РЭПЕТЫ́ЦЫЯ (ад лац. repetitio паўтарэнне),
асноўная форма падрыхтоўкі (пад кіраўніцтвам рэжысёра) тэатр., эстрадных, цыркавых прадстаўленняў, канцэртнай праграмы, асобных нумароў, сцэн шляхам шматразовых паўтарэнняў (цалкам і часткамі). Адрозніваюць Р. застольныя (аналіз твора), у рэпетыцыйным памяшканні без дэкарацый, у выгарадках і на сцэне — манціровачныя, прагонныя і генеральныя.
т. 14, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНАВУЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
разнавіднасць самапрыстасавальных сістэм, алгарытм функцыянавання якой пад уплывам знешніх умоў аўтаматычна змяняецца ў адпаведнасці з зададзеным крытэрыем якасці. Асаблівасць С.с. — удасканаленне алгарытму адбываецца ў самой сістэме на аснове ранейшага вопыту работы без паступлення знешняй навучальнай інфармацыі. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самапрыстасавальны робат.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),
сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,
баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял. Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.П.Тамілаў) Пінскай і злучэння А.М.Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),
палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.
Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.
П.С.Габец.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМАМО́ТА Сацуа (15.7.1910, г. Кагосіма, Японія — 11.8.1983),
японскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў руху «незалежных» у яп. кіно. Вучыўся ва ун-це Васэда. З 1933 працаваў у розных кінакампаніях. Дэбютаваў фільмам «Ваша дачка» (1937). У яго фільмах «Вайна і мір» (1947, з Ф.Камэі), «Бура ў гарах Хаконэ», «Зона пустаты» (абодва 1952), «Вуліца без сонца» (1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Песня каляскі» (1959), «Барацьба без зброі» (1960) і інш. вострыя паліт. і сац. праблемы. Сярод інш. значных работ: «Вялікая белая вежа» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Маскве 1967), гіст. эпапея «Вайна і людзі» (6 серый; 1970—73; спец. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1974), «Цудоўная сям’я» (1974), «Кольцападобнае зацьменне сонца» (1975), «Гісторыя Суйко эпохі Тэмпо» (1976), «Перавал Намугі» (1979). Для яго творчасці характэрны ідэйная глыбіня, вострая палемічнасць, бязлітаснае сац. выкрыццё.
Літ.:
Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп. М., 1966.
т. 18, кн. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТУРЫ́ЗМ (ад франц. aventure прыгода),
дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭМА́Н (франц. agrement),
папярэдняя згода ўрада адной краіны на прызначэнне пэўнай асобы ў якасці кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва другой краіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961 без агрэману такое прызначэнне не можа адбыцца. Пасля атрымання агрэману асоба становіцца персонай грата. Прычыны адмовы ў агрэману тлумачыць не абавязкова.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НА,
1) у тэкстыльнай прамысловасці від пакоўкі нітак (ніткі намотваюцца на шпулю без фланцаў).
2) У электратэхніцы — прылада ў рухавіках унутр. згарання з батарэйнай сістэмай запальвання (іншая назва — індукцыйная шпуля, шпуля запальвання).
3) У выліч. тэхніцы, гука- і кінатэхніцы шпуля для намотвання магн. стужкі або кінаплёнкі.
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАЗО́ННАЯ АНТЭ́НА,
тып антэны, асн. эл. параметры якой (дыяграма накіраванасці, уваходнае супраціўленне і інш.) застаюцца практычна нязменнымі ў шырокім дыяпазоне частот (без падстройкі). Такая ўласцівасць Д.а. абумоўлена выбарам схем і канструктыўных памераў; яе маюць рамбічныя, рупарныя, спіральныя і інш. антэны. Выкарыстоўваюць для радыёсувязі, тэле- і радыёвяшчання.
т. 6, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)