ПАТРЭ́БНАСЦЬ,
стан узаемадзеянняў суб’екта (асобы, сац. групы, грамадства) з аб’ектыўнымі ўмовамі яго існавання, якія ён зазнае пры патрэбе ў чым-небудзь неабходным для падтрымкі жыццядзейнасці і ў якасці стымулу актыўнасці. Да П. адносіцца не толькі тое, што прыносіць карысць, неабходна для жыцця, але і рэальныя запатрабаванні на прадметы, што могуць быць шкоднымі для здароўя і сац. статусу, але выкарыстоўваюцца людзьмі ў сілу звычак, традыцый і задавальнення (курэнне, ужыванне алкаголю, наркотыкаў і інш.). Працэс задавальнення, рэалізацыі П. ўяўляецца як мэтасэнсавая дзейнасць чалавека, што праходзіць у пэўных сац. адносінах і ў пэўных сац.-эканам., паліт. і культурных умовах. П. асобы і групы апасродкаваны працэсам выхавання.
П. складаюць адзіную цэласную сістэму і падзяляюцца на біял. (абумоўленыя абменам рэчываў) і сац. (абумоўленыя грамадскай сутнасцю чалавека), на ўсвядомленыя і неўсвядомленыя, матэрыяльныя і духоўныя, індывід. і групавыя, рацыянальныя і нерацыянальныя, бягучыя і чакаемыя, рэальныя і ідэальныя, узвышаныя і нізкія, жыццёва важныя і другарадныя, самадастатковыя і прэстыжныя, элементарныя і складаныя, насычаныя (маюць выразныя межы) і ненасычаныя (не маюць межаў; напр., веды). У адпаведнасці са сферай дзейнасці вылучаюць таксама П. працы. пазнання, веры, зносін, сексу, адпачынку; паводле функцыянальнай іх ролі — дамінуючыя і перыферыйныя, устойлівыя і сітуатыўныя; паводле аб’ектаў дзейнасці — індывід., групавыя, калект., грамадскія.
П. дэтэрмінуюцца генетыка-біял. фактарамі, сац.-эканам. і сацыякульт. ўмовамі існавання людзей, характарам і зместам іх дзейнасці, іх узроўнем сацыякульт. развіцця і менталітэтам. Індывідуальна і суб’ектыўна П. перажываюцца ў форме пачуццёва-эматыўна афарбаваных жаданняў і імкненняў. Іх рэалізацыя дыферэнцыруецца ў залежнасці ад каштоўнасных арыентацый і жыццёвых дыспазіцый асобы ў карэляцыі з яе індывід. вопытам, спосабамі рэфлексіўнага асэнсавання свайго жыццёвага шляху, быцця інш. людзей, сац. адносін і сац. дзейнасці.
Я.М.Бабосаў.
т. 12, с. 184