РЭ́ЙНУО́ТЭР (Rainwater) Леа Джэймс (9.12.1917, г. Каўнсіл, штат Айдаха, ЗША — 31.5.1986),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1968). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1939). З 1939 у Калумбійскім ун-це (з 1952 праф., у 1951—53 і 1956—61 дырэктар Невіскай цыклатроннай лабараторыі). Навук. працы па нейтроннай спектраскапіі, ядз., нейтроннай і мезоннай фізіцы. Выказаў гіпотэзу аб несферычнасці ядзер зпрычыны дэфармавання нейтронных абалонак цэнтрабежнымі сіламі (сфераідальная мадэль ядра Р.; 1950), якую ў 1953 пацвердзілі О.Н.Бор і Б.Р.Мотэльсан. Вызначыў масу µ+-мезона (разам з В.Л.Фітчам), вымераў радыусы ядзер з атамнымі нумарамі ад 13 да 83 і ўдакладніў значэнне радыуса пратона (1953). Удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам і Мотэльсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Как возникла модель сфероидальных ядер // Успехи физ. наук. 1976 Т. 120, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАПАТАЛО́ГІЯ,
навука пра імуналагічныя хваробы; раздзел імуналогіі; адзін з кірункаў паталогіі. Таксама паталагічныя змены ў арганізме, абумоўленыя парушэннямі імунітэту. Суправаджаюцца імунадэфіцытам — паніжэннем ахоўных магчымасцей арганізма пад уплывам антыгенаў. Бываюць пры марфал. і функцыян. зменах у сістэме неспецыфічнага і спецыфічнага імунітэту, закранаюць генет., сістэмныя, клетачныя, малекулярныя і інш. механізмы рэагавання арганізма на чужародныя субстанцыі. Аснову для развіцця імунадэфіцыту складаюць разбалансаванасць сістэмы кіравання імунітэтам, уздзеянне на яго клеткі вірусаў, бактэрый, хім. (у т. л.лек.) рэчываў, прадуктаў дысметабалізму і інш. Імунадэфіцыт бывае прыроджаны, або першасны (генет. абумоўлены), другасны, або набыты, транзіторны (пераходны). Прыкметы І. залежаць ад прычыны ўзнікнення, закранаюць гумаральную, марфал. і інш. сферы. Найб. небяспечныя віды І. — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД), асобныя аўтаімунныя хваробы, алергічныя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРАПІ́Я (ад грэч. therapeia догляд, лячэнне),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення хвароб (этыялогію), механізмы іх развіцця (патагенез), метады распазнавання (дыягностыку), лячэнне і прафілактыку захворванняў унутр. органаў (нырак, печані, сэрца, страўніка, залоз унутр. сакрэцыі і інш.). Т. наз. таксама т.зв. кансерватыўныя метады лячэння хвароб: лекамі (лекавыя сродкі), у т. л. гарманальнымі сродкамі (гармонатэрапія), вакцынамі і сывараткамі (вакцынатэрапія, сератэрапія), рознымі відамі іянізавальнага выпрамянення (прамянёвая тэрапія), кліматычнымі ўмовамі (клімататэрапія), масажам, фіз. фактарамі і практыкаваннямі (фізіятэрапія), лячэбным харчаваннем, лячэбнай фізічнай культурай, крыятэрапіяй і інш. Цесна звязана заховай здароўя.
Адрозніваюць Т.: этыятропную, накіраваную на ліквідацыю прычын хваробы; замяшчальную — папаўненне рэчываў, якіх не хапае ў арганізме; патагенет. (выкарыстанне сродкаў, якія разрываюць механізм развіцця хваробы); сімптаматычную, якая ўключае лячэбныя мерапрыемствы, накіраваныя на ліквідацыю пэўных сімптомаў захворвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФТЫЗІЯТРЫ́Я (ад грэч. phthisis сухоты + iatreia лячэнне),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы развіцця, эпідэміялогію туберкулёзу, распрацоўвае метады яго дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Вылучылася з тэрапіі. Выкарыстоўвае комплекс дыягнастычных метадаў: клінічных, рэнтгеналагічных, біяхім. і інш.
На Беларусі даследаванні па Ф. праводзяцца ў НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі, у Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка спосабаў дыягностыкі туберкулёзу, павышэнне эфектыўнасці лячэння дэструктыўных працэсаў ва ўмовах пагаршэння радыеэкалагічнага стану пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986), лазератэрапія пазалёгачнага туберкулёзу і інш. Уклад у развіццё Ф. зрабілі І.С.Гельберг, В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, Я.Б.Меве, С.М.Мялкіх, В.П.Скіба, П.С.Крыванос і інш.
Літ.:
Визель А.А., Гурылева М.Э. Туберкулез. М., 1999;
Савченко Н.Е., Шишко Е.И. Медицинская клиническая наука // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАЛІ́ДНАСЦЬ (ад лац. invalidus слабы, хворы),
працяглая або пастаянная страта працаздольнасці ці значнае абмежаванне яе. У залежнасці ад ступені страты адрозніваюць 1, 2 і 3-ю групы І. Пры наступленні І. назначаюцца пенсіі або штомесячныя дапамогі, прадастаўляюцца інш. віды забеспячэння і абслугоўвання. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае наступныя прычыны І., кожная з якіх мае пэўныя прававыя вынікі: агульнае захворванне (у т. л. калецтва, не звязанае з вытв-сцю або работай); калецтва прац. і прафес. захворванне; раненне (кантузія ці калецтва, атрыманыя пры абароне дзяржавы, пры выкананні інш. абавязкаў ваен. службы) або захворванні, спалучаныя са знаходжаннем на фронце; калецтва, атрыманае ў выніку няшчаснага выпадку і не звязанае з выкананнем абавязкаў ваен. службы, ці захворванне, не звязанае са знаходжаннем на фронце. Пры неабходнасці ўстанаўліваецца час наступлення І. (з дзяцінства, да пачатку прац. дзейнасці і г.д.), калі з гэтай акалічнасцю звязаны пэўныя прававыя вынікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПЕДАГО́ГІКА,
плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.Берэйтэр (ЗША), М.Манані (Францыя), А.Мілер (Швейцарыя), Р.Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць зкульт.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя зпрычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.
акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, зпрычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫЧЭ́ЛІ (Torricelli) Эванджэліста (15.10.1608, г. Фаэнца, Італія —25.10.1647),
італьянскі фізік і матэматык. Атрымаў матэм. адукацыю ў Рыме. З 1642 праф. фізікі і матэматыкі Фларэнційскага ун-та. Навук. працы па механіцы, пнеўматыцы і гідраўліцы. Вызначыў парабалічны характар траекторый руху цел, кінутых пад адвольным вуглом да гарызонту. Сфармуляваў закон выцякання вадкасці з адтуліны пасудзіны і вывеў формулу скорасці выцякання (гл.Тарычэлі формула). Адкрыў існаванне атмасфернага ціску і вакууму (Тарычэліева пустата), растлумачыў прычыны ўтварэння ветру. Вынайшаў ртутны барометр і спіртавы тэрмометр. Займаўся канструяваннем мікраскопаў і шліфоўкай лінзаў для тэлескопаў. У яго гонар названа адзінка ціску — тор.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 87—89, 97—102;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНАЕ НЕ́БА,
сукупнасць касмічных аб’ектаў (пераважна зорак), бачных з Зямлі на начным небе. Пры найлепшых умовах назірання простым вокам можна бачыць адначасова каля 2,5 тыс. зорак, у т. л.: 1-й зорнай велічыні — 13, 2-й — 40, 3-й —100, 4-й — 500, 5-й — 1600 і г.д. Большасць зорак размешчана паблізу Млечнага Шляху, а ўсяго на небе (у абодвух паўшар’ях) налічваецца каля 6 тыс. зорак да 6-й зорнай велічыні. Для зручнасці арыенціроўкі З.н. ўмоўна падзелена на 88 участкаў — сузор’яў (гл.табл.). Падзел зорак на сузор’і (у т. л.Задыяк) адносіцца да глыбокай старажытнасці. Яркія зоркі ў сузор’ях абазначаюцца літарамі грэч. алфавіта (некаторыя з іх маюць уласныя назвы); больш слабыя — лічбамі; аднесеныя да пэўнага тыпу (напр., пераменныя) — вял. лацінскімі літарамі. Яшчэ больш слабыя зоркі абазначаюцца назвай каталога і нумарамі, пад якімі яны значацца ў каталозе. Большасць аб’ектаў З.н. мс на назіраць толькі з дапамогай тэлескопаў. Яны даюць магчымасць выяўляць зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі, туманнасці галактычныя, галактыкі, квазары, скопішчы галактык і інш.; целы Сонечнай сістэмы: планеты, спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы; штучныя касм. аб’екты: штучныя спадарожнікі Зямлі, касм. зонды і інш. Некат. з пералічаных аб’ектаў можна назіраць і простым вокам, напр., рассеяныя зорныя скопішчы Плеяды і Гіяды ў сузор’і Цяльца, Яслі ў сузор’і Рака; шаравыя зорныя скопішчы ў сузор’ях Тукана і Цэнтаўра; галактычную туманнасць у сузор’і Арыёна; галактыкі ў сузор’і Андрамеды; Вял. і Малое Магеланавы Воблакі; планеты: Венеру, Юпітэр, Марс, Сатурн, Меркурый, Уран; малую планету Весту, каметы; найб. яркія ШСЗ. Удзень, акрамя Сонца, на небе простым вокам відаць толькі Месяц і Венера. Выгляд З.н. бесперапынна мяняецца зпрычыны бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы, абумоўленага вярчэннем Зямлі, а таксама павольна мяняецца зпрычыны абарачэння Зямлі вакол Сонца. Карту З.н. гл. на ўклейцы.
Літ.:
Дагаев М.М. Наблюдения звездного неба. 6 изд. М., 1988;
Зигель Ф.Ю. Сокровища звездного неба: Путеводитель по созвездиям и Луне. 5 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАЎСКІ ПУТЧ 1920, Капа—Лютвіца путч,
спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.Капам і ген. В.Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.Эберт і ўрад Г.Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн.чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б.ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш.прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.