ЕШЫБО́Т (ад стараж.-яўр.),

іудзейская вышэйшая рэліг. школа па падрыхтоўцы гал. чынам рабінаў. Е. ўзніклі ў Вавілоніі. Палесціне, Егіпце ў перыяд фарміравання Талмуда. Былі асн. цэнтрамі іудзейскай тэалагічнай думкі і месцам выхавання духоўнай і інтэлектуальнай эліты яўрэйства. У Е. прымалі юнакоў з 13 гадоў, якія скончылі хедэр (пач. школу). Утрымліваліся на ахвяраванні яўр. абшчын і прыватных асоб. Тэрмін навучання дакладна не быў вызначаны. Лекцыі чыталіся 2—3 разы ў тыдзень, выкладчыкі давалі агульныя кірункі, тлумачылі асобныя месцы і палажэнні Талмуда, астатні час вучні займаліся самастойна. У Беларусі Е. вядомы з 16 ст. Старэйшым лічыцца Е. у Брэсце. Найбольшыя Е. былі ў Валожыне, Лідзе, Міры, Слоніме, Слуцку, Радуні. Існавалі да 1930—40-х г., некаторыя іх будынкі (напр. у Валожыне, Міры) захаваліся.

Б.А.Мельцэр.

т. 6, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)