КВАДРАТУ́РНАЯ ФО́РМУЛА,

формула набліжанага вылічэння вызначанага інтэграла. Падынтэгральная функцыя замяняецца адпаведным інтэрпаляцыйным паліномам (гл. Інтэрпаляцыйная формула) і тым самым вылічэнне інтэграла зводзіцца да вылічэння т. зв. квадратурнай сумы (гл. Набліжанае інтэграванне).

Найб. пашыраная К.ф. віду a b p(x) 𝑓(x) dx i=1 n   Ci 𝑓(xi) , у левай частцы якой інтэграл, што падлягае вылічэнню. Падынтэгральная функцыя запісана як здабытак дзвюх функцый. Функцыя p(x) лічыцца фіксаванай для дадзенай К.ф. і наз. вагавой функцыяй. Сума ў правай частцы наз. квадратурнай сумай, дзе xi — вузлы, Ci — каэфіцыенты К.ф. (значэнні вузлоў і каэфіцыентаў бяруцца з табліц). На Беларусі даследаванні па тэорыі К.ф. распачаты ў 1956 у Ін-це матэматыкі Нац. АН.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці,

Вялікая маці багоў, фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́НІ, кітаі,

саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст. імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.

Літ.:

Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;

Пиков Г.Г. Западные кидани. Новосибирск, 1989.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЖА́Л (араб.),

клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.

Літ.:

Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

Ю.​М.​Бохан.

Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ВЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ.

Існавала 1843—1919 на тэр. Літвы і Беларусі Цэнтр — г. Коўна (Каўнас). Утворана 1.7.1843 паводле ўказа «Аб пераўтварэнні паўночна-заходніх губерняў» ад 18.12.1842. Да 1912 уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Складалася з 7 паветаў, якія раней уваходзілі ў Віленскую губ.: Вількамірскі, Ковенскі, Новааляксандраўскі (Браслаўскі), Панявежскі, Расіенскі, Цяльшэўскі, Шавельскі. Пл. 35 712 кв. вёрст. Паводле перапісу 1897 нас. 1544,6 тыс. чал., з іх 66% літоўцы, 9% палякі, 4,7% рускія, 2,3% латышы, 2% беларусы. Асн. маса беларусаў жыла ў Новааляксандраўскім пав., дзе яна складала 16,8%. У 1919 асн. частка К.г. адышла да Літвы, а ўсх. з г. Браслаў і Відзы акупіравана Польшчай і ў 1922—39 уваходзіла ў Віленскае ваяводства.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДА (італьян. coda ад лац. cauda хвост),

1) у музыцы — дадатковы, заключны раздзел у муз. творы ці ў яго самаст. частцы, дзе канчаткова замацоўваецца гал. танальнасць і абагульняецца тэматычны матэрыял. Часам у К. далей распрацоўваюцца асн. тэмы твора і ўводзяцца новыя. Звычайна К. пачынаецца пасля заключнай кадэнцыі.

2) У паэтыцы — звышсхемныя дадатковыя словы ці радкі ў цвёрдых формах верша, напр. у санеце — больш за 14 радкоў, у трыялеце — за 8. У шырокім значэнні — заключная ч. складанай страфы, якая адрозніваецца ад асноўнай размяшчэннем рыфмаў, колькасцю стоп ці інш. прыкметамі. Звычайна К. — найб. важныя па думцы выказванні, што канцэнтруюць асн. сэнс папярэдніх радкоў, таму яны часта набываюць сцісласць і дакладнасць афарызма (у К. нярэдка знаходзіцца пуант).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СА ((Cossa) Франчэска дэль) (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.​Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).

Ф. дэль Коса. Дабравешчанне. Каля 1473.

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́КАВЫ,

расійскія рэвалюцыянеры-дзекабрысты, браты. Сыны ніжагародскага губернатара А.​С.​Крукава (п. 1844).

Аляксандр Аляксандравіч (студз. 1793 — жн. 1866) — паручнік (1817), калежскі рэгістратар (1858). З 1812 на вайск. службе. Удзельнік замежных паходаў рас. арміі 1813 і 1814. Чл. «Саюза дабрабыту» (1820) і «Паўднёвага таварыства» (з 1821). Арыштаваны ў г. Тульчын у снеж. 1825. Адбываў катаргу і пасяленне ў Сібіры, у 1856 амнісціраваны. З 1865 у Бруселі, дзе і памёр. Мікалай Аляксандравіч (1800—11.6.1854) — паручнік (1822). З 1819 у арміі. Чл. «Саюза дабрабыту» (1820) і «Паўд. т-ва» (з 1821), прыхільнік ідэй і памочнік П.І.Песцеля. Арыштаваны ў г. Тульчын у снеж. 1825. Памёр у ссылцы ў г. Мінусінск.

Літ.:

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (4.11.1871, каля Варшавы — 13.9.1917),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча і Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—11 у Гал. штабе і Гал. упраўленні Генштаба. У 1-ю сусв. вайну пры штабе 2-й арміі, з сак. 1915 камандаваў Усурыйскай коннай брыгадай, з крас. 1917—3-м конным корпусам. Кантактаваў з партыяй акцябрыстаў. У час Карнілава мяцяжу 1917 на чале 3-га коннага корпуса накіраваны Стаўкай Вярх. камандавання рас. арміі (знаходзілася ў Магілёве) на Петраград. Пасля адмовы вайскоўцаў корпуса наступаць супраць рэв. сіл прыбыў для тлумачэнняў А.Ф.Керанскаму ў Петраград, дзе пасля аддачы загаду аб яго арышце застрэліўся.

т. 8, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛО́НА ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў электрастатыкі, які вызначае сілу ўзаемадзеяння паміж двума кропкавымі зарадамі (гл. Зарад электрычны). Устаноўлены ў 1785 Ш.А.Кулонам і незалежна Г.Кавендышам (яго працы апублікаваны ў 1879) і з’яўляецца эксперым. абгрунтаваннем класічнай электрадынамікі.

Паводле К.з. 2 кропкавыя задачы q1 і q2 узаемадзейнічаюць у вакууме з сілай F, модуль якой прама прапарцыянальны здабытку гэтых зарадаў і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці г паміж імі: F = kq1q2/r​2, дзе k = 1/4πε0, ε0электрычная пастаянная. Сіла накіравана ўздоўж прамой, што злучае зарады, і адпавядае прыцягненню рознаіменных зарадаў і адштурхоўванню аднайменных. Калі ўзаемадзейныя зарады знаходзяцца ў аднародным дыэлектрыку з дыэлектрычнай пранікальнасцю ε, сіла іх узаемадзеяння змяншаецца ў ε разоў. Абагульненне К.з. прыводзіць да Гаўса тэарэмы.

т. 9, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)