ГАНЧА́Р Алесь
(Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял. Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.Кабржыцкая, У.Краўчанка, А.Кулакоўскі, І.Мележ, С.Міхальчук, Л.Салавей, В.Рагойша, А.Шарахоўская, У.Шахавец.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;
Бел. пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;
Тронка. Мн., 1974;
Твая зара. Мн., 1985.
Літ.:
Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;
Погрібній А. Слово про Олеся Гончара. Київ, 1988.
В.А.Чабаненка.
т. 5, с. 31