ПЯТРО́ЎСКІ Раймонд Генрыхавіч (н. 17.8.1922, ст. Рубежная Луганскай вобл., Украіна),
бел. і рас. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1964), праф. (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944), з 1944 працаваў у ім. З 1956 у Малдаўскай АН, з 1958 у Ленінградскім аддзяленні Ін-та мовазнаўства Рас.АН, з 1964 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1966 у Рас.пед. ун-це імя А.І.Герцэна. Даследуе праблемы тэарэт. лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, інж. лінгвістыкі, лінгвадыдактыкі. Аўтар кн. «Мадэліраванне фаналагічных сістэм і метады іх параўнання» (1966), «Інжынерная лінгвістыка і тэорыя мовы» (1979), «Тэкст — камп’ютэр — чалавек» (1984) і інш.
Тв.:
Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982 (разам з М.М.Лясохіным, К.Ф.Лук’яненкавым);
Методы автоматического анализа и синтеза текста. Мн., 1985 (у сааўт.);
Лингвистический автомат и его речемыслительное обоснование. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНШО́Н (Planchon) Ражэ (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн.ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
прыродная складаючая ч. асяроддзя існавання і вытв. дзейнасці чалавецтва; частка навакольнага асяроддзя. Уключае сукупнасць прыродных і змененых чалавечай дзейнасцю аб’ектаў жывой і нежывой прыроды, якія часткова або поўнасцю захавалі ўласцівасць самаразвіцця (напр., лясныя высечкі, аблогі, часткова знішчаныя папуляцыі дзікіх жывёл). П.а. не залежыць ад непасрэднага кантакту з чалавекам, можа разглядацца ў адносінах да жывёл, раслін і інш. Блізкае да П.а. ў вял. маштабе паняцце геаграфічнага асяроддзя. Існуюць таксама паняцці вонкавае асяроддзе (сілы і з’явы прыроды, яе рэчыва і прастора, дзейнасць чалавека, якія знаходзяцца па-за разглядаемым аб’ектам, аднак узаемадзейнічаюць з ім) і экалагічнае асяроддзе (у дачыненні толькі да жывых істот). Мадыфікацыі П.а., створаныя людзьмі (гасп. зямельныя ўгоддзі, зялёныя насаджэнні, с.-г. жывёлы і інш.), наз.асяроддзем развіцця. Яно не здольна самападтрымлівацца і без рэгулявальнага ўздзеяння чалавека паступова разбураецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬСА́ЦЫІ ЗО́РАК,
рэгулярныя ваганні памераў зорак з прычыны змены ціску і т-ры ў іх нетрах. Абумоўліваюць змену бляску многіх пераменных зорак — цэфеід, мірыд і інш.
Праяўляюцца на позніх этапах эвалюцыі зорак. У нетрах нармальнай зоркі вадарод ператвараецца ў гелій. Калі вадароду становіцца недастаткова для працякання рэакцыі, гравітацыйная сіла нарастае і зорка сціскаецца, у ядры ствараюцца ўмовы для ператварэння гелію ў вуглярод. На гэтай стадыі памеры зоркі павялічваюцца, яна пераходзіць у вобласць чырв.гігантаў. У вонкавых слаях працягваецца ператварэнне вадароду ў гелій. Нейтральны гелій непразрысты для ультрафіялетавага выпрамянення зоркі, якое паглынаецца ім, і газ іанізуецца. Іанізаваны гелій прапускае выпрамяненне, што выходзіць з унутр. слаёў зоркі. Гэта прыводзіць да ахаладжэння і сціскання зоркі, гелій зноў становіцца нейтральным і працэс паўтараецца.
Літ.:
Кокс Дж.П. Теория звездных пульсаций: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙЛ (Ryle) Марцін (27.9.1918, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 14.10.1984),
англійскі радыёастраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952), Нац.АН ЗША (1975). Замежны чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і л-ры (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970), АНСССР (1971). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939). З 1945 у Кембрыджскім ун-це (з 1957 праф.), у 1957—82 дырэктар Малардскай радыёастр. абсерваторыі. У 1972—82 на пасадзе Каралеўскага астранома. Навук. працы па вывучэнні радыёвыпрамянення Сонца, ідэнтыфікацыі квазараў, статыст. аналізе радыёкрыніц у Сусвеце, касмалогіі. Стварыў першы радыёінтэрферометр (1946, разам з Дж.Позі). Пры дапамозе пабудаванага ім двухантэннага радыётэлескопа даследаваў вял. ўчастак неба і адкрыў 5 тыс. радыёкрыніц (1957). Прапанаваў метад апертурнага сінтэзу. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Э.Х’юішам).
Тв.:
Рус.пер. — Радиотелескопы с большой разрешающей силой // Успехи физ. наук. 1975. Т. 117, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТНІКАЎ Генадзь Васілевіч (н. 15.1.1935, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1968). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1958), у 1969—72 выкладаў у ім. У 1961—69 і з 1975 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, з 1977 адначасова выкладае ў Бел.АМ. Даследуе гісторыю бел. сучаснага кіно, эстэтыку маст. вобраза і псіхалогію кінатворчасці. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Жыццё на сцэне» (1964, з У.Няфёдам), «Абавязак памяці» (1983).
Тв.:
История белорусского кино. (Ч. 1—2). Мн., 1969—70 (у сааўт.);
На экране — Великая Отечественная // Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Основы киноискусства. 2 изд. Мн., 1985 (разам з В.Ф.Нячай);
Современная белорусская литература и кино // Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),
адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НСНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
электрамагнітнае выпрамяненне, вылучанае сістэмай зарадаў (напр., атамам), з частатой, роўнай частаце ўзбуджальнага выпрамянення. Назіраецца пры пэўных умовах, напр., у разрэджаных газах, замарожаных растворах. Адкрыта Р.Вудам (1905) пры даследаваннях пары натрыю.
Для ўзбуджэння Р.в. атам (ці інш. сістэму звязаных зарадаў) абпрамяняюць, напр., святлом пэўнай частаты. Пры паглынанні кванта святла атам пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры спантанным вяртанні з якога ў асн. стан адбываюцца Р.в., — атам выпрамяняе квант святла той жа частаты і ў спектры выпрамянення выяўляецца рэзанансная лінія. Пры ўзаемадзеянні атамнага ядра з гама-выпрамяненнем назіраецца Р.в. гама-квантаў. Р.в. заўсёды палярызавана, пры гэтым ступень і характар палярызацыі вызначаецца характарам палярызацыі ўзбуджальнага выпрамянення, напрамкам назірання, уласцівасцямі выпрамяняльнага аб’екта, наяўнасцю ў ім дамешкаў, знешняга магн. поля (найб. адчувальна; у эксперыментах неабходна ўлічваць магн. поле Зямлі). Гл. таксама Вымушанае выпрамяненне, Квантавы генератар.
шах Ірана [1925—41], заснавальнік дынастыі Пехлеві. Служыў афіцэрам у перс. Казацкай брыгадзе. 21.2.1921 на чале групы перс. казакоў здзейсніў дзярж. пераварот. У 1921—23 ваен. міністр, у 1923—25 прэм’ер-міністр Ірана. Дамогся адхілення ад улады апошняга правіцеля з Каджарскай дынастыі — Ахмад-шаха (кастр. 1925) і 12.12.1925 абвясціў сябе шахам Ірана. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. судовую, ваен., адукацыі, адмяніў прывілеі іншаземцам, прыняў меры па эмансіпацыі жанчын. У эканам. галіне падтрымліваў развіццё нац. прам-сці, пры ім пабудавана Трансіранская чыгунка. Адначасова ўсталяваў рэжым уласнай дыктатуры, жорстка душыў апазіцыю. У пач. 1940-х г. праводзіў курс на супрацоўніцтва з Германіяй, што прывяло да ўступлення ў Іран у жн. 1941 сав. і брыт. войск. Быў вымушаны адмовіцца ад прастола на карысць свайго сына Мухамеда Рэза Пехлеві. Высланы англічанамі ў Паўд. Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРА́ЦЫІ (ад лац. reparatio аднаўленне),
адна з форм матэрыяльнай адказнасці суб’екта міжнар. права за шкоду, прычыненую імінш. суб’екту міжнар. права ў выніку міжнар. правапарушэння. Выплата Р. можа рабіцца натурай, у выглядзе грашовай або інш. матэрыяльнай кампенсацыі або адначасова рэстытуцыі і кампенсацыі шкоды. Р. адрозніваюць ад кантрыбуцыі — даніны пераможцу ў вайне, якая існавала на практыцы да 1919. Напр., у Версальскім мірным дагаворы 1919 ужо гаворыцца толькі пра Р. як форму кампенсацыі шкоды, нанесенай Германіяй і яе саюзнікамі ў ходзе 1-й сусв. вайны 1914—18. У адпаведнасці з сучасным міжнар. правам прынцыпова важнае значэнне мае матэрыяльная адказнасць дзяржавы за развязванне ёю агрэсіўнай вайны, г. зн. ваенная Р. Так, у рашэннях Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі 1945 прадугледжвалася выплата Р. Германіяй, а ў мірных дагаворах 1947 — выплата Р. дзяржавамі — былымі саюзнікамі Германіі ў 2-й сусв. вайне.