пераключальны элемент з некалькімі ўваходамі і адным выхадам, выхадны сігнал якога выяўляецца толькі пры наяўнасці ўсіх уваходных сігналаў. Выконвае аперацыю лагічнага множання (кан’юнкцыю). Вырабляецца на паўправадніковых дыёдах, транзістарах ці інтэгральных схемах. Асн. параметры: раздзяляльны час (найб. часавы зрух паміж уваходнымі сігналамі, пры якім яны ўспрымаюцца як адначасовыя), адчувальнасць, перыяд мёртвага часу (інтэрвал паміж паслядоўнымі спрацоўваннямі С.с.). Выкарыстоўваецца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы, радыётэхн. апаратуры. ядз. фізіцы (напр., супадзенняў метад) і інш.
Супадзенняў схема на транзістарах: Rн — агульная нагрузка; R — рэзістары і C — кандэнсатары ў ланцугах зрушэння; T1—Tn — транзістары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІНА́Т (Spinacia),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Якхарч. расліны вырошчваюць (у т. л. на Беларусі) Ш. агародны (S. oleraceae) і туркестанскі (S. turkestanica); часам дзічэюць і трапляюцца каля жылля.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 70 см. Лісце чаргаванае, трохвугольна-коп’епадобнае, суцэльнакрайняе, на доўгіх чаранках. Мужчынскія кветкі сабраны ў мяцёлку, жаночыя размешчаны ў пазухах лісця. Плод — арэшак. Лісце Ш. мае бялкі (34%, саступае толькі мясу), вугляводы, вітаміны C, групы B, карацін, солі жалеза і фосфару. Спажываецца свежым і кансерваваным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’Е́КТ (лац. subjectum),
філасофская катэгорыя, якая абазначае крыніцу актыўнасці, накіраваную на аб’ект, носьбіта прадметна-практычнай дзейнасці і пазнання (індывіда ці сац. групу). У гісторыі філасофіі тэрмін «С.» ужываўся ў розных сэнсах: якіндывід. быццё і матэрыя (Арыстоцель), нешта рэальнае, што існуе ў рэчах, супрацьлеглае аб’екту, які існуе толькі ў інтэлекце (схаластыка) і інш. Сучаснае разуменне паняцця «С.». звязана з вучэннем Р.Дэкарта, які разглядаў С. як актыўны пачатак у пазнавальным працэсе, што дазволіла ў далейшым вывучаць умовы, формы і суб’ектыўныя перадумовы гэтага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму крыніцу актыўнасці бачаць у самім С. Ў матэрыялізме С. разглядаецца як ізаляваны біял. індывід, які пасіўна адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць. Дыялект. матэрыялізм тлумачыць С. як прадукт гіст. развіцця і звязвае яго актыўнасць з матэрыяльна-пераўтваральнай дзейнасцю (гл.Суб’ектыўны фактар у гісторыі). У сацыялогіі С. — грамадства як самапазнавальная сац. сістэма, у вузкім сэнсе — асобныя людзі, групы, калектывы, якія арганізуюць і ажыццяўляюць працэс пазнання навакольнага асяроддзя з мэтай яго аналізу і тлумачэння. У сацыялогіі і філасофіі С. разглядаецца ў арган. адзінстве з аб’ектам. С. служыць крыніцай актыўнага пераўтварэння аб’екта, і ў той жа час з ускладненнем аб’екта (сац. з’яў, працэсаў) істотна мяняецца і сам С.: пашыраюцца межы яго дзейснасці, характар і кірункі пазнання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
тып агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае сістэматычнае вывучэнне грэч. і лац. моў, матэматыкі якгал. прадметаў. Узнікла ў Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння. Паводле сцвярджэння ням. педагога і даследчыка старажытнасці І.М.Геснера, толькі пры дапамозе К.а. стала магчымым пераадолець варварства сярэдневякоўя. У 19 ст.навуч. ўстановы з класічнай праграмай (гімназіі, ліцэі і інш.) былі асн. тыпам сярэдняй школы, якая рыхтавала да паступлення ва ун-т. На Беларусі К.а. давалі старэйшыя класічныя гімназіі: Мінская, Віцебская, Магілёўская, Слуцкая, Гродзенская. Без істотных змен К.а. захоўвалася ў Еўропе і Амерыцы да пач. 20 ст., калі паступова стала саступаць месца рэальнай адукацыі. У некаторых краінах (Вялікабрытанія, Германія) К.а. існуе як адзін з альтэрнатыўных кірункаў навучання ў сярэдняй школе. Сучасная тэорыя К.а. заснавана на псіхал. здольнасці пераносу ведаў і навыкаў, атрыманых у адной галіне, у любую іншую сферу чалавечай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧА́СЦЕ,
паняцце маральнага ўсведамлення, якое адпавядае ўнутр. задаволенасці чалавека ўмовамі свайго быцця, паўнаце і асэнсаванасці жыцця, ажыццяўленню свайго чалавечага прызначэння. У Стараж. Грэцыі першапачаткова Ш. (eudaimonia) атаясамлівалася з апекаваннем багоў. Эпікурэйцы (гл.Эпікурэізм) звязвалі Ш. з асалодай (геданізм), а стоікі — з дасягненнем унутр. свабоды, незалежнай ад абставін лёсу. Згодна з хрысц. вучэннем (Фама Аквінскі і інш.) забяспечыць Ш. можа толькі Бог. Для многіх філас. і этычных вучэнняў 20 ст. характэрна інтэрпрэтацыя Ш. ў экзістэнцыяльным плане, як суб’ектыўнае перажыванне чалавекам стану адзінства сутнасці і існавання. Феномену Ш. ўласцівы нарматыўна-каштоўнасны характар. Як і мара, Ш. з’яўляецца пачуццёва-эмацыянальнай формай ідэалу, але ў адрозненне ад яе ўяўляе сабой не абстрактны ўзор, а здзяйсненне імкненняў асобы. Адчуванне Ш. непарыўна звязана з забеспячэннем якасці жыцця асобы, уплывае на фарміраванне пэўнай жыццёвай пазіцыі. Гл. таксама Аптымізм і песімізм, Эўдэманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ТНАСЦЬ І З’Я́ВА,
філасофскія катэгорыі, якія адлюстроўваюць дыялектычна ўзаемазвязаныя, агульныя і неабходныя бакі ўсіх прадметаў і працэсаў аб’ектыўнай рэальнасці. Сутнасць уяўляе сабой сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей пэўнага прадмета, якія аб’ядноўваюць у адзінае цэлае яго істотныя рысы і тэндэнцыі развіцця, увасабляе якасную акрэсленасць пэўнай з’явы ці працэсу. З’ява служыць формай выяўлення сутнасці ў канкрэтных падзеях, знешніх уласцівасцях прадмета, якія даступны эмпірычнаму пазнанню, нясе ў сабе частковую, няпоўную інфармацыю пра законы, што фарміруюць сутнасць. Паняцці С. і з. цесна звязаны; аб’ектыўная сувязь паміж імі мае характар супярэчнасці дыялектычнай, калі адзін з бакоў пэўнага прадмета абумоўлівае існаванне інш. боку. Працэс пазнання чалавекам навакольнага асяроддзя ўяўляе сабой працэс пераходу мыслення ад разнастайнасці наяўных форм прадмета (з’ява) да іх унутр. зместу і адзінства (сутнасць).
У гісторыі філасофіі да разумення прыроды С. і з. існавалі розныя падыходы. У ант. філасофіі сутнасць разглядалася як крыніца існавання рэчаў, а з’ява — як бачны ілюзорны вобраз рэчаў. У сярэдневяковай філасофіі С. і з. рэзка супрацьпастаўляліся як божая (сапраўдная) рэальнасць і ілюзорнае зямное існаванне. І.Кант разумеў пад сутнасцю непазнавальную «рэч у сабе», а з’яву лічыў суб’ектыўным уяўленнем чалавека. Як дыялектычна звязаныя катэгорыі С. і з. разглядаў Гегель. У неапазітывізме абвяргаецца аб’ектыўнасць сутнасці і прызнаюцца рэальнымі толькі з’явы, у постпазітывізме сутнасць тлумачыцца яктэарэт. канструкт, неабходны для сістэматызацыі фактаў. У фенаменалогіі з’явы разглядаюцца як самавыяўляльнае быццё, а сутнасць — як ідэальнае ўтварэнне. У экзістэнцыялізме катэгорыя сутнасці выцясняецца паняццем існавання (гл.Сутнасць і існаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік у інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЙ (лац. Kalium),
K, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 19, ат. м. 39,0983, належыць да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 39K (93,259%), 41K (6,729%) і радыеактыўнага 40K. У зямной кары 2,41% па масе, трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл.Калійныя солі). Найважнейшы пажыўны элемент для раслін (гл.Калійныя ўгнаенні). Адкрыты ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. аль-калі — паташ.
Мяккі серабрыста-белы метал, tm 63,51 °C, шчыльн. 862,9 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. З вадой і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам і загараннем. Лёгка ўзаемадзейнічае з кіслародам паветра (утварае аксід K2O, пераксід K2O2, надпераксід KO2), галагенамі, пры награванні — з вадародам, халькагенамі, фосфарам, графітам (гл.Калію злучэнні). Не ўзаемадзейнічае з азотам. Захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер. масла. Атрымліваюць узаемадзеяннем метал. натрыю з расплавам калію гідраксіду ці хларыду KCl, электролізам расплаву KCl ці карбанату K2CO3. Выкарыстоўваюць як матэрыял электродаў у хім. крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах, сплаў К. і натрыю — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах. Пры кантакце выклікае моцныя апёкі скуры і слепату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСХАЛА́СТЫКА,
сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст.як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс, П.Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.Шэйблер і І.Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЫ́,
1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст.Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».
2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькіяк абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».
Літ.:
Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.