ВЕСПУ́ЧЫ ((Vespucci) Амерыга) (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),
італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн.ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАМЕРЫ́ДЫ (Glomeridae),
сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах.ч., занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквіт т-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.Папроцкі (да 1788) і К.Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІМПСЕ́СТ (грэч. palin зноў + psao саскрабаю),
рукапіс на пісчым матэрыяле, з якога сцёрты або змыты першапачатковы тэкст. У антычнасці П. існавалі на папірусах, пазней пашыраны на пергаміне. Змест змытых тэкстаў сведчыць, што П. пераважна мелі літургічны характар. Гэты факт абвяргае думку пра наўмыснае знішчэнне царквой ератычных ці непажаданых сачыненняў. Сярод вядомых 23 слав. П. толькі 3 усх.-слав.: 2 лісты Архангельскага евангелля 1092 (Рас.дзярж.б-ка), 2 ахоўныя лісты з пераплёту Кірыла-Белазёрскага манастыра (Рас.нац.б-ка), першыя 24 лісты Савінай кнігі (Рас.дзярж. архіў стараж. актаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст.асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз.баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст.асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЛЕ́ВІЧ (Міхаіл Вікенцьевіч) (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМІНІ́РАВАННЕ,
разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл.Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн.мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в.Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст.н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕЎКІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
найбуйнейшая эліністычная дзяржава, якая існавала ў 312—64 да н.э. на Блізкім і Сярэднім Усходзе. Часам яе наз. паводле асн.тэр. Сірыйскім царствам. Засн. пасля распаду імперыі Аляксандра Македонскага адным з яго палкаводцаў Селеўкам I Нікатарам. Сталіцы — Селеўкія на р. Тыгр (да 300 да н.э.), потым — Антыёхія на р. Аронт. Найб. магутнасці дасягнула пры Антыёху III Вялікім (223—187 да н.э.), калі ўключала Сірыю, Месапатамію, частку М. Азіі, Іранскае нагор’е, частку Сярэдняй Азіі. Да С.дз. ў гэты час былі далучаны Келесірыя, Фінікія, Палесціна. Зручнае геагр. становішча С.дз. спрыяла росквіту земляробства, жывёлагадоўлі, гандлю, росту гарадоў. З 2 ст. да н.э. С.дз., аслабленая шэрагам паўстанняў і ўнутр. разладам (з 163 па 64 да н.э. змянілася 19 цароў), пачала страчваць свае ўладанні. У 64 да н.э. апошняя яе частка (Сірыя) стала рым. правінцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАХВО́СЦІК (Валянцін Сяргеевіч) (н. 6.9.1934, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1994). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1958), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1965). З 1958 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Яго мастацтва адметнае напоўненасцю і каларытнасцю вобразаў пры лаканізме вонкавых выразных сродкаў. Сярод роляў: Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зуеў («Апошні шанц» В.Быкава), Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Дугін («Радавыя» А.Дударава), Бялугін («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага), Урыя Шэлі («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта). Здымаецца ў кіно: «Рудабельская рэспубліка», «На ростанях», «Воўчая зграя», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена» і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных («Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.Купалы і інш.) і радыёпастаноўках (за ролі ў спектаклях «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа Дзярж. прэмія Беларусі 1989).