АБО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЧУ́ГА,

вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).

Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.​А.​Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МА ўзаемнага навучання,

сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.​Белам (1791) і Дж.​Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.​П.​Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НДЗІЧЫ,

вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.​Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.

В.​М.​Князева.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКАЯ РА́ДА, Беларускі вучыцельскі саюз Гродзеншчыны,

прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў. Дзейнічала ў Гродне ў ліп. 1919 — крас. 1920 ва ўмовах польск. акупацыі. Узначальвалі І.​Антонаў, са жн. 1919 — Л.​Дзекуць-Малей. Выступала за беларусізацыю нар. асветы, арганізацыю бел. школьніцтва ў Гродзенскай губ., паліт. і сац. абарону бел. настаўніцтва; супраць абмежавання польск. ўладамі бел. асветы і паланізацыі бел. школ. Накіроўвала на вучобу на бел. настаўніцкія курсы ў Вільню настаўнікаў Гродзеншчыны. Яе намаганнямі ў 1919 1-я бел. пач. школа ў Гродне пераўтворана ў прагімназію. Падтрымлівала сувязь з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, мясц. Грамадой беларускай моладзі ў Гродне, з інш. бел. настаўніцкімі саюзамі. Паўнамоцтвы перадала Беларускай школьнай радзе ў Гродне.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНКА,

вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).

Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.​В.​Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.​А.​Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.

Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДАКО́ВІЧЫ,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Гнілка. Цэнтр Ляснянскага с/с і калгаса. За 12 км на ПнУ ад Круглага, 77 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Талачын. 291 ж., 112 двароў (1997).

Вядомы з пач. 16 ст. як вёска кн. І.​Горскага па мянушцы Дуда (адсюль назва). З 16 ст. належала Храптовічам, Гарнастаям, Камарам, кляштару дамініканцаў (да 1832) і інш. З 17 ст. мястэчка. З 1772 у Рас. імперыі, у Магілёўскай губ., з 1861 у Магілёўскім пав. У 1909 сяло, 446 ж., 50 двароў. З 1924 вёска ў Круглянскім, у 1931—35 у Талачынскім, у 1959—66 у Бялыніцкім р-нах. З 1964 цэнтр сельсавета. У 1971—329 ж., 101 двор.

Комплекс «школа-сад», клуб, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (19 ст.).

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕШЫБО́Т (ад стараж.-яўр.),

іудзейская вышэйшая рэліг. школа па падрыхтоўцы гал. чынам рабінаў. Е. ўзніклі ў Вавілоніі. Палесціне, Егіпце ў перыяд фарміравання Талмуда. Былі асн. цэнтрамі іудзейскай тэалагічнай думкі і месцам выхавання духоўнай і інтэлектуальнай эліты яўрэйства. У Е. прымалі юнакоў з 13 гадоў, якія скончылі хедэр (пач. школу). Утрымліваліся на ахвяраванні яўр. абшчын і прыватных асоб. Тэрмін навучання дакладна не быў вызначаны. Лекцыі чыталіся 2—3 разы ў тыдзень, выкладчыкі давалі агульныя кірункі, тлумачылі асобныя месцы і палажэнні Талмуда, астатні час вучні займаліся самастойна. У Беларусі Е. вядомы з 16 ст. Старэйшым лічыцца Е. у Брэсце. Найбольшыя Е. былі ў Валожыне, Лідзе, Міры, Слоніме, Слуцку, Радуні. Існавалі да 1930—40-х г., некаторыя іх будынкі (напр. у Валожыне, Міры) захаваліся.

Б.​А.​Мельцэр.

т. 6, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЫЧА́ННЕ,

вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШКАЛДЗЬ,

вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)