КІПА́РСКІ ((Kiparsky) Валянцін Юлій Аляксандр) (4.7.1904, С.-Пецярбург — 15.5.1983),
фінскі філолаг-славіст, балтыст, германіст. Акад. Фінскай АН (1977). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1929), вучыўся ў Празе. У 1947—63 праф. Хельсінкскага, Індыянскага (г. Блумінгтан, ЗША), Бірмінгемскага (Вялікабрытанія), Вольнага (Берлін) ун-таў. Аўтар манаграфій: «Агульнаславянскія запазычаныя словы з германскіх моў» (1934), «Чужое ў мове балтыйскіх немцаў» (1936), «Курскае пытанне» (1939; пра мёртвы балт. дыялект), «Фінляндыя ў рускай літаратуры» (1943), «Поўнач у рускай літаратуры» (1947), «Англійскія і амерыканскія тыпы ў рускай літаратуры» (1964), «Руская гістарычная граматыка» (т. 1—3, 1963—75), артыкулаў па пытаннях этымалогіі.
А.Я.Супрун.
т. 8, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРСА́НАЎ (Аляксандр Трафімавіч) (27.8.1880, Старое Чыркава Хвалынскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 30.10.1941),
бел. вучоны-аграхімік. Д-р с.-г. н., праф. (1909). Скончыў Берлінскі с.-г. ін-т (1908). У 1913—25 кіраўнік Мінскай балотнай станцыі (з 1922 адначасова рэктар Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі); з 1931 у Глебавым ін-це АН СССР. Навук. працы па вывучэнні балотных масіваў Беларусі, вапнаванні і ўрадлівасці глеб. Аўтар метаду вызначэння даступнай (рухомай) формы фосфару для раслін у глебе.
Тв.:
К вопросам опытного изучения болот Полесья в целях культуры. Мн., 1914;
Известкование как фактор урожайности. 3 изд. М.; Л., 1931.
т. 8, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Анатоль Іванавіч) (28.12.1925, Мінск — 27.9.1986),
бел. мовазнавец. Брат Л.І.Кісялеўскага. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1963 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў (у 1968—75 прарэктар). Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, лексікаграфіі і тэрміналогіі. Аўтар працы «Мовы і метамовы энцыклапедый і тлумачальных слоўнікаў» (1977), «Лацінска-руска-беларускага батанічнага слоўніка» (1967), вучэбных дапаможнікаў па агульным мовазнаўстве. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79).
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАЗ (Ілья Сямёнавіч) (17.3.1922, г. Магілёў — 22.12.1980),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1939—41). З 1945 працаваў у перыяд. друку, у 1956—66 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1974 у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1940. Пісаў на бел. і рус. мовах. У яго аповесцях «Жарцы» (1955), «Злодзей» (1960), «Разбег» (1963) і нарысах — гіст. мінулае і сучаснае жыццё Беларусі, людзі незвычайных лёсаў. Аўтар гіст. рамана «Белая Русь» (1977).
Тв.:
Подснежники. Мн., 1959;
Каменных спраў майстар. Мн., 1971;
Заря вишнёвая. Мн., 1973;
Па Дзвіне на вёслах. Мн., 1975;
Потомству в пример. Мн., 1978.
т. 8, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЙБЕР, Клайбер (Kleiber) Эрых (5.8.1890, Вена — 27.1.1956), аўстрыйскі дырыжор. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе. З 1912 выступаў у гарадах Германіі. У 1923—35 генерал-музік-дырэктар Ням. дзярж. оперы ў Берліне. У 1930—32 выступаў з Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам. У 1935 эмігрыраваў. У 1936—49 гал. дырыжор т-ра «Калон» у Буэнас-Айрэсе. У 1954—55 узначальваў Дзярж. оперу ў Берліне. Інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Р.Штрауса; імкнуўся да максімальнага выяўлення аўтарскай задумы. Аўтар «Капрычыо», варыяцый і уверцюры для сімф. аркестра, канцэртаў для фп. і скрыпкі з аркестрам, камерных твораў, рамансаў.
т. 8, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Максім Аляксандравіч) (н. 21.10.1958, Мінск),
бел. пісьменнік. Сын А.Махнача. Скончыў БПІ (1980). Працаваў у час. «Бярозка», з 1995 — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Друкуецца з 1985. Аўтар дэтэктыўнай аповесці «Сцэнарый смерці» (1991), трылера «Каханка д’ябла» (1992, з М.Шайбаком), зб. аповесцей і навел «Мяжа па даляглядзе» (1994), пераказу Бібліі для дзяцей (1995, з Шайбаком), п’ес «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» (паст. 1993), «Чорны квадрат» (паст. 1995; абедзве з Шайбаком), сцэнарыяў маст. тэлефільмаў «У чаканні» (1995), «Апошняя роля» (1997, з У.Сцепаненкам) і дакумент. фільмаў. Творы К. вызначаюцца наватарскімі пошукамі, адметнай стылістыкай.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Святлана Міхайлаўна) (н. 26.8.1935, Мінск),
бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.
Тв.:
Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;
Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗЫРАЎ (Іван Сафронавіч) (22.6.1924, в. Пашына Дзямідаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 5.11.1992),
бел. мовазнавец. Д-р філал, н. (1971), праф. (1973). Скончыў Арлоўскі пед. ін-т (1950), з 1953 працаваў у ім. У 1973—88 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў параўнальна-гіст. лексікалогію рус. і бел. моў: манаграфіі «Нарысы па параўнальна-гістарычнай лексікалогіі рускай і беларускай моў» (1970), «Фарміраванне слоўнікавых саставаў рускай і беларускай моў: Саматычная лексіка» (1983). Аўтар вучэбных дапаможнікаў для пед. ін-таў «Сучасная руская мова: Фразеалогія, лексікаграфія» (1979), «Пытанні параўнальна-гістарычнай лексікалогіі рускай і беларускай моў» (1980) і інш.
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАЎ (Мітрафан Аляксеевіч) (1839, г. Дзмітрыеў-Льгоўскі Курскай вобл., Расія — 26.1.1881),
рускі філолаг, педагог. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Скончыў Харкаўскі ун-т (1865). Выкладаў рус. л-ру і стараслав. мову ў гімназіях Сімферопаля, Таганрога, Адэсы. З 1871 у Варшаўскім ун-це (з 1878 праф.). Аўтар манаграфій «Нарыс гісторыі гукаў і форм рускай мовы з XI да XII ст.» (1872), «Агляд гукавых і фармальных асаблівасцей народнай рускай мовы» (1878), вучэбных дапаможнікаў «Стараславянская граматыка» (1868), «Тэорыя паэзіі» (1870), артыкулаў па стараслав. мове, стараж.-рус. мове і л-ры, рус. фальклоры, паэтыцы ўсх. славян.
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЫЧАЎ (Восіп Якаўлевіч) (16.5.1904, г. Адэса, Украіна — 5.1.1973),
расійскі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1920. У зб-ках паэзіі «Ля Чорнага мора» (1935), «Наша зямля» (1955), «Захады і світанні» (1957), «Закон вясны» (1962), «Карані і кроны» (1973) услаўляў стваральную працу людзей, іх мужнасць у барацьбе з ворагамі, апяваў родную прыроду. Аўтар тэкстаў шматлікіх песень (зб. «Кулямётная стужка», 1938). Я.Купалу прысвяціў паэму «Беларуская быль» (1950), напісаў пра яго ўспаміны «Незвычайная задушэўнасць» (у кн. «Такі ён быў», 1975). Пераклаў на рус. мову асобныя творы Я.Купалы, А.Александровіча, П.Броўкі, М.Танка, М.Чарота і інш.
Тв.:
Избр. лирика. М., 1974.
т. 8, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)