КРЫ́МСКІ Агафангел Яфімавіч (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),
украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад.АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр.навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў зараб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Багдановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ.
Змяшчаюць матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, абсталяванні будынкаў, добраўпарадкаванні населенай тэрыторыі. На Беларусі з 1970 выдаецца час.«Архитектура и строительство Беларуси» (4 нумары ў год). Матэрыялы па архітэктуры публікуюцца ў час. «Весці АН Беларусі» (серыя гуманітарных навук), «Мастацтва» і інш. У Расіі першы архітэктурны часопіс «Архитектурный вестник» выдаваўся ў 1859—61 у Пецярбургу, у 1872—1917 — час. «Зодчий» Пецярб.т-ва архітэктараў з дадаткам «Неделя строителя». У СССР выдавалася больш як 20 архітэктурных часопісаў, у т. л. «Современная архитектура» (1926—30), «Архитектура СССР» (1933—91), «Архитектура и строительство Москвы» і інш.
Найб. вядомыя замежныя архітэктурныя часопісы, якія шырока асвятляюць пытанні сучаснай архітэктуры, «Joournal of the Royal institute of British architects» («Часопіс Каралеўскага ін-та Брыт. архітэктараў», Лондан, з 1893); «Baumeister» («Будаўнік», Мюнхен, з 1902); «Werk» («Праца», Цюрых, Швейцарыя, з 1914); «L’architecture d’aujourd’hui» («Сучасная архітэктура», Парыж, з 1930), «L’architecture francaise» («Французская архітэктура», Парыж, з 1940) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Георгій Іванавіч (31.5.1912, г. Пінега Архангельскай вобл., Расія — 13.5.1987),
расійскі вучоны ў галіне аэрагідрадынамікі, стваральнік навук. школы па газадынаміцы. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953), Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі ун-т (1935). З 1934 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1944 у НДІ цеплавых працэсаў, з 1965 у Ін-це касм. даследаванняў АНСССР (дырэктар, з 1973 заг. аддзела). Адначасова з 1952 у Маскоўскім ун-це (з 1955 заг. кафедры). Навук. працы па прыкладной газавай дынаміцы, касм. аэрадынаміцы, цеплафізіцы.
Даследаваў распаўсюджванне мех. хваль у вязкай вадкасці, устойлівасць віхравых слаёў, фіз. ўмовы распаду ламінарнага цячэння. Распрацаваў метады цеплавой аховы спускальных касм. апаратаў. Прапанаваў адно з тлумачэнняў праблемы Тунгускага метэарыта. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1978.
Тв.:
Космические исследования в СССР. М., 1970;
Аэромеханика больших скоростей и космические исследования. Избр. тр.М., 1992.
Літ.:
Воспоминания об академике Г.И.Петрове. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ТСАН (Watson) Джэймс Дзьюі (н. 6.4.1928, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл.Нац.АН ЗША (1962), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Дацкай каралеўскай АН (1962). Замежны чл.Рас.АН (1988). Скончыў Чыкагскі ун-т (1947). У 1951—53 і 1955—56 у Кавендышскай лабараторыі Кембрыджскага ун-та, у 1953—55 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1956 у Гарвардскім ун-це (з 1961 праф.), з 1962 кансультант прэзідэнта ЗША па навуцы, з 1968 у Колд-Спрынг-Харбары (штат Нью-Йорк). Навук. працы па вывучэнні структуры ДНК, ролі РНК у біясінтэзе бялку. Разам з Ф.Х.К.Крыкам (1953) прапанаваў мадэль прасторавай структуры ДНК (падвоеная спіраль), што дазволіла растлумачыць яе ўласцівасці і біял. функцыі. З паяўленнем гэтай працы звязана ўзнікненне малекулярнай генетыкі. Вывучаў структуру вірусаў і іх ролю ў злаякасным росце тканак. Нобелеўская прэмія 1962 (з Крыкам і М.Уілкінсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНАТО́ГРАФ (ад каардынаты + ...граф),
прылада для нанясення на карту або план кропак па іх прамавугольных каардынатах. К. бываюць стацыянарныя з рабочай плошчай 100×200 см, палявыя зпл. 45×45 см, мех. і аўтаматычныя. Гл. таксама Картаграфічныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯСНЫ́Я ЦЭ́НЫ цэны, дыферэнцыраваныя па паясах, кожны з якіх уключае некалькі адм.-тэр. адзінак, мясцовасцей з падобнымі прыродна-эканам. ўмовамі вытв-сці, рэалізацыі і спажывання асобных відаў прадукцыі; цэны аднаго і таго ж тавару, характэрныя для шэрагу рэгіёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (А.А.Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.І.Малінін); выбары ЦККП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦКВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных зВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУСБССР, КПК пры ЦКВКП(б)паБССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦКВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦКВКП(б) А.А.Андрэеў разам знам.заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) П.К.Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦККП(б)Бз 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Бз 9 чл.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІКАЎ Уладзімір Васілевіч (25.12.1837, г.п. Княгініна Ніжагародскай вобл., Расія — 11.2.1904),
расійскі хімік, заснавальнік навук. школы.
Скончыў Казанскі ун-т (1860), дзе і працаваў (з 1869 праф.). З 1871 у Новарасійскім (Адэса), з 1873 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы патэарэт.арган. хіміі, арган. сінтэзе і нафтахіміі. Даследаваў ізамерыю і ўзаемны ўплыў атамаў у арган. злучэннях: устанавіў шэраг заканамернасцей рэакцый замяшчэння, далучэння і расшчаплення па падвойнай сувязі, у т. л. правіла, якое вызначае парадак далучэння элементаў галагенавадародных кіслот і вады да ненасычаных вуглевадародаў (правіла М.; 1869). Адкрыў новы клас вуглевадародаў — нафтэны (1863; тэрмін прапанаваны М.), ізамерыю тлустых кіслот (1865), рэакцыю ізамерызацыі цыклічных вуглевадародаў з памяншэннем цыкла (ізамерызацыю цыклагептану ў метылцыклагексан; 1892). Адзін з заснавальнікаў Рус.фіз.-хім.т-ва (1868).
Літ.:
Платэ А.Ф., Быков Г.В., Эвентова М.С. В.В.Марковников, 1837—1904: Очерк жизни и деятельности. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ Аляксандр Уладзіміравіч (н. 27.1.1932, в. Бартнікі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1991), д-рмед.н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1955). З 1961 у Бел.НДІ ўдасканалення ўрачоў (з 1966 рэктар, з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах артапедыі і траўматалогіі, накіраваныя на зніжэнне траўматызму, скарачэнне тэрмінаў лячэння, памяншэння інваліднасці і смяротнасці, па вывучэнні тканкавага крывацёку і абменных працэсаў. Выканаў фундаментальныя даследаванні, прапанаваў шэраг метадаў дыягностыкі і лячэння траўматалагічных пашкоджанняў і захворванняў апорна-рухальнага апарату. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Постоянное вытяжение в травматологии и ортопедии. Мн., 1970;
Рентгенодиагностический атлас. Ч. 1—2. Мн., 1987 (разам з А.М.Міхайлавым);
Нейроортопедические и ортопедо-неврологические синдромы у детей и подростков. Мн., 1998 (разам з Г.Г.Шанько).