метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розныхкасм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл.Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.С.Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс.км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш. Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццю касмічнага землязнаўства.
Ф.Е.Шалькевіч.
Да арт.Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,
авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.Шофера, Ж.Тэнглі (Францыя), Б.Райлі, Л.Пунса (Англія—ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАТЭРАПІ́Я, кліматалячэнне,
сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці над узр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн. метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розныхгеагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),
бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж.выд-ваБССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розныхліт. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТАН ((Clinton) Уільям) (Біл) Джэферсан (н. 19.8.1946, г. Хоп, штат Арканзас, ЗША),
палітычны і дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Джорджтаўнскі (1968) і Іельскі (1973) ун-ты, вучыўся ў Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія, 1968—70). У 1974—76 праф. права ва ун-це штата Арканзас. У 1977—79 ген. пракурор, у 1979—81 і 1983—93 губернатар штата Арканзас. З 1993 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. 15.1.1994 знаходзіўся з афіц. візітам у Беларусі (наведаў Курапаты, выступіў перад бел. грамадскасцю ў АН Беларусі). Праводзіць курс на ўзмацненне міжнар. ўплыву ЗША, выступае за прыняцце ў НАТО новых членаў з ліку краін Усх. Еўропы, развіццё супрацоўніцтва з Расіяй, вырашэнне Блізкаўсходняга крызісу, канфлікту на Балканах і інш. Пры ім ВПС ЗША прымалі ўдзел у ваен. аперацыях у розных рэгіёнах свету, у т. л. супраць Ірака (1993, 1996, 1998), Югаславіі (1999, у складзе сіл НАТО).
Ва ўнутр. палітыцы выступае за рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),
даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),
французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГРА́НЖ ((Lagrange) Жазеф Луі) (25.1. 1736, г. Турын, Італія — 10.4.1813),
французскі матэматык і механік, адзін са стваральнікаў аналітычнай механікі і варыяцыйнага злічэння. Чл. Берлінскай АН (1759) і яе прэзідэнт (1766—87), чл. Парыжскай АН (1772), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). Вучыўся ў Турынскім ун-це. Праф.Артыл. школы (з 1754) у Турыне, Вышэйшай нармальнай школы (з 1795) і Політэхн. школы (з 1797) у Парыжы. Навук. працы па механіцы, геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, матэм. аналізе, тэорыі лікаў, алгебры, астраноміі. Сфармуляваў асн. варыяцыйныя прынцыпы механікі, увёў абагульненыя каардынаты, надаў ураўненням руху форму, названую яго імем (гл.Лагранжа ўраўненні), прапанаваў тэорыю лібрацыі Месяца і тэорыю руху спадарожнікаў Юпітэра, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па розных раздзелах матэматыкі, матэм. картаграфіі і тэарэт. астраноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розныхкамед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.Коласа ў нац. драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Альховік («Трывога» А.Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Благое («Доктар філасофіі» Б.Нушыча) і інш.