ГРАНА́ДА
(Granada),
горад на Пд Іспаніі, у аўт. вобласці Андалусія, каля падножжа гор Сьера-Невада, у сутоках рэк Дара і Хеніль. Адм. ц. правінцыі Гранада. 255,2 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Цэнтр раёна арашальнага земляробства. Вытв-сць ільняных і шарсцяных тканін, дываноў, лікёраў; цэм., хім. прам-сць. Цэнтр турызму. Шматлікія атэлі. Ун-т.
У гіст. крыніцах упамінаецца з 750. Цэнтр араб. княства, належала дынастыям Зірыдаў (1012—90), Альмаравідаў (1090—1156), Альмахадаў; з 1238 сталіца Гранадскага эмірата (дынастыя Насрыдаў). У 13 ст. Гранада — буйны цэнтр вытв-сці шаўковых тканін, зброі, гандлю з араб. дзяржавамі. У 1492 адваявана іспанцамі. Пасля масавага выгнання марыскаў (1568—70, 1609—10) і спынення гандл. сувязей з Усходам горад паступова заняпаў. У 18—19 ст. буйны прамысл. цэнтр. У грамадз. вайну 1936—39 Гранада — апорны пункт фаш. мяцежнікаў.
Сярэдневяковы цэнтр горада часткова рэканструяваны ў пач. 20 ст., новае буд-ва вядзецца ў паўн.-зах. напрамку ад яго. Сярод помнікаў архітэктуры: сабор (1523—1703; у інтэр’еры — познагатычныя капэлы, надмагіллі, вітражы 16 ст., шматлікія творы жывапісу і скульптуры), цэрквы — Сан-Хуан дэ лос Рэес (каля 1518, арх. Р.Фернандэс) са званіцай 13 ст., Санта-Ана (1537—63, арх. Д. дэ Сілаэ), манастыр Ла Картуха (16—18 ст.), біржа («лонха»; 1518—22), шпіталі Рэаль (1504—22), Сан-Хуан дэ Дыяс (1552—1609), шматлікія сады. У палацы Каса дэ Кастрыль (1539) Музей выяўл. мастацтва і археалогіі. На ўсх. ускраіне Гранады — палац-замак Альгамбра.
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)