагу ўсх.-афр. археал. культур; у 1930 вывучаў неалітычную пячору Ньёра, з 1951 даследаваў наскальныя малюнкі ў Танзаніі. У 1959—60 знайшоў у цясніне Олдувай рэшткі выкапнёвых прыматаў — зінджантрапа і прэзінджантрапа, а таксама чэрапа чалавека, падобнага да яванскага пітэкантрапа.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЧЭ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.9.1935, г. Есентукі, Расія),

малдаўскі генетык. Акад. АН Малдовы (1976). Чл.-кар. Расійскай АН (1973). Скончыў Вышэйшы с.-г. ін-т імя В.​Каларава (1960; Балгарыя). З 1960 у Малдаўскім НДІ арашальнага земляробства і агародніцтва (у 1967—76 дырэктар). У 1977—89 прэзідэнт АН Малдовы. Навук. працы па прыкладной генетыцы і тэарэт. асновах селекцыі с.-г. раслін (пытанні генетыкі памідораў, генетыка-біяхім. прыроды ўстойлівасці агароднінных культур да захворванняў, выкарыстання матэм. метадаў для прагназавання гетэрозісу).

Тв.:

Генетика томатов. Кишинев, 1973.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Сяргей Сцяпанавіч) (18.9.1901, в. Старое Сямёнкава Уладзімірскай вобл., Расія — 19.11.1990),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1931). У 1938—74 заг. кафедры земляробства БСГА. Навук. працы па эфектыўнасці севазваротаў з выкарыстаннем травасеяння, прамежкавых культур, сідэратаў, вапны і сістэм гербіцыдаў.

Тв.:

Занятыя папары і рацыянальнае іх выкарыстанне. Мн., 1960;

Основы земледелия. Мн., 1963;

Земледелие Западной и Северо-Западной зон СССР. М., 1967.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАВЕ́РШАНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

часткова гатовая прадукцыя, якая не прайшла поўны тэхнал. цыкл вытв-сці, неабходны, каб прадукцыю можна было накіраваць на склад гатовай прадукцыі, заказчыку, на рынак для продажу. Н.в. у буд-ве — буд. аб’ект, не ўведзены ў эксплуатацыю, не здадзены заказчыку. Н.в. у сельскай гаспадарцы — частка абаротных фондаў с.-г. прадпрыемства, якая забяспечвае бесперапыннасць вытв. працэсаў. У яе ўключаюць аб’ёмы працы і прадукцыю, якая знаходзіцца на прамежкавых стадыях вытв. працэсу: зяблівае ворыва, сяўбу азімых культур і шматгадовых траў, маладняк жывёлагадоўлі і інш.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)