гарадзішча, рэшткі крэпасці 11—13 ст. на Пд ад г. Усурыйск Прыморскага краю (Расія), былы адм. і ваен. цэнтр чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь у Прымор’і. Мела выгляд трохвугольніка і складаную сістэму абароны: знешнія і ўнутр. валы, форты і інш. У ходзе раскопак (з 1953) адкрыты грамадскія пабудовы з лёгкімі сценамі і чарапічнымі дахамі, глінабітныя жытлы з лёгкім дахам. У грамадскіх пабудовах выяўлены арх. ўпрыгожанні, арнаментаваная дахоўка, жал. замкі, запоры, кручкі, парадныя сферычныя пасудзіны, у жытлах — бытавая кераміка, прадметы ўзбраення з жалеза (наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, панцыры), кіт. манеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе г.п. Церахоўка — в. Кругавец-Калініна. Да 1930 наз. Папоўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на ПдУ ад г. Добруш, 60 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 895 ж., 495 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.
сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Свята-Мікалаеўская царква. За 3 км на ПдУ ад вёскі — гарадзішча. Каля вёскі Ленінскае радовішча пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).
Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАВА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.
Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст.дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАХША́,
гарадзішча ва Узбекістане, якое існавала з антычных часоў да 11 ст. ў гіст. вобласці Согд (Сагдыяна). За 40 км на З ад г. Бухара. Захаваліся рэшткі гафрыраваных сцен цытадэлі, на З ад іх — палац. Выяўлены размалёўкі 7 ст. на сценах палаца (змаганне герояў з фантастычнымі жывёламі, сцэны бітваў коннікаў, палявання, урачыстасці прыёму цара); часткі палаца, пабудаваныя ў 8 ст., упрыгожаны раслінным арнаментам, фігуркамі людзей і жывёл, фантастычнымі пейзажамі і інш., выразанымі па алебастравай тынкоўцы. Знаходкі сведчаць пра сінкрэтычны характар мастацтва сагдыйцаў, дзе мясц. элементы спалучаюцца са стараж. антычнымі традыцыямі і рысамі будыйскага мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НЦАРАЎШЧЫНА,
гарадзішча жалезнага веку на беразе р. Свіслач каля былой в. Банцараўшчына Мінскага р-на. Пляцоўка авальная (55 × 35 м), з Пн і ПнЗ умацавана 2 валамі выш. каля 2 м і равамі. Культурны пласт 0,2—1,8 м; мае 2 гарызонты: ніжні (3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) адносіцца да штрыхаванай керамікі культуры, верхні — 6—8 ст. (ад яго атрымала назву банцараўская культура). Выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з разваламі печаў-каменак, вырабы з жалеза (сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы, брытвы), бронзы (пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш.), гліны (посуд, тыглі, льячка, прасліцы), шкляная пацерка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Н-КАЛА́,
гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў у 1775—81. Закладзены вучоным Ж.Э.Жыліберам на месцы старога гарадзішча. Па разнастайнасці, колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з мясц. відаў і раслін, атрыманых са Страсбурскага і Эдынбургскага садоў, падараваных вядомымі батанікамі (напр., акад. П.С.Палас пераслаў сабраныя ім сібірскія расліны). У 1777 у садзе было 1200 відаў экзотаў (у т. л. некалькі амерыканскіх, якія паспяхова раслі ў адкрытым грунце), у 1778 — больш за 2000 відаў. У 1781 большая ч. калекцыі перавезена ў Вільню. Цяпер на месцы саду — гар. парк культуры і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НЧАНКА (Рыгор Міхайлавіч) (н. 25.12.1942, г.п. Тураў Гомельскай вобл.),
бел. плакатыст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у ін-це «Белбыттэхпраект», «Агітплакаце» (1975—90), цяпер на Мінскім маст.-вытв. камбінаце (з 1975). Творам Д. ўласціва лаканічнасць і строгасць формы, ашчадная выразнасць маст. мовы. Аўтар плакатаў: «Адновім помнікі архітэктуры» (1978), «Тураву — 1000 год» (1980), «Небяспечней эпідэміі» (1981), «Раззбраенне!» (1982), «Вайна — вайне!», «Хлеб — усяму галава» (абодва 1983), «Чарнобыльскі боль» (1994). Працуе ў жанры партрэта («Кірыла Тураўскі», 1980, і інш.), займаецца рэканструкцыяй арх. помнікаў (Тураўскі храм 12 ст., 1981; Тураўскі замак і гарадзішча, 1981—84; Полацкі замак, 1996).