жанр сярэдневяковай рэлігійна-дыдактычнай драмы ў вершах, звычайна невял. памеру, сюжэт якой заснаваны на цудзе, здзейсненым святым ці Дзевай Марыяй. У Францыі вядомы з 13 ст., пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Прапагандаваў хрысц. мараль, аскетызм. З развіццём жанру рэліг. матывы выцясняліся, М. набываў свецкі характар, хоць агульная дыдактычная накіраванасць яго захоўвалася. На Беларусі існаваў у рэпертуары школьных т-раў у езуіцкіх калегіумах з канца 16 да сярэдзіны 18 ст. Паказы адбываліся ў Полацку, Віцебску, Навагрудку, Брэсце («Св. Ксаверы», «Св. Антоні Падуанскі») і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—144.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ШЕ У́ТРО»,
грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 20.5(2.6).1912 да 18(31). 7.1915 у Гродне на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і знешнюю палітыку ўрада, работу Дзярж. думы, грамадскае жыццё горада і губерні. Друкавала артыкулы на эканам., навук. і літ. тэмы, літ.-маст. агляды, рэцэнзіі на тэатр. пастаноўкі і муз. канцэрты, этнагр. матэрыялы, асвятляла пытанні бел.тэатра. Неаднаразова цярпела суд. ганенні і адм. спагнанні за крытыку палітыкі царызму. Адгукнулася на выданне твораў Л.Талстога, прыхільна ацэньвала творчасць М.Горкага, Л.Андрэева, М.Арцыбашава. Падтрымлівала новыя кірункі ў тэатр. мастацтве, творчасць К.Станіслаўскага. Крытыкавала мадэрнізм (футурызм, кубізм), палемізавала з рэакц. газетамі «Северо-западная жизнь» і «Минское слово».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСІСТРА́Т (Peisistratos; каля 600—527 да н.э.),
афінскі тыран у 560—527 да н.э. (з перапынкамі). Вызначыўся перамогамі ў 565 да н.э. ў вайне з Мегарай. Праводзіў палітыку ў інтарэсах сялян і гандл.-рамесніцкага насельніцтва; раздаваў сял. беднаце канфіскаваную ў эўпатрыдаў зямлю, арганізаваў дзярж. крэдыт на льготных умовах, увёў дзярж. дапамогу інвалідам вайны. Пры П. ўмацаваліся гандл. сувязі Афін з Фракіяй і Прычарнамор’ем, агульнадзярж. значэнне набылі культы Дэметры і Дыяніса; у Афінах пабудаваны храмы Афіны Палады і Апалона Піфейскага на Акропалі, новы рынак, водаправод, якім карысталіся да 18 ст., працягвалася будаўніцтва гавані Пірэй; былі запісаны і адрэдагаваны паэмы Гамера. З імем П. звязана ўзнікненне першага ў Грэцыі тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел.нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.Талстога, А.Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКІ ТЭА́ТР САПЕ́ГАЎ,
прыватны тэатр. Існаваў у 1765—91. Налічваў «60 артыстаў і танцоўшчыкаў». Меў муз.-оперную школу, капэлы у Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Зэльве; 40 музыкантаў «пры бубнах і трубах». У ім працавалі М.Пранчынскі як танцоўшчык, балетмайстар і пастаноўшчык («Літасцівасць Ціта», паст. 1784), К.Чыпрыяні (з 1775) як капельмайстар і кампазітар, а таксама навучаў ігры на скрыпцы прыгонных князя. Сярод вядомых пастановак т-ра: аднаактовая опера Ж.Русо «Вясковы чараўнік», балеты «Арынянка» і «Літасцівасць Ціта», камедыя Малінэ «Чароўнае дрэва». Т-р размяшчаўся ў Ружанскім палацавым комплексе.
Літ.:
Барышаў Г. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар.тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар.тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),
бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел.т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.Іванова), Малько («Далёкае» А.Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.
Літ.:
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;
Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
У.І.Няфёд.
У.М.Крыловіч.У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),
«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц.муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац.франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.Б.Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюка, Дж.Расіні, Дж.Меербера, Г.Берліёза, Г.Даніцэці, А.Адана, Ш.Гуно, Дж.Вердзі, Р.Вагнера, Ж.Маснэ, К.Сен-Санса, Л.Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц. кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.Дарсанваль, Л.Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.Ламуро, Э.Калон, П.Манцё, Р.Дэзарм’ер, Ш.Мюнш, Л.Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,
перайманне стараж.-рус. ці нар.рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.
Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв.рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.А.Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.М.Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.А.Гартмана, І.П.Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.
На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл.драм.тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.