ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,

філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл. Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк. аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян. філосафаў Дж.Бруна, Дж.​Ваніні, П.​Пампанацы і інш.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЛКІН, Толкіен (Tolkien) Джон Рональд Руэл (3.1.1892, г. Блумфантэйн, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 2.9.1973), англійскі пісьменнік, вучоны-філолаг. У Англіі з 1895. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1911—14). З 1920 праф. Лідскага, з 1925 Оксфардскага ун-таў. Вядомасць прынесла казачна-гераічная эпапея «Валадар Кольцаў» (раманы «Брацтва Кальца», «Дзве крэпасці», абодва 1954; «Вяртанне караля», 1955; перапрацаванае выд. 1966; экранізаваны ў 2001), у якой праблемы гіст. лёсу чалавецтва, прыроды і шматаблічнасці зла, суадносін улады і дыктату. Эпічным сюжэтам і вобразам яго твораў адпавядаюць патэтычны стыль і насычанасць фантастыкай; у іх фалькл. вобразы суіснуюць з народжанымі ўласнай фантазіяй, у маст. тканку якой уплецены каламбуры, загадкі, шматсэнсавыя сімвалы. Аўтар аповесці-казкі «Хобіт, або Туды і назад» (1937), незавершаных твораў «Сільмарыліён» (выд. 1977), «Кніга згубленых паданняў» (выд. 1983—84). Апублікаваў манаграфіі пра Дж.​Чосера (1934), пра эпас «Беавульф» (1937), слоўнік сярэднеангл. мовы, зб. артыкулаў і эсэ «Дрэва і ліст» (1964).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. Тула, 1994.

Літ.:

Кошелев С.Л. Жанровая природа «Повелителя Колец» Дж.Р.​Р.​Толкина // Проблемы метода и жанра в зарубежной литературе. М., 1981. Вып. 6.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР АБСУ́РДУ,

адно з праяўленняў авангардызму ў зах. л-ры і т-ры 1950—60-х г. Заснавальнікі — С.​Бекет і Э.​І.​Іанеска (гл. таксама Абсурду драма). Паняцце «абсурд» прыйшло з філасофіі экзістэнцыялізму і асэнсоўвалася як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае сэнсу і лагічнай сувязі з тэкстам або сцэн, увасабленнем. Элементы Т.а. прасочваюцца ў тэатр. формах і традыцыях задоўга да ўзнікнення абсурду 1950-х г. (фарс, гратэскныя інтэрмедыі У.​Шэкспіра і т-ра рамантызму, камедыя дэль артэ і інш.). Эстэтычна абапіраецца на прынцыповы разрыў з мінулай традыцыяй — «антытэатр», які ўзнік як антытэзіс класіцысцкай драматургіі, эпічнай сістэме Б.​Брэхта і рэалізму нар. т-ра і змяшчаў пафас пратэсту супраць мяшчанскай рэчаіснасці і маралі. Абсурд існуе ў некалькіх праяўленнях: нігілістычны — тэкст не нясе ніякай інфармацыі (Іанеска, В.​Хільдэсхаймер); сатыр., асн. прыём якога — гратэск, пародыя (Ф.​Дзюрэнмат, Г.​Грас); як структурны прынцып адлюстравання сусветнага хаосу, негарманічнага вобраза чалавецтва (Бекет, А.​Адамаў). Атрымаў развіццё таксама ў творчасці драматургаў-абсурдыстаў В.​Гавела, С.​Мрожака, Ж.​Жэнэ, Х.​Пінтэра і інш. Уплывае на стыль сучасных твораў і пастановак.

т. 16, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

1) палітыка дзяржавы, накіраваная на ахову і аздараўленне навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне і ўзнаўленне прыродных рэсурсаў. Уключае захаванне і развіццё сацыясферы, якая забяспечвае нармальную жыццядзейнасць і экалагічную бяспеку чалавека. Э.п. павінна забяспечыць пераход чалавецтва да ўстойлівага развіцця. На сучасным этапе яна накіравана на захаванне стабільнасці спрыяльных параметраў жыцця. Аснова гэтага — стратэгія ўстойлівага развіцця, прынятая на канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі (Рыо-дэ-Жанейра, 1992).

2) Сукупнасць асн. прынцыпаў, намераў і абавязацельстваў прадпрыемства (арг-цыі), якія ствараюць аснову для распрацоўкі і ўстанаўлення ўласных экалагічных мэт і задач. Разглядаецца як першасны рухавік працэсу ўкаранення і развіцця, сродак паляпшэння сістэмы экалагічнага менеджменту ў арганізацыі. Э.п. павінна адлюстроўваць абавязацельствы вышэйшага кіраўніцтва ў адносінах да патрабаванняў заканадаўчых, нарматыўна-тэхн. і інш. актаў і прынцыпы яе паслядоўнага паляпшэння. Э.п. падлягае перыяд. ацэнцы, перагляду ў адпаведнасці са зменамі ў прыродзе і грамадстве і новай інфармацыяй. На Беларусі прававая аснова Э.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь; яе асн. палажэнні адлюстраваны ў Нац. стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі (1996).

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РФЕЛЬ (Werfel) Франц (10.9.1890, Прага — 26.8.1945),

аўстрыйскі пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст (цыкл «Сады горада Прагі», 1907). У зб-ках «Сябра свету» (1911), «Мы» (1913) адлюстраваў душэўны разлад і імкненне чалавека да гармоніі. Пачынаючы з драмы «Траянкі» (1913, перапрацоўка трагедыі Эўрыпіда), яго творчасць афарбавана ў тоны поўнай безвыходнасці і адначасова духоўнага стаіцызму. Трагічны разлад са светам абумовіў настрой зб-каў «Адзін аднаму» (1915), «Судны дзень» (1919), п’есы «Чалавек з люстра» (1920). У 1920-я г. звярнуўся да рэаліст. прозы: раманы «Вердзі: Раман оперы» (1924), «Сям’я з Неапаля» (1931), «Сорак дзён Муса-Дага» (1933, варыяцыі на тэмы Кнігі Зыходу); аповесць «Дом смутку», навелы «Смерць абывацеля», «Адчужэнне» (усе 1927). З 1938 у эміграцыі (Францыя, ЗША). Раман «Гімн Бернадэце» (1941) прасякнуты верай у чалавека і яго дабрыню, раман-антыутопія «Зорка ненароджаных» (выд. 1946) — трывожным роздумам над будучыняй чалавецтва. Вял. поспех мела п’еса «Якабоўскі і палкоўнік» (1944).

Тв.:

Рус. пер. — Верди: Роман оперы. М., 1962;

[Стихи] // Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988;

Сумерки человечества. М., 1990;

Сорок дней Муса-Дага: Роман. М., 1993.

Літ.:

Рудницкий М.Л. Верфель // История немецкой литературы. М., 1976. Т. 5.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІЛЁЎ Леў Мікалаевіч (1.10.1912, г. Пушкін, Расія — 16.6.1992),

рускі гісторык, географ. Сын М.С.Гумілёва і Г.А.Ахматавай. Д-р гіст. н. (1962), д-р геагр. н. (1974), акад. Пятроўскай АН і мастацтваў (1992), акад. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944). З 1956 працаваў у Эрмітажы, з 1962 у Ін-це геаграфіі пры Ленінградскім ун-це. Стварыў вучэнне пра чалавецтва і этнасы як біясац. сутнасці, абгрунтаваў права на жыццё этналогіі (раней у сав. навуцы адмаўлялася як умоўная і няпэўная); аўтар ідэі аб біяэнергет. дамінанце этнагенезу — пасіянарнасці, якую тлумачыў як падсвядомую біял. здольнасць людзей да звышнапружанняў. Прыхільнік еўразійства. Працы па гісторыі цюрк., манг., слав. і інш. народаў Еўразіі. У 1930—50-я г. рэпрэсіраваны, 14 гадоў правёў у месцах зняволення. Міжнар. фонд «Свет Л.​М.​Гумілёва» (Gumilev’s Word Fund) — незалежнае навук., выдавецкае, асв. і культ.-філас. аб’яднанне, з 1994 ажыццяўляе выпуск твораў «Свет Гумілёва» ў 20 т.

Тв.:

География этноса в исторический период. Л., 1990;

Из истории Евразии. М., 1993;

Этносфера: История людей и история природы. М., 1993;

Этногенез и биосфера земли. М., 1994;

От Руси к России. М., 1995.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),

умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт. гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый або нац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав. Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЦІНА,

адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання; адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.​Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́БНІК,

часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.

Літ.:

Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;

Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)