Збіраюць і захоўваюць розныя матэрыялы па гісторыі т-ра. Існуюць як самаст. структуры (Цэнтр тэатр. музей імя А.Бахрушына, Музей муз. культуры імя М.Глінкі ў Маскве, Тэатр. музей у С.-Пецярбургу і інш.), пры некат. буйных т-рах («Камеды Франсэз» і «Гранд-апера» ў Парыжы, «Кабукі» ў Токіо, «Ла Скала» ў Мілане, МХАТ, Вял. і Малым т-рах, Т-ры імя Я.Вахтангава ў Маскве, Т-ры оперы і балета, Вял.драм. т-ры ў С.-Пецярбургу і інш.), а таксама мемар. музеі (Мемарыяльны музей У.Шэкспіра ў г.Страдфард-он-Эйван, Вялікабрытанія, К.Станіслаўскага, У.Неміровіча-Данчанкі ў Маскве і інш.), музеі-кватэры і мемар пакоі. Пры С.-Пецярбургскім цырку існуе адзіны ў свеце музей, які збірае матэрыялы па гісторыі і тэхніцы цыркавога мастацтва. На Беларусі дзейнічае Дзярж музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь (засн. ў 1990). М.т. існуюць таксама пры Бел. акад т-ры імя Я.Коласа, Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы, Нац.акад.Вял. т-ры оперы і балета Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЙ ((May) Уолтэр) (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),
англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, В.Лукша, С.Панізнік, Я.Семяжон, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;
У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.
Літ.:
Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАРЧУ́К (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.Каліноўскага, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.З.Царука, Героя Сац. Працы Я.І.Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.Летуном, У.Гоманавым, В.Цюрыным; 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах.Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКА-БРЭ́СЦКАЯ ЧЫГУ́НКА,
назва ў 1871—1912 чыг. лініі, якая звязвала Беларусь з цэнтрам Расіі і Зах. Еўропай. Пабудавана на падставе канцэсіі, зацверджанай царом 15.12.1869. У 1896 выкуплена ў акц.т-ва казной. Працягласць 1027 вёрст. Уводзілася ў эксплуатацыю асобнымі ўчасткамі: Масква—Смаленск (391 вярста, вер. 1870); Смаленск—Мінск—Брэст (636 вёрст, ліст. 1871). У пастаянную эксплуатацыю здадзена 29.11.1871. На Беларусі перакрыжоўвалася з чыгункамі: Пецярбургска-Адэскай (у Оршы), Лібава-Роменскай (у Мінску), Віленска-Ковенскай (у Баранавічах), Кіева-Брэсцкай (у Брэсце). У 1879 на ўчастку Смаленск—Брэст адкрыты 2-і пуць. У 1910 на магістралі былі 523 паравозы, 629 пасажырскіх і 6499 грузавых вагонаў, перавезена каля 5 млн. пасажыраў і 340 млн. пудоў грузаў; працавала 18 тыс. рабочых. Найбуйнейшыя чыг. вузлы Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст, гал. майстэрні ў Маскве і Мінску. Ў 1912 у гонар цара Аляксандра I перайменавана ў Аляксандраўскую. У 1921 зах. частка М.-Б. ч. адышла да Польшчы, сав. частка ў жн. 1922 уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАГА МА́Я,
міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 ў Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш.сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Конрад («Карсар» А.Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб.тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.Чайкоўскага (з Л.Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац.акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),
бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л.бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.