ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ ((Wasilewska) Ванда Львоўна) (21.1.1905, Кракаў — 29.7.1964),

польская і савецкая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Жонка А.Карнейчука. Скончыла Ягелонскі ун-т (1927). У 1934—37 у складзе Гал. рады Польскай сацыяліст. сацыяліст. партыі; удзельнічала ў дзейнасці Лігі аховы правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з арганізатараў антыфаш. Кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. З 1939 у СССР. Заснавала і ўзначальвала ў 1943—46 Саюз польскіх патрыётаў; нам. старшыні Польскага К-та нац. вызвалення (1944). Пісала на польскай мове. Дэбютавала вершамі (1921). Аўтар публіцыстычна-рэпартажных аповесцей «Аблічча дня» (1934), «Зямля ў ярме» (1938), рамана «Радзіма» (1935) аб жыцці рабочых і сялян у Польшчы ў міжваенны перыяд. Трылогія «Песня над водамі» (1940—51, Дзярж. прэмія СССР 1952) пра нац.-вызв. рух на Валыні. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвяціла аповесць «Радуга» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943). Сярод інш. твораў аповесць «Проста каханне» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), кнігі для дзяцей, зб-кі публіцыстыкі.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1954—55.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА ((Vélez de Guevara) Луіс) (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),

іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.​Р.​Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;

Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРА́ЦЫЯ (ад лац. vibratio ваганне, дрыжанне),

механічныя ваганні пругкіх цел, механізмаў і збудаванняў. Характарызуецца частатой (звычайна вібрацыяй лічаць ваганні частатой больш за 1 Гц) і амплітудай. Падзяляецца на карысную і шкодную. Выяўляецца і запісваецца вібрашчупамі, частатамерамі, вібрографамі, сейсмографамі, асцылографамі ў выглядзе графіка — вібраграмы.

Карысная вібрацыя ўзбуджаецца вібратарамі. Выкарыстоўваецца ў многіх тэхнал. аперацыях (гл. Вібрацыйная тэхніка), медыцыне (гл. Вібратэрапія) і інш. Шкодная вібрацыя ўзнікае пры руху транспарту, рабоце машын, механізмаў і інструментаў. Яна асабліва небяспечная пры рэзанансе (калі па частаце супадае з уласнымі ваганнямі канструкцыі, напр. флатэр у самалёта). Шкодная вібрацыя паскарае знос машын, зніжае трываласць матэрыялаў. Яна памяншаецца вібраізаляцыяй і дэмпфіраваннем (правільнай падвескай або ўстаноўкай прылад і машын, выкарыстаннем амартызатараў з пругкіх матэрыялаў, спружынных і дынамічных гасільнікаў, іншых паглынальнікаў энергіі вібрацыі). Згубна дзейнічае на здароўе чалавека (гл. Вібрацыйная хвароба).

Літ.:

Вибрации в технике: Справ. Т. 4. М., 1981;

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969.

У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЧНІКАВЫЯ (Boraginaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін з парадку бурачнікакветных. Каля 100 родаў і больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Міжземнамор’і і на З Паўн. Амерыкі. На Беларусі 32 віды з 16 родаў (найб. вядомыя агурочнік, верабейнік, жывакост, крывацвет, медуніца, незабудка, сіняк, чарнакорань).

Травяністыя расліны, рэдка паўкусты, кусты, ліяны і дрэвы, пераважна з шорсткім апушэннем. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам, звычайна сабраныя ў завіток, радзей адзіночныя. Плод у асноўным сухі, дробны (распадаецца ў перыяд выспявання на 4 ці 2 арэшкападобныя долі); у некат. бурачнікавых плод касцянкападобны, сакавіты, вельмі рэдка — каробачка. Лек., меданосныя, фарбавальныя, дэкар., тэхн., кармавыя і харч. расліны. Многія віды — пустазелле, некат. Ядавітыя для чалавека і жывёлы.

Літ.:

Доброчаева Д.Н. Сем. Boraginaceae Juss. — Бурачниковые // Флора европейской части СССР. Л., 1981. Т. 5;

Яе ж. Сем. Бурачниковые (Boraginaceae) // Жизнь растений. М., 1981. Т. 5, ч. 2;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

т. 3, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Андрэй Андрэевіч) (н. 12.5.1933, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі архітэктурны ін-т (1957). Першыя зб-кі вершаў — «Парабала» і «Мазаіка» (абодва 1960). Паэмы «Майстры» (1959), «Ланжумо» (1963), «Оза» (1964), «Аповесць пад ветразямі» (1971), «Авось» (1972), «Андрэй Палісадаў» (1980) вызначаліся асабістым паэт. почыркам, які вылучаўся на фоне тагачаснай уніфікаванай паэзіі. Аўтар зб. вершаў «Антысветы» (1964), «Ахілесава сэрца» (1966), «Цень гуку» (1970), «Погляд» (1972), «Дубовы ліст віяланчэльны» (1975), «Вітражных спраў майстар» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978), «Спакуса» (1978), «Несвядомае» (1981), «О.​Аповесць» (1982), «Прарабы духу» (1984). У паэзіі Вазнясенскага значнае месца займаюць урбаністычныя матывы, раскрываецца антыгуманізм сучаснага свету, у якім самымі ранімымі застаюцца сэрца і душа чалавека. Выдаў кнігу ўспамінаў «Мне чатырнаццаць гадоў» (1980). На бел. мову творы Вазнясенскага пераклаў Р.​Барадулін (зб. «Небам адзіным», 1980).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Аксиома самоиска. М., 1990.

Літ.:

Михайлов А. Андрей Вознесенский. М., 1970.

С.​Ф.​Кузьміна.

А.А.Вазнясенскі.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЗО́ЛІ (ад аэра... + золі),

дысперсныя сістэмы з цвёрдымі ці вадкімі часцінкамі, завіслымі ў газавым асяроддзі (пераважна ў паветры). Да аэразоляў адносяцца туман, воблакі, дым (памер часцінак 0,1—5 мкм), пыл (10—100 мкм) і інш. Аэразолі ўтвараюцца ў прыродных працэсах (воблачнасць, вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, пылавыя буры, метэарытны і касм. пыл і інш.) або ў выніку дзейнасці чалавека (прамысл. і трансп. выкіды, пэўныя тэхналогіі, гарэнне паліва, пораху, арган. рэчываў, тытуню, радыяц. забруджванне). Аэразолі з прыроднага туману і выкідаў прам-сці наз. смогам.

Аэазолі ўплываюць на эл. і хім. характарыстыкі атмасферы, рассейванне і паглынанне ў ёй сонечнай радыяцыі, бачнасць, фарміраванне воблакаў і ападкаў. Штучныя аэразолі выкарыстоўваюцца ў аэразольтэрапіі (інгаляцыя, дэзінфекцыя), прам-сці (нанясенне металічных і лакафарбавых пакрыццяў, распыленне паліва), сельскай гаспадарцы (распыленне пестыцыдаў, інсектыцыдаў). Узнікненне аэразоляў часта непажаданае з-за страт каштоўных рэчываў, забруджвання паветра, шкоднага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе, тэхн. канструкцыі і інш. (гл. таксама Аэразольная катастрофа).

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),

група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.

Літ.:

Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.

Да арт. Бактэрыі: 1 — кокі; 2 — бацылы; 3 — спірылы; 4 — вібрыёны.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,

колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.

М.​С.​Капора.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра... грэч. bios жыццё),

жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫЦЫ́Т,

запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)