ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ (Павел Архіпавіч) (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял.Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1986—87.
Літ.:
Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;
Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІЧЭ́НКА (Леанід Мікалаевіч) (н. 31.3.1914, с. Русанаўка Ліпавадалінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
украінскі літаратуразнавец, крытык. Чл.-кар.АНУкраіны (1958). Д-рфілал.н. (1958). Скончыў Кіеўскі ун-т (1939). Друкуецца з 1938; Даследуе гісторыю ўкр. л-ры, яе ўзаемасувязі з інш., пераважна слав. л-рамі. Аўтар прац «Паэзія і рэвалюцыя» (1956), «Не ілюстрацыя — адкрыццё!» (1967, Дзярж. прэмія Украіны імя. Т.Шаўчэнкі 1968), «Жыццё як дзеянне» (1974), «Паэтычны свет Максіма Рыльскага (1910—1941)» (1980), «Тарас Шаўчэнка — паэт, змагар, чалавек» (1982) і інш. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі ўкраінскай літаратуры» (т. 1—8, 1967—71). У асобных артыкулах закранаў узаемаўплывы бел. і ўкр. пісьменнікаў, спецыфіку бел. прозы і паэзіі на прыкладзе твораў Я.Купалы, Я.Коласа, А.Адамовіча, Я.Брыля, З.Бядулі, А.Кулакоўскага, М.Лынькова, І.Мележа, П.Панчанкі, І.Шамякіна і інш.
Тв.:
Рус.пер. — О многообразии художественных форм и стилей в литературе социалистического реализма. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,
дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.
Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АНУкраіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад.АНУкраіны К.К.Хрэнава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,
акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш. Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс.чал.Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.
Літ.:
Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́Р (Алесь) (Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АНУкраіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял.Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.Кабржыцкая, У.Краўчанка, А.Кулакоўскі, І.Мележ, С.Міхальчук, Л.Салавей, В.Рагойша, А.Шарахоўская, У.Шахавец.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;
Бел.пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;
Тронка. Мн., 1974;
Твая зара. Мн., 1985.
Літ.:
Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,
рака на тэр.Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс.км², у межах Беларусі каля 10 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл.Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; праз р. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЫВА́ЦЕЛІ,
1) назва паўнапраўных грамадзян у прававых актах 16 ст. ў ВКЛ і Польшчы. У 17—18 ст. абывацелямі называлі шляхціцаў Рэчы Паспалітай, у 19 — пач. 20 ст. — памешчыкаў на тэр. Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.
2) У Рас. імперыі афіц. назва саслоўя гараджан, а таксама назва сталых жыхароў якой-н. мясцовасці.
3) Людзі, якія жывуць дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1986 у Брэсце на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай філармоніі. У складзе філармоніі (1996) камерны аркестр і ансамбль нар. інструментаў. Да 1995 існаваў дзіцячы муз.т-р «Трам». Сярод салістаў спевакі засл. арт. Расіі Б.Пяцюк і засл. арт.Украіны Ф.Богдан, баяніст лаўрэат міжнар. конкурсаў А.Пылік. Маст. кіраўнік — дырэктар філармоніі А.Мартыненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТУ́ЦІН (Мікалай Фёдаравіч) (16.12.1901, с. Чапухіно Белгародскай вобл., Расія — 15.4.1944),
савецкі ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1929), Акадэмію Генштаба (1937). У Вял.Айч. вайну нач. штаба шэрагу франтоў, нам.нач. Генштаба, каманд. войскамі Паўд.-Зах., Варонежскага і 1-га Укр. франтоў. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НТАЎТ (Вітольд Міхайлавіч) (7.3.1922, в. Слабадшчына Мінскага р-на — 25.10.1987),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, механік-вадзіцель танка. Удзельнік баёў на Калінінскім напрамку, пад Ржэвам, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, Румыніі, баёў у Германіі. Старшына Гінтаўт вызначыўся ў студз. 1944 ў баі пад Вінніцай (Украіна). З 1947 на гасп. рабоце.