найбольш буйное этнагенетычнае адзінства гаворак або іх груп у складзе мовы, блізкіх асн. асаблівасцямі сваёй будовы (фанет. сістэмай, граматычным ладам, слоўнікам) і сумежных па тэрытарыяльным размяшчэнні. Бел.дыялектная мова складаецца з паўн.-ўсх. Д. (аб’ядноўвае роднасныя па сваёй зыходнай аснове гаворкі мясц. насельніцтва паўн.-ўсх.ч. краіны) і паўд.-зах. Д. (гаворкі паўд.-зах.ч. краіны, за выключэннем яе паўд.-зах. кутка). Паводле мясц. асаблівасцей гаворкі паўн.-ўсх. Д. падзяляюцца на 3 групы — віцебскую, усх.-магілёўскую і полацка-мінскую, паўд.-зах. Д. — гродзенска-навагрудскую, слуцкую і мазырскую (усх.-палескую). Паміж паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і «размывання» берагоў супрацьлеглых Д. на іх стыку (у выніку змешвання іх «прыбярэжных» гаворак і ўзаемаўплыву). Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Д. разам з групай сярэднебел. гаворак складаюць асноўны масіў гаворакбел.нац. мовы, які тэрытарыяльна супрацьпастаўляецца па сваіх асаблівасцях зах.-палескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай Д. бел.-ўкр. моўнага сумежжа. Асаблівасці Д. найб. адлюстроўваюцца ў мове сельскага насельніцтва. Аднак у сувязі з яго інтэнсіўным пераразмеркаваннем разбураюцца тэр. аднароднасць груп гаворак і дыялектныя межы. На аснове пэўных дыялектных і занальных аб’яднанняў сфарміравалася і знаходзіцца ў цеснай сувязі з імі і зараз бел.літаратурная мова.
Літ.:
Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мн., 1968—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl−, OH−, CN−; NO2−, OR− і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.
Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (SN2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНКАЎ (Барыс Віктаравіч) (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),
расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д.групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.К.Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.Н.Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводле афіц. версіі, скончыў самагубствам.
Тв.:
Воспоминания террориста;
Конь бледный;
Конь вороной. М., 1990.
Літ.:
История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс.км². Нас. 5255 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-растудз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на Ут-растудз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн.га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн.т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс.км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл.Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАСВЯДО́МАСЦЬ,
усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац.групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.
Літ.:
Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;
Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990;
Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;
Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА «МІНСК»,
серыя універсальных лічбавых вылічальных машын агульнага прызначэння. Укаранёна ў вытв-сць Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе. Выкарыстоўваецца ў вылічальных цэнтрах, вылічальных сістэмах і аўтаматызаваных сістэмах рознага прызначэння.
Выпуск лямпавых машын 1-га пакалення серыі «Мінск-1» распачаты ў 1960 (папярэдняя мадэль — лямпавая выліч. машына М-3М створана ў 1959). Мадыфікацыі вылічальных машын «Мінск-11», «Мінск-12», «Мінск-14» мелі запамінальны блок большай ёмістасці, дадатковыя прылады ўводу-вываду інфармацыі. Выкарыстоўваліся пераважна для рашэння інжынерна-канструктарскіх і навук.-тэхн. задач матэм. і логікавага характару. У 1964 асвоены выпуск вылічальнай машыны «Мінск-2» 2-га пакалення (на дыскрэтных паўправадніковых элементах) з павышанай надзейнасцю, адначасовай работай вылічальніка і выхадных прыстасаванняў; мелі агрэгатную канструкцыю, магчымасць мяняць склад прылад і прыстасаванняў. У мадыфікацый вылічальных машын «Мінск-2», «Мінск-22М» прадугледжваўся ўвод-вывад інфармацыі з перфакартаў, перфастужак, магн. стужак, тэлетайпа і інш. Інфармацыйная вылічальная машына «Мінск-23» (выпуск 1965) максімальна прыстасавана для апрацоўкі розных відаў эканам. інфармацыі. У 1969 асвоены выпуск шматпраграмнай вылічальнай машыны «Мінск-32» (аднапрацэсарная выліч. сістэма), якая мела праграмную сумяшчальнасць з вылічальнай машынай «Мінск-22», ахову адной праграмы ў аператыўнай памяці ад другой, магчымасць далучэння вонкавых прыстасаванняў (у т. л.ЭВМ з утварэннем аднароднай выліч. сістэмы) і інш. У 1970-я г. пачаўся выпуск машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ. У 1990-я г. распрацавана і ўкаранёна ў вытв-сць сям’я машын новага пакалення «Мінск-9000». За стварэнне сям’і вылічальных машын «Мінск» групе спецыялістаў з-да, НДІЭВМ і Выліч. цэнтра АН Беларусі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1970.
М.П.Савік.
Вылічальная машына «Мінск-9000» (ЕС-1230): 1 — перыферыйныя тэрміналы; 2 — стойка цэнтральнага працэсара; 3 — цэнтральны тэрмінал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РА (грэч. lyra),
назва струнных муз. інструментаў, струны якіх нацягнуты паралельна паверхні рэзанансавага корпуса і прымацаваны зверху да перакладзіны, т.зв. ярма. 1) Стараж.-грэч. струнны шчыпковы муз. інструмент. Мела плоскі закруглены корпус са скураной мембранай, 3—11 струн. У суправаджэнні Л. выконвалі творы эпічнай і лірычнай паэзіі (адсюль лірыка). Сярод шматлікіх разнавіднасцей — удасканаленая кіфара. Падобны тып інструмента быў пашыраны ў многіх стараж. цывілізацыях.
2) Струнныя смычковыя інструменты тыпу лютні, віёлы, фібулы, скрыпкі ў Зах. Еўропе 15—18 ст. 3) Струнны фрыкцыйны муз. інструмент — Л. колавая, вядомы ў Зах. і Усх. Еўропе з 11 ст. Мае драўляны корпус віёльнай, скрыпічнай, гітарнай формы, да верхняй часткі якога прымацавана скрынка (ці галоўка) з калкамі. 1—3 меладычныя струны нацягнуты ўнутры прадаўгаватай скрынкі, размешчанай на верхняй дэцы. Даўжыня іх гучальнай часткі і вышыня тону змяняецца пры націсканні выступаў на другім канцы клавіш. 1—4 бурдонныя струны размешчаны па-за скрынкай. Гук узнікае пры трэнні аб струны кола, якое прыводзіцца ў рух з дапамогай ручкі. Колавая Л. выкарыстоўвалася ў манастырах, пры двары (менестрэлі), у нар. побыце. Творы для колавай Л. пісалі В.А.Моцарт, І.Гайдн, Г.Даніцэці і інш.
На Беларусі вядома з канца 16 — пач. 17 ст.Мясц. назвы лера, рэля, рыля, на бел.-ўкр. памежжы — кобза, бандура, на Чэрвеньшчыне — старэцкая скрыпка. Была звязана пераважна з побытам жабракоў (лірнікаў). Выйшла з нар. ўжытку ў 1930—40-я г. У наш час удасканаленая Л. з дыяпазонам у 2 актавы і храматычным гукарадам выкарыстоўваецца ў Дзярж.акад.нар. аркестры, інстр.групеДзярж.акад.нар. хору Беларусі, у шматлікіх прафес. («Песняры», «Харошкі», «Свята») і самадз. («Крупіцкія музыкі») ансамблях.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́І (Hawaii),
штат ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. Займае групу вулканічных астравоў у цэнтр.ч. Ціхага ак.Пл. 16,7 тыс.км², нас. 1172 тыс.чал. (1993). Сярэдняя шчыльн.нас. 70,2 чал. на 1 км². Б. ч. яго пражывае на в-ве Ааху (пл. 1574 км²), дзе знаходзіцца адм. ц., буйнейшы горад і порт Ганалулу (371,3 тыс.ж., з прыгарадамі каля 900 тыс.ж., 1992). 61,8% насельніцтва складаюць выхадцы з Азіі і астравоў Ціхага ак., у т. л. японцы, філіпінцы, кітайцы, карэйцы. Карэнных жыхароў (гавайцы разам з метысамі) каля 100 тыс.чал. Амерыканцы і еўрапейцы складаюць 33,4% насельніцтва. (Аб прыродзе гл. ў арт.Гавайскія астравы). Гаваі — важны трансп. вузел паўн.ч. Ціхага ак. Праз Ганалулу праходзяць марскія і авіяц. шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усх. Азіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй. Здабыўная прам-сць (распрацоўка цэментнай сыравіны і буд. каменю). Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: цукар, садавіна-агароднінныя вырабы, нафтапрадукты, вырабы лёгкай і паліграф. прам-сці, папера, цэмент. Аснова сельскай гаспадаркі — плантацыі ананасаў (гал. вытворца ў свеце), цукр. трыснягу, арэхаў (міндаль), садавіны, агародніны, кавы і кветак. Рыбалоўства і аквакультура. Мясная і малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, птушка). Развіты аўтамаб. і марскі транспарт. Цэнтр турызму і адпачынку. Кліматычныя курорты. Абарончыя ваен. збудаванні ў Пёрл-Харбары. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.
Пачалі засяляцца, верагодна, з 5 ст., найб. інтэнсіўна ў 13—14 ст. палінезійцамі, якія прыбывалі з Таіці. Паміж 1527 і 1555 астравы адкрылі іспанцы, у 1778 да іх даплыў англічанін Дж.Кук і назваў Сандвічавымі а-вамі. У гэты час тут існавала некалькі дзярж. утварэнняў пад кіраўніцтвам мясц. уладароў, якія вялі барацьбу паміж сабой. Каля 1800 кароль Каменамена I аб’яднаў іх у адзінае каралеўства. У 1820 амер. місіянеры пачалі хрысціянізацыю мясц. насельніцтва, прыстасавалі да мясц. мовы лац. алфавіт, заснавалі школы, стварылі падручнікі, пераклалі на гавайскую мову Біблію. У 1839 Гаваі атрымалі канстытуцыю. У 1894 абвешчана Гавайская рэспубліка. У 1898 Гаваі анексіравалі ЗША, у 1900 надалі ім статус «тэрыторыі». У 1959 абвешчаны 50-м штатам ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),
востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн.ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс.чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк
Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц.грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.