МІЖНАРО́ДНЫЯ МО́ВЫ,
мовы міжнац. (міжэтнічных) і міждзярж. зносін. Падзяляюцца на мовы натуральныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца рэальнай, але другаснай у адносінах да іх асн. выкарыстання ў ролі нацыянальнай мовы, і штучныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца першаснай, але не заўсёды рэалізаванай, паколькі не ўсе такія мовы выкарыстоўваюцца ў практыцы міжнар. зносін. Склад М.м. з цягам часу мяняецца. У старажытнасці ў народаў Д. Усходу М.м. была вэньянь (стараж.-кіт. мова), у стараж. дзяржавах Заходняй Азіі ў розныя эпохі выкарыстоўваліся шумерская, акадская і арамейская мовы. Стараж.-грэч. мова стала агульнай мовай эліністычнага свету, лац. мова — разнамоўнай Рым. імперыі; у сярэдневяковай Еўропе абедзве мовы выступалі ў функцыі М.м. У 16—17 ст. найб. пашыраная ў свеце М.м. — партугальская, у 18 ст. — франц., у 2-й пал. 19 ст. — англійская. Найб. шырока ўжывальныя М.м., якія маюць статус афіцыйных і рабочых моў ААН (англ., араб., ісп., кіт., рус., франц.), лічацца сусв. мовамі.
Літ.:
Белл Р.Т. Социолингвистика: Цели, методы и пробл: Пер. с англ. М., 1980;
Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;
Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 1996.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 10, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТАГЕНЕ́З (ад грэчаскага aristos найлепшы + ...генез),
эвалюцыйная канцэпцыя аўтагенетычнага характару (гл. Аўтагенез), паводле якой прагрэсіўная эвалюцыя ажыццяўляецца ў выніку ўзнікнення і назапашвання асобных «генаў паляпшэння» — арыстагенаў; разнавіднасць неаламаркізму. На думку амерыканскага біёлага Г.Осбарна (1931, аўтара арыстагенезу), змены, абумоўленыя арыстагенамі, пры ўзнікненні нязначныя і непатрэбныя, але паступова, на працягу многіх пакаленняў, пад уплывам розных фактараў яны назапашваюцца, узмацняюцца і пад уздзеяннем натуральнага адбору вядуць да ўзнікнення новага прыстасавання.
т. 2, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́МБЛЕР (англ. Assembler),
сістэма праграмавання, што дазваляе складаць праграмы ЭВМ у тэрмінах камандаў машыннай мовы, але з выкарыстаннем больш зручнай сістэмы абазначэнняў. Пры запісе праграмы дазваляецца карыстацца сімвалічнымі абазначэннямі камандаў, адрасоў ячэек памяці, спасылак і інш. Праграма можа складацца з асобна напісаных кавалкаў, у т. л. бібліятэчных падпраграм. Асемблер робіць размеркаванне памяці, пераўтварае сімвалічныя абазначэнні ў адпаведныя машынныя коды, у выніку чаго праграма набывае выгляд, прыдатны да выканання на ЭВМ.
т. 2, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,
дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,
асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
т. 4, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАРА́Д,
радок верша, у якім цалкам змяшчаецца схема памеру вершаванага. У большасці паэт. твораў вершарад супадае з вершаваным радком. Але каб рытмічны малюнак верша зрабіць больш разнастайным, вылучыць інтанацыйна асобныя словы і словазлучэнні і гэтым падкрэсліць пэўныя думкі, паэты ў асобных выпадках графічна дзеляць вершарад на некалькі радкоў: «Ой, зіма, // Зіма, // Зіма! // Весялей цябе // Няма» (П.Броўка, «Зімовыя малюнкі»). Тут 2 вершарады чатырохстопнага харэя падзелены на 5 радкоў.
т. 4, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАГЕ́НЫ,
хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.Б.Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюцца для атрымання алею. Назапашваюць алей пераважна ў насенні і пладах, некаторыя ў клубеньчыках (чуфа); у вадкім (травяністыя алейныя культуры, масліна, тунг) і цвёрдым (пальма, какава, васковае дрэва) стане. Культывуецца каля 50 відаў. У сусв. земляробстве найб. пашыраны соя, арахіс, сланечнік, масліна, рапс, кунжут, клешчавіна. На Беларусі вырошчваюць лён, сланечнік, каноплі (у іх насенні да 40% алею), але пераважна як тэхнічныя культуры. Гл. таксама Эфіраалейныя культуры.
т. 1, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
асобны від працоўнай дзейнасці, якім замяняецца тэрміновая ваенная служба. Альтэрнатыўная служба датычыцца грамадзян, што прыгодныя да ваен. службы ва ўзбр. сілах, але па сваіх рэліг., пацыфісцкіх перакананнях або інш. прычынах не могуць прымяняць зброю і баявую тэхніку і адмаўляюцца ад ваен. службы. Грамадзяне, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе, працуюць санітарамі, даглядаюць састарэлых і інш. Альтэрнатыўная служба існуе ў многіх краінах (напр., Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі і інш.).
т. 1, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)