СМАРЧКО́Ў Мікіта Іванавіч (н. 30.4.1916, в. Трафіменкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Рыбінскі аэраклуб (1936), Балашоўскую ваен. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Сталінградскім, Варонежскім, 1-м, 2-м, 3-м Укр. франтах камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Удзельнік баёў пад Масквой, Варонежам, Курскай бітвы, на Украіне, у Румыніі, Югаславіі, Венгрыі. Капітан С. да снеж. 1944 зрабіў 196 баявых вылетаў. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1991 на адм. і сав. рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Дуброўна Аршанскага р-на.

М.І.Смарчкоў.

т. 15, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЯГІ́Р, гіль (Pyrrhula pyrrhula),

птушка сямейства ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, пераважна ў лясной зоне. У род Pyrrhula ўключаюць яшчэ 5 відаў (падвідаў С.: азорскі, усурыйскі, шэры і інш. На Беларусі аселая птушка. Нар. назва снягур.

Даўж. да 19 см, маса да 35 г. Верх галавы і хвост чорныя, спіна шэрая, брушка ў самцоў чырв., у самак і маладых асобін бурае. Дзюба чорная, кароткая, тоўстая. Корміцца насеннем і пупышкамі дрэў, кустоў, траў, ягадамі. Адкладвае да 7 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Снягір: 1 — самка; 2 — самец.

т. 15, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВО́ЙКІ (Vorticella),

род раснічных інфузорый. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў прэсных і марскіх водах. На Беларусі найб. адзначаецца С. маларотая (V.microstoma).

Даўж. каля 150 мкм. Цела званочкападобнае. Адзіночныя формы на скарачальнай спіральнай сцяблінцы, якой прымацоўваюцца да субстрату Па краі ротавага дыска раснічны апарат; каляротавая спіраль пастаянна рухаецца і накіроўвае ток вады да ротавай адтуліны. Кормяцца бактэрыямі, дэтрытам. Пры бясполым размнажэнні ўтвараюцца «бадзяжкі», якія свабодна плаваюць, потым прымацоўваюцца. Ёсць і палавы працэс — кан’югацыя. Фільтратары вадаёмаў. Некат. — вонкавыя паразіты рыб. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯ,

паводле традыц. кіт. гістарыяграфіі — першая дынастыя кіт. імператараў (23—18 ст. да н.э.). Сказанні пра С. змешчаны ў многіх стараж.-кіт. пісьмовых помніках, найб. поўныя — у «Гістарычных нататках» Сыма Цяня (2—1 ст. да н.э.). Да 20 ст. звесткі пра С. вучоныя лічылі легендай. Але пасля знаходак помнікаў часоў дынастыі Інь, якую таксама лічылі легендарнай, большасць гісторыкаў трымаецца версій, што С. існавала як саюз протакіт. плямён у сярэднім бас. р. Хуанхэ, але дагэтуль ніхто з даследчыкаў няздольны атаясаміць яе ні з адной вядомай археал. культурай.

т. 15, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎРАМЕ́НІЙ (Taormina),

старажытнагрэчаскі горад на ўсх. узбярэжжы Сіцыліі (цяпер г. Таарміна, Італія). Засн. ў 396 да н.э. сікуламі, элінізаваны бежанцамі з в-ва Наксас у 358 да н.э. У 1-ю Пунічную вайну Т. адзін з першых на Сіцыліі прызнаў рым. ўладу, за што атрымаў права саюзнай абшчыны. У час 1-га Сіцылійскага паўстання рабоў (гл. Сіцылійскія паўстанні рабоў) важны апорны пункт паўстанцаў. Рабы дадаткова ўмацавалі Т., і рым. войскі здолелі захапіць горад толькі пры дапамозе здрады. У 34 да н.э. ў Т. засн. рым. калонія.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРКА́НА (Turkana),

бяссцёкавае саланаватае (каля 2‰) возера ў Афрыцы (пераважна ў Кеніі, паўн. ўзбярэжжа ў Эфіопіі). Размешчана ў тэктанічнай катлавіне на выш. 375 м. Пл. 8,5 тыс. км². Даўж. 220 км, шыр. да 50 км, глыб. да 73 м. Раней мела сцёк у сістэму р. Ніл. Паступова высыхае. Упадае р. Ома. Рыбалоўства. Водзяцца кракадзілы. На ўсх. беразе — нац. парк Сібілаі (Кенія), на паўд. — дзеючы вулкан Тэлекі. Адкрыта ў 1888 вандроўнікамі венг. Ш.​Тэлекі і аўстр. Л. фон Хёнелем. Да 1975 наз. Рудольф, у гонар аўстр. наследнага прынца.

т. 16, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́СЛА ТРАНСФАРМА́ТАР,

электрычная трансфарматарная прылада для атрымання высакавольтных ваганняў высокай частаты. Складаецца з высокачастотнага трансфарматара (без ферамагн. асяродка), разрадніка і эл. кандэнсатара. Вынайдзены М.Тэсла (1891) як крыніца ваганняў для радыёстанцый.

Першасная абмотка Т.т. мае некалькі віткоў тоўстага дроту, якую далучаюць да крыніцы сілкавання пераменнага току праз разраднік і кандэнсатар. Другасная абмотка, размешчаная ўнутры першаснай ці побач з ёй, мае вял. колькасць віткоў тонкага дроту. Пры выкананні ўмоў рэзанансу ў Т.т. ўзнікаюць ваганні з частатой да 150 кГц пры напружанні да 7 МВ. Выкарыстоўваецца ў дэманстрацыйных мэтах.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІНІ́Н Ціт Квінкцый (Titus Quinctius Flamininus; каля 226—174 да н.э.),

палітычны дзеяч і палкаводзец Стараж. Рыма. Ваен. трыбун 208, прапрэтар 205/204, консул 198, цэнзар 189 да н.э. На чале рым. арміі ў 2-й Македонскай вайне разбіў каля Кінаскефалаў македонскую армію Філіпа V і заключыў дагавор, паводле якога Філіп V адмовіўся ад усіх уладанняў у Грэцыі. На Істмійскіх гульнях (196) абвясціў свабоду грэч. полісаў. У 195 да н.э. разбіў войскі спартанскага тырана Набіса і абмежаваў яго ўладу. Праводзіў палітыку падтрымкі арыстакратыі ў грэч. полісах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНК (франц. franc),

1) грашовая адзінка Францыі (да 2002). Раўнялася 100 сантымам. Уведзены ў 1799 замест ліўра. З 1803 у абарачэнні былі залаты Ф. і сярэбраны, з 1876 толькі залаты, з 1936 толькі банкноты. У 1960 пры дэнамінацыі ўведзены новы Ф. Франц. Ф. да 2002 быў грашовай адзінкай Андоры, Гвіяны, Манака, Марцінікі, Рэюньёна, Сен-П’ера і Мікелона.

2) Грашовая адзінка Бельгіі і Люксембурга (да 2002), Швейцарыі.

3) Грашовая адзінка Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габона, Гвадэлупы, Гвінеі, Джыбуці, Камеруна, Конга, Кот-д’Івуара, Мадагаскара, Малі, Нігера, Руанды, Сенегала, Тога, Цэнтральнаафр. Рэспублікі, Чада, Экватарыяльнай Гвінеі.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЙНА́НЬ,

востраў у Паўднёва-Кітайскім м., тэр. Кітая. Аддзелены ад мацерыка аднайм. пралівам. Пл. 34 тыс. км². На Пн алювіяльныя раўніны, у цэнтр. і паўд. раёнах горы (выш. да 1867 м, г. Учжышань). Клімат трапічны, мусонны. На раўнінах т-ра студз. 16—19 °C, ліп. да 29 °C; ападкаў 1,2—1,5 тыс. мм, у гарах — да 3 тыс. мм за год. Горныя вечназялёныя лясы (пальмы, панданусы, камфаравае і тунгавае дрэвы, бамбук) і хмызнякі. На раўнінах вырошчваюць рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг і інш. Рэзерват Лэдун-Цзяньфынлін, некалькі заказнікаў. На Пн — г. Хайкоў.

т. 16, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)