ПТА́ШНІКАЎ (Іван Мікалаевіч) (н. 7.10.1932, в. Задроздзе Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). Скончыў БДУ (1957). Працаваў у Дзярж. выд-ве БССР (1957—58), час. «Маладосць» (1958—62), «Полымя» (1962—95). Друкуецца з 1952. Першая кн.апавяд. і аповесцей «Зерне падае не на камень» (1959). Аповесць «Лонва» (1965), апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка», «Эфка» пра падлеткаў, якія сталелі ў выпрабаваннях вайны і першых пасляваен. гадоў. Суровая праўда ў паказе трагічных падзей вайны, псіхал. дакладнасць і глыбіня ў выяўленні мужнасці і самаахвярнасці звычайнага чалавека ў аповесцях «Тартак» (1967, аднайм. фільм бел. тэлебачання паводле сцэнарыя аўтара 1974) і «Найдорф» (1975, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1978). У раманах «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1985, аднайм. тэлеспектакль 1989) адлюстравана жыццё бел. вёскі ў 1960—80-я г., раскрыты духоўны свет селяніна-працаўніка, яго сувязь з зямлёю і прыродай. У апавяданні «Львы» актуальная для Беларусі тэма Чарнобыля. Апавяданні «Францужанкі» і «Тры пуды жыта» пра драм. старонкі нар. жыцця. звязаныя з неабгрунтаванымі паліт. рэпрэсіямі. Апавяданне «Пагоня» трагедыйнага зместу; скіравана супраць самазнішчэння ў прыродзе і грамадстве.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1990—92;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Львы. Мн., 1991.
Літ.:
Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976. С. 66—108;
Яго ж. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 10—30;
Яго ж. Чалавек на зямлі. Мн., 1988. С. 10—30;
Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974. С. 106—132;
Шамякіна Т. На лініі перасячэння. Мн., 1981. С. 33—91;
Яе ж. Некаторыя асаблівасці стылю І.Пташнікава // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1974. № 5;
Иващенко В. Круги надежды и добра. Мн., 1983. С. 4—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА,
магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл.Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.Лейбніц, І.Кант, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер, К.Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),
рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ. дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыі рус. і сусв. драматургіі, стварыў рус.нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».
Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.Савіна, В.Далматаў, Г.Фядотава, А.Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.Уладамірскі, Б.Платонаў, І.Ждановіч, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая, Л.Рахленка, М.Захарэвіч, В.Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.Чорны, К.Крапіва, У.Ягоўдзік.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1949—53;
Бел.пер. — Гарачае сэрца. Мн., 1937;
Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;
П’есы. Мн., 1939.
Літ.:
Няфёд У. Беларускі тэатр.Мн., 1959;
Лабовіч А. А.М.Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.
Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл.Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл.Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.
Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.Равальякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Іван Андрэевіч) (13.2.1769, паводле інш. звестак 1766 або 1768, Масква ? — 21.11.1844),
рускі байкапісец, драматург, журналіст. Чл.Рас. акадэміі (з 1811), ардынарны акад. Пецярбургскай АН (з 1841). З 1782 у Пецярбургу, выдаваў сатыр.час. «Почта духов» (1789), «Зритель» (1792, з П.Плавільшчыкавым і А.Клушыным), дзе змяшчаў свае сатыр. «пахвальныя прамовы», артыкулы, аповесці са з’едлівай крытыкай грамадскіх заган. У 1791 адзін з заснавальнікаў кнігавыдавецкай кампаніі «Крылоў з таварышы». У 1794—1805 жыў у Маскве (у 1801—03 у Рызе). З 1806 зноў у Пецярбургу, з 1812 пам. бібліятэкара, з 1816 бібліятэкар Публічнай б-кі. Першы літ. твор — камічная опера «Кафейніца» (нап. 1782, выд. 1869). У 1780-я г. напісаў трагедыі «Клеапатра» (1785, не захавалася) і «Філамела», камічную оперу «Шалёная сям’я», камедыі «Вершаплёт у прыхожай» (усе нап. 1786) і «Свавольнікі» (нап. 1787—88), камічную оперу «Амерыканцы» (нап. 1788, паст. 1800). У жарце-трагедыі «Падшчыпа, або Трыумф» (нап. каля 1800, выд. 1859) высмейваў «нямецкую» цывілізацыю, патрыярхальныя норавы, сцвярджаў раўнапраўе кніжнага стылю і прастамоўя. У п’есах «Модная крама» (паст. 1806), «Урок дочкам» (паст. 1807) высмейваў дваранскія норавы, а сац. заганы трактаваў як праяўленне спрадвечных людскіх слабасцей, але выкрыццё іх замяніў філас. асэнсаваннем. Першыя байкі К. — пераклады з Ж.Лафантэна (1806). Яго ўласныя байкі з’явіліся ў друку ў 1808 («Варона і лісіца», «Воўк і ягня»). Першы зб. — «Байкі» (1809). Усяго выдаў 9 зборнікаў, у якія ўвайшло каля 200 баек. Амаль усе яны напісаны з пэўнай нагоды: сатыра на ўрадавыя ўстановы («Квартэт»), на Аляксандра I («Выхаванне льва»), Мікалая I («Вяльможа»), на пэўныя падзеі дзярж., грамадскага і літ. жыцця, на падзеі вайны 1812—14 («Булат», «Кошка і салавей», «Воўк на псярні», «Абоз»). У жанр байкі унёс філас.-гіст. змест, вызваліў яе ад абстрактнага маралізатарства; у аснову многіх сюжэтаў клаў рэальныя ўзаемаадносіны людзей. Сатыр. смеласць яго баек, іх апазіц. гучанне вынікалі з сутнасці іроніі К., якая апіралася на нар. разуменне ісціны і справядлівасці. Свабодна выкарыстоўваў прастамоўе, якое процістаяла «мове прыстойнага грамадства» і кніжнай мове. Многія яго афарыстычна дакладныя вызначэнні сталі крылатымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі. Творчасць К. значна паўплывала на развіццё жанру байкі ў бел. л-ры. На Беларусі яго творы былі вядомы яшчэ пры жыцці іх аўтара. У канцы 19 ст. Ф.Багушэвіч, А.Абуховіч зрабілі першыя пераклады яго твораў на бел. мову; М.Косіч выдала «Пералажэнні некаторых баек Крылова на беларускую гаворку» (1903). Пазней байкі К. перакладалі Я.Купала, М.Клімковіч, В.Таўлай, К.Крапіва, Я.Брыль, М.Лужанін, М.Танк і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—3. М., 1945—46;
Соч.Т. 1—2. М., 1969;
Басни: Сатир. произв.;
Воспоминания современников. М., 1989;
Бел.пер. — Байкі. Мн., 1950.
Літ.:
Степанов Н.Л. Крылов. М., 1969;
И.А.Крылов: Пробл. творчества. М., 1975;
Гордин М., Гордин Я. Театр Ивана Крылова. М., 1983;
Гордин М.А. Жизнь Ивана Крылова. М., 1985;
Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 25—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,
сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст.г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.
Літ.:
Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;
Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;
Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЭ́ЙКА (Анатоль) (Акім Пятровіч; 24.7.1911, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 23.8.1978),
бел.паэт. Скончыў курсы пры Мінскім пед. тэхнікуме (1930), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1932—34). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1928. Першы зб. «Слава жыццю» (1940). У 1942 і 1943 па заданні БШПР быў у варожым тыле. У 1943 у друкарні падп. слуцкай газ. «Народны мсцівец» надрукаваны ягозб. вершаў «Слуцкі пояс» (перавыд. 1964). Аўтар зб-каў вершаў «Крамлёўскія зоры» (1945), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Ураджай цяпла» (1978) і інш.Яго творам уласцівыя задушэўнасць, спавядальная адкрытасць, сувязь з фальклорам. На словы Астрэйкі напісаны песні «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шоўкавыя травы» і інш. Аўтар твораў для дзяцей («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956, дап. выд. 1959). Перакладаў на бел. мову вершы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, А.Твардоўскага, М.Рыльскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае ягозб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў ягозб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж.Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст.яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.