ФАЛЬСІФІКА́ЦЫЯ (сярэднелац. falsificatio падробка),

1) падробка чаго-небудзь, скажэнне, падмена сапраўднага лжывым, уяўным.

2) Змяненне з карыслівай мэтай якасці прадметаў збыту ў бок іх пагаршэння пры захаванні знешняга выгляду.

3) Падробка, падробленая рэч, што выдаецца за сапраўдную. Крымінальнае права Рэспублікі Беларусь, акрамя такога небяспечнага віду Ф., як фальшываманецтва, вылучае таксама і інш. яе разнастайнасці, якія праследуюцца ў законным парадку (напр., Ф. сродкаў вымярэння, падробка знакаў паштовай аплаты, праязных і інш. дакументаў, падробка штампаў, пячатак, бланкаў і да т.п.).

т. 16, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАХД ібн Абд аль-Азіз ас-Сауд (н. 1920, Эр-Рыяд),

кароль Саудаўскай Аравіі. Скончыў ун-т Абд аль-Азіза (1975), Ісламскі ун-т імама Мухамеда ібн Сауда (1982). У 1953—62 міністр адукацыі, у 1962—75 — унутр. спраў, з 1967—2-і нам., у 1975—82 — ł-ы нам. прэм’ер-міністра Саудаўскай Аравіі. З 13.6.1982 кароль Саудаўскай Аравіі, адначасова галоўнакамандуючы яе Узбр. сіламі і Вярх. суддзя. У 1986 прыняў тытул «Слуга дзвюх святынь» (Меккі і Медыны).

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́ВІІ (Flavii),

дынастыя рымскіх імператараў у 69—96, да якой належалі яе заснавальнік Ціт Флавій Веспасіян [69—79) і яго сыны Ціт [79—81] і Даміцыян [81—96]. У часы іх праўлення завершана Іудзейская вайна 66—73, падаўлена паўстанне Цывіліса ў Галіі (69—70), вяліся войны з дакамі; больш шырока распаўсюджвалася рым. і лац. грамадзянства на правінцыялаў, прадстаўнікі Галіі, Іспаніі і шэрагу інш. правінцый былі ўведзены ў сенат і саслоўе коннікаў. Палітыка Ф. адлюстроўвала інтарэсы муніцыпальнай знаці Італіі і правінцый, што падчас супярэчыла інтарэсам рым. сената.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛУАРЭСЦЭ́НЦЫЯ (ад назвы мінералу флюарыт),

кароткачасовая люмінесцэнцыя. Час затухання не перавышае 10​−8 с пасля спынення ўзбуджэння. Узнікае ў выніку спантанных пераходаў узбуджаных атамаў (малекул) у нармальны стан. Апісаў і даследаваў Дж.Г.Стокс.

Спектры Ф., яе палярызацыя і кінетыка звязаны са структурай і сіметрыяй малекул. характарам іх узаемадзеяння, залежаць ад канцэнтрацыі раствораў, віду ўзбуджэння і інш. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні структуры крышталёў і эксітонных працэсаў у іх, энергет. узроўняў малекул, іх структуры і ўзаемадзеянняў і інш. Гл. таксама Люмінесцэнтны аналіз.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ ВІЛЬГЕ́ЛЬМ (Friedrich Wilhelm), Вялікі курфюрст (16.2.1620, Берлін — 9.5.1688),

курфюрст Брандэнбурга [1640—88]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын курфюрста Георга Вільгельма, бацька Фрыдрыха I (кароль Прусіі ў 1701—13). Выхаваны кальвіністам, намагаўся пашырыць гэтую рэліг. плынь у Брандэнбургу. Заклаў асновы будучай магутнасці (з пач. 18 ст.) Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (праз стварэнне рэгулярнага войска, гасп. меркантылізм і інш.), умацаваў яе знешнепаліт. становішча паводле Аліўскага міру 1660 і Вестфальскага міру 1648. З 1685 дазваляў сяліцца ў Брандэнбургу прагнаным з Францыі гугенотам.

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЙМАН, Фрэймане [Freimane; сапр. Пастэрнак (Pasternak)] Лідзія (н. 6.4.1920, г.п. Дандушэнь, Малдова), латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1970). Скончыла студыю пры Т-ры драмы Латвіі (1947). З 1947 у Нац. т-ры Латвіі. Яе мастацтва вызначаецца знешняй стрыманасцю ў спалучэнні з унутр. драматызмам. Сярод роляў: Аніта («Сын рыбака» В.​Лаціса), Ошу Ганна («Зямля зялёная» А.​Упіта), Надзея («Варвары» М.​Горкага), Федра («Федра» Дж.​Расіна), Стэла («Мілы лгун» Дж.​Кілці) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМУРА́ПІ,

цар Вавілоніі

[1792—1750 да н.э.],

з імем якога звязана яе ўзвышэнне. З амарэйскай дынастыі. Умелы палітык і палкаводзец, Х. пры дапамозе ваен. сілы і дыпламатыі на працягу 35 гадоў падпарадкаваў тэр. Асірыі, паўд. і сярэднюю часткі Месапатаміі. Пры Х. Вавілонія дасягнула найвыш. эканам. і паліт. магутнасці; працягваўся рост таварна-грашовых адносін, цэнтралізацыя дзяржавы і ўмацаванне царскай улады, аб чым сведчаць выдадзеныя ім каля 1760 да н.э. Хамурапі законы (знойдзены ў 1901—02 пры раскопках г. Сузы).

т. 16, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЯ МЕЛІЯРА́ЦЫЯ,

паляпшэнне хім. і фіз. стану глебы ўнясеннем хім. рэчываў з мэтай стварэння спрыяльных умоў для інтэнсіўнага развіцця с.-г. культур; адзін з відаў с.-г. меліярацыі.

Характар Хм. вызначаюць колькасцю макра- і мікраўгнаенняў у глебе, яе кіслотнасцю, шчолачнасцю ці засоленасцю, узроўнем біял. актыўнасці, патрэбнасцю раслін у мінер. солях. Рознымі відамі Х.м. рэгулююць колькасць у глебе солей (унясенне мінер. угнаенняў, гіпсаванне глебы) і кіслот (вапнаванне глебы), паляпшаюць структуру глебы, праводзяць сан.-дэзінфекцыйную апрацоўку палёў пестыцыдамі.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІТ (Heath) Эдуард Рычард Джордж (н. 9.7.1916, Бродстэрс, Вялікабрытанія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. З 1950 дэп. парламента ад Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі, у 1965—75 яе лідэр. У 1959—64 неаднаразова міністр, у 1970—74 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Х. імкнуўся абмежаваць правы рабочых на забастоўкі, падпісаў Дагавор аб забароне размяшчэння ядзернай зброі на марскім дне (1971), увёў прамое кіраванне Паўночнай Ірландыяй з Лондана (1972), дамогся ўступлення Вялікабрытаніі ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць (1973).

т. 17, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМІ́ЛІНА Ірына Міхайлаўна (н. 3.12.1956, Мінск),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю (1980, кл. Р.Шаршэўскага). З 1982 салістка Бел. філармоніі. Яе выкананне вылучаецца віртуознасцю, удумлівасцю ў інтэрпрэтацыі муз. першакрыніцы. У рэпертуары пераважаюць творы класікі і сучасных кампазітараў. Першая выканаўца шматлікіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. санаты і цыкла фп. п’ес Л.​Абеліёвіча (прысвечаны ёй). Лаўрэат Рэсп. і Міжрэсп. (Талін, абодва 1976) конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

В.​П.​Пракапцова.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)