СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ВІЯ, ас-Славія,

адзін з трох асн. цэнтраў дзяржаўнасці ў Стараж, Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Куявіяй. Большасць даследчыкаў лічаць С. паліт. аб’яднанне слав. плямён вакол воз. Ільмень (гл. Славене), а яе сталіцу — г. Салаў (Слава) атаясамліваюць са стараж. Ноўгарадам або яго папярэднікам. Існуе таксама гіпотэза, што С. была адным з цэнтраў першапачатковай Наддняпранскай Русі (Пераяслаў). У некат. раннесярэдневяковых крыніцах С. называюць дзярж. ўтварэнні палабскіх і балт. славян, а таксама Польшчу.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШКІ́РСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў, дзярж. мова Рэспублікі Башкортастан. Пашырана таксама ў Арэнбургскай, Чэлябінскай, Самарскай, Курганскай і Свярдлоўскай абл. Расіі. Найб. блізкая да татарскай мовы, ад якой розніцца гал. чынам сістэмай зычных і лексікай. Падзяляецца на 2 дыялекты: усх. (куваканскі) і паўд. (юрмацінскі). Літ. башкірская мова сфарміравалася пасля 1917 на аснове абодвух дыялектаў. Да пач. 20 ст. башкіры карысталіся паволжскім варыянтам сярэднеазіяцкай пісьмовай мовы цюркі (агульная назва рэгіянальных літ. цюркскіх моў), а пазней літ. тат. мовай. Пісьменства да 1928 на асн. араб., з 1929 — лац., з 1939 — рус. графікі.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЭ́Р-ШЭ́ВА, Беэршэба (араб. Бір-эс-Саба,

грэч. Вірсавія),

горад на Пд Ізраіля. Адм. ц. акругі Беэр-Шэва. 114 тыс. ж. (1990). Гандл.-трансп. ц. паўд. ч. краіны — пустыні Негеў. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Дрэваапрацоўка, машынабудаванне, эл.-тэхн., швейная прам-сць, вытв-сць зборных дамоў, керамікі, шкляных вырабаў; хім. з-д. Ун-т.

Горад на месцы сучаснага вядомы з 4-га тыс. да н.э. У Беэр-Шэве знаходзілася свяцілішча бога Яхве, збудаванае, паводле Бібліі, Ісаакам. Захаваліся рэшткі рым. крэпасці 3—4 ст. н.э., стараж. студні і падземныя цыстэрны для вады.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́ЗКІ УСХО́Д,

назва тэрыторыі на З і ПдЗ Азіі і ПнУ Афрыкі. Да краін Блізкага Усходу адносяць Егіпет, Судан, Бахрэйн, Ізраіль, Іарданію, Ірак, Йемен, Катар, Кіпр, Кувейт, Ліван, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Саудаўскую Аравію, Сірыю, Турцыю, араб. дзяржаву Палесціну (пра кожную гл. асобны арт.). У замежнай (пераважна ў амер. і англ.) л-ры Блізкі Усход разам з Іранам і Афганістанам уключаецца ў паняцце Сярэдні Усход. У 19 — пач. 20 ст. ў паняцце Блізкі Усход уключалі ўсю тэр. Асманскай імперыі (Турцыі), у т. л. краіны Балканскага п-ва.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́М,

горад на Пн Эфіопіі. Мяркуюць, што засн. каля сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паўд.-араб. плямёнамі. У 1 ст. н.э. цэнтр Аксумскага царства. У выніку заняпаду дзяржавы страціў паліт. і культ. значэнне, але застаўся асяродкам копцкай царквы («святы горад» коптаў) і месцам каранацыі негусаў. З 1906 вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі пабудоў палацавага комплексу, каменныя троны, некропаль з надмагільнымі стэламі-абеліскамі выш. да 33 м з барэльефамі і шматлікімі надпісамі на стараж. эфіопскай і грэч. мовах і інш.

Да арт. Аксум. Гіганцкая стала-абеліск.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (авара-андацэзская падгрупа). Пашырана на З Дагестана. Мае 2 групы дыялектаў: паўночную — зах. (салатаўскі), усх. і хунзахскі (цэнтр.) дыялекты; паўднёвую — андалальскі, гідскі, анцухскі, карахскі, батлухскі, закатальскі дыялекты. Аснова літ. мовы — т.зв. болмац («нар. мова»), сродак вусных зносін паміж носьбітамі розных дыялектаў.

Асаблівасць грамат. ладу — складаная сістэма скланення (да 20 склонаў), адсутнасць катэгорыі асобы ў дзеясловах, эргатыўныя канструкцыі. Пісьменства на аснове араб., з 1928 лац., з 1938 рус. графікі.

Літ.:

Чикобава А., Церцвадзе И. Аварский язык. Тбилиси, 1962.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫНЯ́НЕ,

усходнеславянская племянная групоўка 9—10 ст. на тэр. Валынскай зямлі. Назва ад г. Валынь. Двойчы ўпамінаюцца ва ўводнай недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая сцвярджае, што папярэднікі валынян зваліся дулебамі і бужанамі. Верагодна, валыняне пад назвай «валінана» ўпамінаюцца ў араб. географа Масудзі (сярэдзіна 10 ст.), які паведамляе, што ў старажытнасці валыняне падначальвалі інш. славянскія плямёны, іх правіцеля звалі Маджак. У канцы 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч захапіў заселеныя валынянамі Чэрвеньскую і Перамышльскую землі. У 12 ст. на тэр. валынян ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (1799—1834),

гісторык, вучоны-мовазнавец. Паходзіў са шляхты Ігуменскага пав. Мінскай губ. Скончыў філас. ф-т Віленскага ун-та (1820). Выкладаў сусв. гісторыю ў семінарыі пры Віленскім ун-це. У 1824 з-за «паліт. нядобранадзейнасці» пераведзены ў Казанскі ун-т, дзе выкладаў усх. мовы, стараж. гісторыю і геаграфію. Быў пад наглядам і апякунствам універсітэцкай адміністрацыі. У 1827—30 выкладчык араб. і перс. моў у Казанскай гімназіі. У жн. 1834 арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да антыдзярж. арг-цый і за антыдзярж. прапаганду. Займаўся літ. дзейнасцю.

В.​А.​Гапоненка.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ЛЬ (ад араб. газаль),

від лірычнага верша ў народаў Сярэдняй Азіі, Б.​Усходу, Індыі і Пакістана. Уключае, як правіла, не менш за 3 і не больш чым 12 двухрадкоўяў — бейтаў, звязаных манарыфмай (аа, ба, ва, га...). У апошнім бейце ўпамінаецца імя ці псеўданім аўтара верша. Газель узнікла з персідскай нар. лірычнай песні, росквіту дасягнула ў творчасці Саадзі, Хафіза, Джамі, Нізамі. З 19 ст. гэты від верша пранік у еўрап. паэзію (І.​В.​Гётэ, А.​Фет, В.​Брусаў, І.​Франко). У бел. л-ры вядома «Кактэбельская газель» С.​Ліхадзіеўскага.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)