БРЫЯ́Н (Briand) Арыстыд (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМЕ́ЙДА-ГА́РЭТ (Almeida Garrett Жуан Баптышта да Сілва Лейтан ды

(da Silva Leitão; 4.2.1799, г. Порту, Партугалія — 9.12.1854),

партугальскі пісьменнік. Прыхільнік дэмакр. канстытуцыі, у 1823 вымушаны эмігрыраваць. Пазней — дыпламат і дэпутат парламента. Заснавальнік прагрэс.-рамант. кірунку ў партуг. л-ры (паэмы «Камоэнс», 1825, «Дона Бранка», 1826; зб-кі лірычных вершаў «Кветкі без пладоў», 1845; «Апалае лісце», 1853). У цэнтры рамана «Арка святой Ганны» (ч. 1—2, 1845—51) і драм «Аўту Жыла Вісентэ» (1838), «Збройнік з Сантарэма» (1841), «Брат Луіж ды Сауза» (1844) — эпізоды нац. гісторыі.

Тв.:

Рус. пер. — Арка святой Анны. М., 1985.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА Уладзімір Аляксандравіч (21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),

савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел. культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел. паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел. Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.​Суніцы (Р.​Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМІ́Н Аляксандр Аляксандравіч (22.2.1920, Масква — 25.2.1980),

рускі гісторык, крыніцазнавец, археограф. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). Працаваў у Ін-це гісторыі СССР АН СССР, выкладаў у Маскоўскім гісторыка-архіўным ін-це (1947—73). Вывучаў паліт. і сац. гісторыю Расіі 11—18 ст., яе гістарыяграфію і крыніцазнаўства. У манаграфіях «Рэформы Івана Грознага» (1960), «Апрычніна Івана Грознага» (1964), «Расія на парозе новага часу» (1972), «Расія на рубяжы XV—XVI стагоддзяў» (1982), «Напярэдадні грозных узрушэнняў» (1986), «Віцязь на ростанях» (1991) даследаваў дыпламат. адносіны і войны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НІНГ (Canning) Джордж (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б. ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),

1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.

2) Л. папскі — тытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.

3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ЎНІНГ (Stauning) Торвальд (26.10.1873, Капенгаген — 3.5.1942),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1896 чл., у 1910—42 старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД). У 1905—42 дэп. рыксдага, у 1910—29 (акрамя 1924—26) старшыня фракцыі СДПД у рыксдагу. У 1913, 1916—18, 1920 уваходзіў ва ўрад. У 1924—26 і 1929—42 прэм’ер-міністр Даніі. Урад С. ўстанавіў дыпламат. адносіны Даніі з СССР (1924), прытрымліваўся знешнепаліт. нейтралітэту, правёў шэраг сац. рэформ (1930-я г.). У 2-ю сусв. вайну пасля акупацыі Даніі герм. войскамі (крас. 1940) С. намагаўся абараняць дзярж. інтарэсы краіны.

т. 15, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛІХО́Н (Stilicho) Флавій (каля 365—22.8.408),

рымскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Па паходжанні вандал. Вызначыўся на ваен. і дыпламат. службе пры імператару Феадосію I. З 394 галоўнакамандуючы войскамі імперыі. Пасля смерці Феадосія I (395) прызначаны апекуном малалетняга імператара Ганорыя; фактычны правіцель Зах. Рым. імперыі ў 395—408. Вёў паспяховую барацьбу з варварамі ў Брытаніі, імкнуўся ўмацаваць межы па Рэйне і Дунаі. У 401 адбіў нападзенне вандалаў і аланаў. У 402—403 пад Паленцыяй і Веронай разбіў вестготаў на чале з Аларыхам I, у 406 — остготаў. Забіты ў Равене паводле загаду Ганорыя.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМІ́НСКІ Францішак Ксаверы (? — 9.6.1809),

бел. грамадскі дзеяч, польскі пісьменнік. З 1788 староста пінскі. ваявода мсціслаўскі, у 1793—1807 маршалак мінскі. Як прыбліжаны гетмана М.​К.​Агінскага ездзіў у Зах. Еўропу з дыпламат. даручэннямі. У 1797 арыштаваны па падазрэнні ў антыцарскай змове. Пісаў на польскай мове. Аўтар класіцыстычных вершаў, публіцыст. «Адказу» (1792). Ёсць меркаванні, што Х. напісаў за Агінскага большасць асветніцкіх паэт. твораў, апублікаваных пад псеўд. «Слонімскі грамадзянін» у зб-ках «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і «Байкі і не-байкі» (1788). Перакладаў на польскую мову Гарацыя, Ж.​Расіна, Ж.​Дэліля, П.​Карнеля.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)