птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі, на Пн Індыі і Афрыкі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, садах і парках. Пералётны, часткова зімуе. На Беларусі звычайны на Пд ад шыраты г. Бабруйск, найб. на Палессі; рэдкі на Пн.
Даўж. цела каля 13 см, маса 46—57 г. Дзюба моцная, тоўстая, канічная. Галава бура-карычневая, горла, паласа вакол дзюбы, крылы і хвост чорныя, спіна каштанавая, на плячах шырокая светлая паласа, цела знізу рыжавата-шэрае, брушка і пляма на хвасце і крылах белыя. Самка больш цьмяная. Нясе 3—7 (найчасцей 4—5) яец. Корміцца насеннем дрэў, пладамі крушыны, рабіны, чаромхі, костачкамі вішні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,
род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.
Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.
Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСУ́МЧАТЫЯ (Hemiascomycetidae),
падклас сумчатых грыбоў. Уключае 4 парадкі: эндаміцэтальныя (Endomycetales), тафрынальныя (Taphrinales), протаміцэтальныя (Protomycetales) і аскасферальныя (Ascosphaerales), каля 350 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца каля 20 відаў з парадкаў тафрынальныя і эндаміцэтальныя.
Прымітыўныя грыбы, у якіх талом прадстаўлены адзіночнымі клеткамі, што пачкуюцца або дзеляцца (толькі некат. віды маюць слаба развіты міцэлій), пладовыя целы адсутнічаюць, сумкі са спорамі ўтвараюцца адзіночна ці слоем непасрэдна на клетках або міцэліі. Большасць галасумчатых — сапратрофы. Ёсць паразіты вышэйшых раслін, чалавека і жывёл, узбуджальнікі розных хвароб — гіпертрафіі і дэфармацыі пладоў, кучаравасці лісця, кішэнек, ведзьміных мётлаў, бластамікозаў, кандыдамікозаў. Да галасумчатых належаць дражджавыя грыбы (дрожджы), якія маюць вял. практычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЯ́,
хвароба раслін, выкліканая галаўнёвымі грыбамі. Найб. шкоду прыносіць збожжавым культурам. Разбурае асобныя завязі або цалкам каласы, мяцёлкі, катахі, радзей сцёблы, лісце, ператвараючы іх у пылаватую або шчыльную чорную споравую масу. Асабліва частыя: цвёрдая галаўня пшаніцы, жыта, аўса і ячменю; пыльная галаўня пшаніцы, ячменю, аўса, проса і кукурузы; каменная галаўня ячменю, сцябловая галаўня жыта і пшаніцы; пухіраватая галаўня кукурузы. На Беларусі найб.пашыраны цвёрдая галаўня пшаніцы (узбуджальнік Tilletia triciti) і пыльная галаўня ячменю (узбуджальнік Ustilago nuda).
Усе віды ўзбуджальнікаў галаўні вузкаспецыялізаваныя — пашкоджваюць толькі пэўную культуру. Меры барацьбы з галаўнёй: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, выбракоўка пасеваў, пашкоджаных галаўнёй, хім. абеззаражванне насення фунгіцыдамі або тэрмічным спосабам, апрацоўка насення спец. сістэмнымі пратрутамі (супраць пыльнай галаўні ячменю і пшаніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ГА (Galega),
казлятнік, род кветкавых раслін сям. бабовых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Усх. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны 2 каўказскія віды: галега ўсходняя, або лясная (Galega orientalis), — меданосная, кармавая расліна, і галега лекавая (Galega officinalis), выкарыстоўваецца для лячэння цукр. дыябету.
Шматгадовыя голыя або кароткаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным трубчастым, уверсе галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце складанае, няпарнаперыстае, з шырокімі прылісткамі. Кветкі двухполыя, блакітныя, сінія, фіялетавыя, сабраныя па 25—50 у густыя верхавінкавыя або пазухавыя гронкі даўж. да 25 см на доўгіх кветаносах. Плод — шматнасенны лінейны боб. Насенне пупышкападобнае, дробнае. Кармавыя, лек., дэкар. і сідэратныя расліны. Галега лекавая ядавітая для жывёлы (мае ў сабе алкалоід галегін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,
антыфеадальнае паўстанне польск. і ўкр. сялян у Галіцыі. Пачалося 18.2.1846, ахапіла Харкаўскую, Бохенскую, Ясельскую, Сандзецкую, Саноцкую і Самборскую акругі. Паўстанцы разграмілі каля 200 панскіх двароў, усюды спынілі выкананне феад. павіннасцей; былі арганізаваны ўзбр.сял. атрады (Якуба Шэлі, Карыгі і інш.). Ва Усх. Галіцыі найб. актыўныя выступленні сялян былі ў наваколлі Дабраміля. Хоць паўстанне ў крас. было жорстка задушана, аўстр. ўрад вымушаны быў пайсці на некат. ўступкі: паменшана паншчына, адменена падводная павіннасць, сялянам дазволена падаваць скаргі на памешчыкаў непасрэдна акруговым старастам, пашыраны правы сялян на зямлю. Галіцыйскае паўстанне было адной з перадумоў рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і адной з прычын адмены прыгонніцтва ў Галіцыі ў крас. 1848.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),
малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.
Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб.пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.