з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.
Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач.жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НЦЫ старажытныя, вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл.Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.Гегеля і інш.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЯ ХРО́НІКА»,
«Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана», беларуска-ўкраінскі хранограф 1-й пал. 17 ст., своеасаблівая гіст. энцыклапедыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусв. гісторыі на старабел. мове. Месца ўзнікнення дакладна невядомае. Ранняя рэдакцыя помніка, найбольш верагодна, бел. паходжання, больш позняя — украінскага. Мае кампілятыўны характар. Паводле жанравай структуры — звод гіст. аповесцей, апавяданняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асн. частак: «Хронікі ўсяго свету» (грунтуецца пераважна на аднайм. хроніцы польск. гісторыка М.Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славян») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад «стварэння свету» да часоў Карла Вялікага (9 ст.). 2-я частка прысвечана гісторыі стараж. Русі ад заснавання Кіева да 1480. Адзін з раздзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да 1588. «Вялікая хроніка» змяшчае таксама шмат міфаў, легенд, паданняў і літаратурных апрацовак, у т. л. аповесці пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага (гл.«Александрыя»), Кулікоўскую бітву і інш. «Вялікая хроніка» захавалася больш чым у 10 спісах. Большая частка тэксту «Вялікай хронікі» не апублікавана, акрамя «Хронікі літоўскай і жамойцкай», выдадзенай у «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 32, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон прасац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́ЎСКІЯ,
удзельнікі вызв. руху ў Беларусі і Літве ў сярэдзіне 19 ст. і паўстання 1863—64. Дзеці дробнага шляхціца Дамініка Далеўскага, які валодаў фальваркам Кункулка ў Лідскім пав.
Францішак (1825, фальварак Руднікі Лідскага пав. — 25.4.1904), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849—60 у турме, на катарзе і ў ссылцы ў Сібіры. Напярэдадні і ў час паўстання адзін з кіраўнікоў партыі «белых», чл.Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. У чэрв. 1863 арыштаваны, засуджаны на 20 гадоў катаргі. З 1883 у Варшаве.
Аляксандр (24.1.1827, Кункулка — 26.4.1862), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849 арыштаваны, у 1850—58 на катарзе, у сібірскай ссылцы. Памёр у Вільні ад сухотаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму.
Канстанцін (1837, Кункулка — 27.5.1871). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, каморнік. Удзельнік паўстання 1863—64 на Ковеншчыне — змагаўся ў атрадах З.Серакоўскага, І.Ляскоўскага, А.Мацкявічуса, камандаваў асобным атрадам, паранены. Потым у эміграцыі. У час Парыжскай камуны 1871 расстраляны версальцамі.
Цітус (13.5.1840, Кункулка — 11.1.1864), удзельнік рэв. студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе вучыўся ва ун-тах. З лета 1863 найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем. Арыштаваны, публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Апалонія (1841, Кункулка — пасля 1915), жонка Серакоўскага. У час паўстання 1863—64 выслана ў Ноўгарад. З 1867 у Варшаве, займалася грамадскай дзейнасцю. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАШЭ́ВІЧ Уладзімір Максімавіч
(17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей — жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абуджэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У.Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950—60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. — людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І.Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е.Путраманта «Верасень» (з Я.Міско), апавяданні К.Федзіна, Ю.Нагібіна, У.Салаухіна і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1977;
Выбр. творы. Мн., 1988.
Літ.:
Александровіч С. У пошуках гераічнага і незвычайнага // Полымя. 1960. № 8;
Ярош М. Творчы неспакой пісьменніка // Там жа. 1963. № 12;
Няхай М. Пара творчай сталасці // Бел. літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КЕНС (Dickens) Чарлз
(7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял.гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т.л. «3 Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯ́Н (Vian) Барыс
(10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),
французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.
Тв.:
Бел.пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;
Женщинам не понять. СПб., 1993;
Пена дней. Л., 1994;
Мурашки. М., 1994;
Сердцедер. М., 1994.
Літ.:
Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.