КО́БЕ,

горад у Японіі, на З в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хіёга. 1,5 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у заліве Осака Унутранага Японскага мора (гадавы грузаабарот больш за 150 млн. т, каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Буйны прамысл. цэнтр. Развіты металургія, трансп. машынабудаванне, у т. л. суднаверфі (каля 30% танажу будуемых у краіне суднаў), чорная металургія, маш.-буд., у т. л. самалётабудаванне, эл.-тэхн., гумавая, харч., хім., ваенная, тэкст. прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты. Мастацкі музей. Турызм. У 1995 пацярпеў ад землетрасення.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я г. за межамі г. Кобрын Брэсцкай вобл., на беразе р. Мухавец, у 1841 перавезена ў горад, перабудавана з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асн. зруба, 5-граннай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вял. 8-гранны светлавы барабан з купалам. Гал. фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі.

Т.​В.​Габрусь, А.​М.​Мартынаў.

Кобрынская Мікалаеўская царква.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЯ́Н,

горад у цэнтр. ч. Кітая, на р. Лахэ (бас. Хуанхэ), у прав. Хэнань. Засн. ў 12 ст. да н.э. 760 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Буйны цэнтр вытв-сці трактароў, горнага абсталявання і падшыпнікаў. Развіта таксама гумава-тэхн., тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Каля Л. — шматлікія падземныя грабніцы (больш за 1000), у т. л. пачатку н.э. За 10 км на У — храм Баймасы (68 н.э.) — адзін з першых будыйскіх храмаў у Кітаі, за 15 км на Пд — будыйскі пячорны храм Лунмынь (495—898, цяпер музей).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс. км². Нас. каля 2,3 млн. чал. (1995). Гал.’ горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЦЭ́РН (Luzern),

горад у цэнтр. ч. Швейцарыі. Адм. ц. кантона Люцэрн. Засн. каля 1180. Каля 70 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Фірвальдштэцкім воз. Прам-сць: маш,буд., прыладабуд., швейная, паліграф., харчовая. Музеі, у т. л. мастацкі і гістарычны. Скарбніца Гофкірхе. Гар. ўмацаванні з вежамі (пач. 15 ст.), Рыцарскі палац, пазней езуіцкі калегіум (2-я пал. 16 ст.), драўляныя гатычныя масты Капельбруке (1333, згарэў у 1993, адбудаваны) і Шпроербруке (1408), ратуша (пач. 17 ст.), будынкі ў стылі барока (17—18 ст.). Штогадовыя муз. фестывалі. Кліматычны курорт. Турызм.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСУ́Л,

горад на Пн Ірака. Адм. ц. мухафазы Найнава. Пабудаваны ў 7 ст. арабамі на месцы стараж. крэпасці. Нас. 879 тыс. ж. (1998). Порт на правым беразе р. Тыгр. Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (у т. л. вытв-сць мусліну — ад назвы М.), харч., гарбарна-абутковая, нафтаперапр., металаапр., цэментная. У раёне М. здабыча нафты (Айн-Зала). Ун-т. Арх. помнікі 12—13 ст., у т. л. мячэць Джамі аль-Кабір (або ан-Нуры) і мінарэт (12 ст.). Мусульм. музей асірыйскага і парфянскага мастацтва. Паблізу М. руіны стараж. г. Ніневія.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСЕ́ТА (Meseta),

Кастыльскае пласкагор’е. У цэнтр. ч. Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі і Партугаліі. Займае б.ч. Пірэнейскага п-ва. Складзена пераважна з герцынскіх крышт. парод. Уяўляе сабой спалучэнне плато, невысокіх масіваў і міжгорных упадзін, на З моцна расчлянёна тэктанічнымі разломамі. Пераважаюць выш. 600—1200 м. Хрыбтом Цэнтр. Кардыльера (выш. 2592 м) падзелена на Старакастыльскае і Новакастыльскае пласкагор’і. Клімат пераважна субтрапічны, міжземнаморскі, на Пн Галісіі — умераны, марскі. Асн. рэкі — Дуэра, Таха, Гвадыяна. Ксерафітныя хмызнякі і стэпы, на ПнЗ — разрэджаныя шыракалістыя і хваёвыя лясы. Вырошчваюць збожжавыя. Сады, вінаграднікі. Пашавая жывёлагадоўля. Найбуйнейшы горад — Мадрыд.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛУ́ЧЫ ((Michelucci) Джавані) (2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.​Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛУО́КІ (Milwaukee),

горад на Пн ЗША, у штаце Вісконсін. Каля 630 тыс. ж., з прыгарадамі 1,7 тыс. ж. (1998). Порт на воз. Мічыган, пры ўпадзенні р. Мілуокі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр маш.-буд. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць рухавікоў, станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, электраматораў, трансфарматараў, с.-г., дарожна-буд. машын, горнага абсталявання і інш. металаёмістай прадукцыі; аўтамаб. (вытв-сць вузлоў і дэталей), прыладабуд., ваенная прам-сць. Чорная і каляровая металургія. Хім., нафтахім., харчасмакавая, паліграф. прам-сць. 2 ун-ты, кансерваторыя.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСКГРАМАДЗЯНПРАЕ́КТ».

Засн. ў 1969 у Мінску на базе майстэрні праектнага ін-та «Белдзяржпраект» як ін-т комплекснага праектавання грамадзянскага буд-ва «Мінскграмадзянпраект». З 1995 адкрытае акц. т-ва «Інстытут «Мінскграмадзянпраект». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектаў мікрараёнаў і жылых кварталаў; комплекснае праектаванне аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння; дызайн-канцэпцыі; інтэр’еры; аказанне інж.-кансалтынгавых паслуг; кансультацыі па стварэнні і ўкараненні сістэм якасці на базе міжнар. стандартаў серыі ISO—9000; натурныя ўзоры маст. вырабаў; інфарм. дзейнасць і інш.

А.​М.​Быкоўскі.

Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры. Рэканструкцыя.
«Мінск — горад-герой».

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)