традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.
Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РЫНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 20 км на ПнЗ ад г.Гарадок. Пл. 0,47 км², даўж. 2,48 км, найб.шыр. 270 м, найб.глыб. 23,9 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 1,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м на Пн і 13—15 м на Пд, на З разараныя, на У пад лесам і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўн.ч. катлавіны плоскае, на Пд мае варонкападобную форму. На Пн да глыб. 3 м і на Пд да глыб. 6—8 м дно пясчанае, глыбей выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. На Пн выцякае ручай у р. Обаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка (выцякае з возера), за 20 км на У ад г.Гарадок. Пл. 7,24 км², даўж. 9,2 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 106 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, парослыя лесам, на ПнУ і ПдЗ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае, пясчанае, 7 астравоў агульнай пл. каля 8 га, найб. з іх на ПдЗ зарос лесам. Надводная расліннасць вузкай паласой (10—25 м) акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана пратокамі з азёрамі Арлейка і Слепня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац.АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел.с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАШО́Ў (Анатоль Іванавіч) (н. 30.4.1936, г.Гарадок Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне вет. вірусалогіі, мікрабіялогіі і радыебіялогіі. Д-рбіял.н. (1992), праф. (1993). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1959). З 1972 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага, з 1986 у Малдаўскім НДІ жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, з 1991 у Бел.агр.тэхн. ун-це. Навук. працы па метадах і сродках дыягностыкі і прафілактыкі інфекц. хвароб с.-г. жывёлы.
Тв.:
Диагностика и профилактика инфекционных заболеваний молодняка крупного рогатого скота. Кишинев, 1991 (разам з П.А.Красачка, Т.І.Паміркам);
Экологическая безопасность на объектах агропромышленного комплекса. Мн., 1996 (разам з А.І.Антоненкавым, Л.В.Місунам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Анатоль Цімафеевіч) (н. 13.9.1939, в.Гарадок Смаленскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніцы дрэварыту, у галіне афармленчага мастацтва. Творы адметныя лаканічнасцю выяўл. сродкаў, дынамічнасцю танальных градацый, кампазіцыйнай завершанасцю: гравюры да кнігі «Георгій Скарына» М.Садковіча і Я.Львова (1966), серыі нацюрмортаў «Вакол нас» (1967—83), пейзажы «Мая Беларусь» (1980—82), эстампы «Сажалка ў Вязьніцы» (1982) і інш., экслібрысы. Аформіў інтэр’еры гандл. цэнтра ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на (1975), крамы будматэрыялаў «Еўралюкс» (1995) у Мінску, экспазіцыі фотавыстаўкі «Вялікі пясняр Беларусі — Янка Купала» (1992), выстаўкі «Эканоміка Беларусі» ў г. Прага (Чэхія, 1995, і інш.). Іл.гл. таксама да арт.Дрэварыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 2-й пал. 17 ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Палескай школы дойлідства. Перабудавана ў 1724. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асн. аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на 8-гранных барабанах. У інтэр’еры дамінуе 2-светлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды драўляным разным іканастасам, створаным ў 1751 у стылі барока (майстар невядомы). У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажам. Іканастас багата размаляваны і аздоблены залачонымі разнымі накладкамі.
Ю.А.Якімовіч, Э.І.Вецер.
Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква.Іканастас Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст.Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),
украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял.кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).